Пакуль усе тры смерці не сыдуцца разам, ніхто не пераможа Віруса Шкодзю.
Прызнаўся ён каханай, што толькі праз кожныя трынаццаць гадоў і трынаццаць дзён збірае разам усе Працэсары, каб праверыць, як жывуць там ягоныя смерці. Зорнай ноччу робіць гэта, на вялікую поўню, калі месяц становіцца круглым, як абаранак.
- Наступная такая ноч акурат праз тыдзень мае быць, - кажа Шкодзя. – Тады я і пакажу табе мае таямніцы.
- Пасля таго і пра заручыны падумаем, - адказала каралеўна.
Пераможна ўсміхнуўся Вірус, рукі ад шчасця пацёр і ў сваю Вірусанію паляцеў.
А тут і зорная ноч з вялікай поўняй наступіла. З’явіўся Шкодзя да свае абранніцы. Мноства дарагіх падарункаў прывёз, шмат чароўных прылад. Але Віндусачка галоўнага чакае.
Бацька ж яе разам з вучонымі марна часу не губляў. Змайстравалі яны магутную лазерную стралу, якая любыя замкі адмыкае, самыя моцныя сховы адчыняе.
Пачаў Вірус паказваць каралеўне свае падарункі, багаццямі незлічонымі хваліцца. А ёй не церпіцца чароўныя Працэсары ўбачыць.
Пляснуў у далоні Шкодзя, і з Залатым Працэсарам з’явіўся Кашчэй Несмяротны. Другі раз пляснуў, і нядрэмны Акіянскі Цмок з Сярэбраным Працэсарам тут як тут.
Не выцерпелі сеціўцы, выпусцілі лазерную стралу. Трапіла яна ў Кашчэя. Мёртвым упаў ён на зямлю, ажно гул па сусвеце пайшоў.
Следам Цмок Акіянскі зваліўся, адно вадаспады бурлівыя ў азёрах завіравалі.
Магутная страла разрэзала Залаты і Сярэбраны Працэсары. Вылецелі адтуль дзве смерці, спалохана вакол каралеўны пакруціліся і за пазуху Віруса схаваліся.
Аднак дарэмна паспяшаліся сеціўцы. Не дачакаліся, пакуль Шкодзя здыме дыван-невідзімку з трэцяга Працэсара.
Сабраў Вірус усе свае сілы, схапіў ацалелы Працэсар і з дзвюма смерцямі пад пахай у чорны сусвет кулём паляцеў. Забыўся нават пра нявесту – абы самому жывым застацца.
Закінуў Шкодзя трэцюю смерць на самую далёкую ад Сонца планету. А для двух другіх новыя сховы збудаваў. Нікому пра іх не гаворыць. Замест ключоў коды спецыяльныя прыдумаў, у сваёй галаве трымае іх, нават самым давераным ахоўнікам не давярае.
Хоць і баіцца Вірус лазернай стралы, а паскуднічаць не перастаў. І дагэтуль нахабна помсціць сеціўцам за сваю абразу. Толькі з’яўляецца ў Сусветным Сеціве ў плашчы-невідзімцы. А справы свае чорныя стараецца таемна рабіць.
Сеціўцы ж да гэтай пары шукаюць надзейны спосаб барацьбы з назойлівым шкоднікам.
А ты гатовы ім дапамагчы?
БУНТ У КАРАЛЕЎСТВЕ
Аднойчы ў чароўным каралеўстве Сусветнае Сеціва адбылося неверагоднае здарэнне. Проста надзвычайнае. Ніколі нічога падобнага тут не чулі, не бачылі і бачыць не збіраліся.
Насуперак забароне караля Віндаўса Вялікага выбухнула гучная сварка. Заспрачаліся між сабой вышэйшыя асобы каралеўскага двара, якія жылі ў шыкоўным палацы, што завецца Галоўным Камп’ютэрам. Каралеўскія служкі пачалі запальчыва высвятляць, хто з іх важнейшы, хто больш патрэбны каралеўству, без каго не здолее існаваць Сусветнае Сеціва. Кожны сам сябе нахвальвае і падвышае, даказвае сваю выключнасць і незаменнасць.
І даўмецца не могуць высокія служкі, што гэта іх Вірус Шкодзя падбухторвае, на бяду штурхае. Іменна ён падсыпаў ім у ежу нябачных шкодных вірусянят. Гэта яны выклікаюць у служак сварлівасць і ганарыстасць, змушаюць не пагаджацца з думкай іншага.
І такое тут пачалося, што ні словам перадаць, ні вушам паверыць.
Памяць, як галоўная захавальніца ўсёй сеціўскай інфармацыі, ажно закіпела ад фанабэрыі:
- Я тут самая галоўная. Я. І колькі б вы ні пыжыліся, як бы ні надувалі шчокі, нічога без мяне не зробіце. Прызнайцеся, каму вы давяраеце свае сакрэты? Мне. Каго просіце захаваць іх, запісаць на магнітныя і аптычныя дыскі? Мяне. Дык хто тут самы важны?
Служкі двара не маглі вытрымаць такога нахабства нават ад Памяці. Хоць праўда, што без яе не ўключыш ніводнага камп’ютэра, не запусціш ніводную праграму. Але ж прызнаць яе перавагу, значыць, самім зганьбіць уласныя вартасці.
А Памяць распалілася яшчэ больш:
- Хіба забыліся, што толькі я валодаю генетычным кодам? А ён і ваша жыццё забяспечвае, і ўсяго каралеўства. Без гэтага вы ніхто, кучка бліскучых жалязяк.
- Не ўсе ж мы жалязякі, - пачуўся нясмелы голас, але Памяць нікога, акрамя сябе, не чула. – Ёсць яшчэ і пластык... – намагаўся даказаць справядлівасць ледзь чутны галасок. Але неўзабаве ён патануў у сварлівым гомане.
А Вірус Шкодзя сядзіць сабе ціхенька, за ўсім назірае і бязгучна смяецца. Але вірусянят падпускае ўсё больш і больш.