Думаў-думаў і дадумаўся. Паслаў ён сваіх вірусянят да Жучкоў-Караедаў. Каб паведамілі ім пра чароўны Клён, каб запрасілі жывой вадой паласавацца.
Тыя ж доўга ўпрошваць сябе не прымусілі. З першага слова ўсё зразумелі.
Настроілі Жучкі-Караеды свае лятальныя апараты і да чароўнага Клёна падаліся. Захацелася і ім маладзільнага соку пакаштаваць. Каб жыццё сваё шкадлівае прадоўжыць, а добрым сеціўцам бедаў як мага больш натварыць.
Вялікім натоўпам з’явіліся яны ў лясны шпіталь. Тут іх Вірус Шкодзя сустрэў нібы жаданых гасцей, як паводзіць сябе падказаў.
Пайшлі Караеды да Лісіцы. Толькі Лісіцын Камп’ютэр ніякай хваробы ў іх не знаходзіць. І так круціла Лісіца, і гэтак ставіла іх – нічога не паказвае Манітор Дысплеевіч.
Не раіць Камп’ютэр выдаваць Жучкам-Караедам чароўнае лякарства і ўсё тут. Лісіца таксама разумее, што Жучкі тады неўміручымі стануць, усе лясы, бары ды пушчы папсуюць-панішчаць.
Пачалі Караеды зацятую спрэчку з Лісіцай. Так прагне ім маладзільнага соку пакаштваць, што на ўсё гатовы.
А тут яшчэ і Вірус Шкодзя падбухторвае. Толькі таемна, каб не чула Лісіца, каб не даведаўся Маладзільны Клён.
Усё больш нахабнічаюць Караеды, пагражаюць напусціціь у Камп’ютэр прагавітых вірусаў, каб усе праграмы папсавалі.
Спалохалася Лісіца, насуперак камп’ютэрнай забароне дазволіла ім лячэбнага кляновіку напіцца.
Адзін за адным наваліліся Жучкі-Караеды на Маладзільны Клён. Нібыта чорная хмара атуліла дрэва. Кожны сваю адтуліну свідруе, смачны напой без меры смокча. Як ні махае галінамі Клён, як ні абараняецца, а не можа адагнаць пражорлівых Жучкоў.
Ад такой прагавітасці абяссілеў чароўны Клён. Пачаў губляць свае лячэбныя здольнасці. А рэшткі маладзільнага соку з тых адтулін дажджом пырскаюць, навокал рассяваюцца. Дзе кропля ўпадзе, там маладзенькі клёнік з зямлі прарастае.
Не падабаецца гэта Вірусу Шкодзі, хоча спыніць размнажэнне Клёна. Але як гэта зрабіць, не ведае.
Тым часам магутны бацька Клён і зусім зачах. Адно ў караедавых дзірках рыпучым голасам няспынна вецер свішча, ды дажджавыя слёзы коцяцца да зямлі. Кара пачала адвальвацца з дрэва.
Ад гэткай бяды ў вартаўніка Дзятла ажно галава пачырванела. Сорамна яму, што не збярог дзівоснае дрэва. Крыўдна, што пазбавіў лясных жыхароў чароўнага лякарства.
Адно Вірус Шкодзя радуецца: хоць такім чынам ды насаліў сеціўцам, папсаваў ім нервы, пазбавіў маладзільнай кляновай сілы.
Каб хоць як загладзіць сваю віну, кінуўся Дзяцел Караедаў лавіць. А яны па ўсім лесе разбегліся, пад кару пахаваліся.
Так да гэтага часу Дзяцел выцягвае іх з кожнага хворага дрэва. А сваім гучным стукам іншых шкоднікаў папярэджвае, каб на чужы лес не квапіліся, маладзенькіх дрэўцаў не псавалі.
Асцерагаецца трапіць пад моцную Дзятлаву дзюбу і Вірус Шкодзя. Таму забыўся пакуль дарогу ў гэтую светлую дуброву. У сваю Вірусанію паляцеў, каб там майстэрству шкодніцкаму падвучыцца.
ЯК ШКОДЗЯ ХАЦЕЎ КАРАЛЁМ СТАЦЬ
Нечаканы перапалох ахапіў жыхароў каралеўства Сусветнае Сеціва. Ніколі яшчэ не было, каб іхні кароль Віндаўс Вялікі выдаў гэткі неразумны ўказ.
Ніяк не могуць сеціўцы зразумець сэнс каралеўскага загаду. Але ў каго спытаеш, калі кароль разам з дачкой Віндусачкай паляцеў у госці да гаспадара адной з найдалёкіх планет. Мо каб жаніха знайсці для каралеўны.
Ягоныя ж служкі, што засталіся на гаспадарстве, і самі разгубіліся. Не могуць даўмецца, што азначае загад сабраць усе камп’ютэры Сеціва ля каралеўскага палаца. Дзеля чаго? Навошта? Здаецца, у такой жа разгубленасці і галоўны камп’ютэршчык Камп Кампавіч.
Хіба змесцяцца ўсе разумныя прыстасаванні на адной плошчы? Іх жа вунь колькі – не адно ў кожнай сям’і, а ў кожнага жыхара каралеўства. Ды і як аддаць тое, без чаго сеціўцы жыцця свайго не ўяўлялі?
І як заўсёды бывае, калі не хапае дакладнай інфармацыі, папаўзлі розныя чуткі, домыслы і здагадкі. А разам з імі пачала сеяцца паніка і страх. А гэта нават для такога заможнага каралеўства, як Сусветнае Сеціва, магло набыць незваротна разбуральны характар.
Вышэйшыя служкі караля пачалі думаць, як паправіць справу, каб не выпусціць з рук уладу.
- Трэба прыдумаць разумнае тлумачэнне і разаслаць па ўсіх камп’ютэрах, - казалі адны.
Але ім пярэчылі больш абачлівыя:
- Але ці можам мы адмяніць указ караля?
- Тады трэба неадкладна звязацца з каралём, - даводзілі самыя смелыя. – Неабходна высветліць, што ён меў на ўвазе.
Мо і разумная была тая прапанова, але хто ж самахоць захоча выклікаць на сувязь асабісты каралеўскі камп’ютэр.