Iо
Ах, гора, гора!
Ізноў востры боль мяне працінае
I мучаюць прыступы шалу,
I пякучым, як жалеза, джалам
Джаліць мяне авадзень!
Ад жаху стукае сэрца ў грудзях,
Вочы вылазяць з арбіт;
Вар’яцтва шалёная навальніца
Некуды гоніць мяне, язык мой нямее.
Патанае ў хвалях жахлівай хваробы
Маё збянтэжанае лапатанне...
Яна бяжыць прэч.
СТАСІМ ТРЭЦІ
Страфа
Мудры быў, надта мудры той,
Хто меў думку глыбока ў сэрцы і першы
Абвясціў красамоўна, што шлюб павінны
Роўны з роўнаю браць —
Бедным, гаротным не трэба імкнуцца
Мець у сваяцтве багатых, пыхлівых.
Антыстрафа
Хай у жыцці ніколі
Вашае наканаванне, о Мойры, мяне
Зеўсу ў абдымкі не аддасць
I жонкай не зробіць іншага сына нябёс.
Жахліва бачыць, як лютуе Гера —
Топчучы, катуючы, гонячы злосна
Іо, дзяўчыну юную, на пакуты.
Эпод
Вядома, нармальныя шлюбы бываюць між роўнымі —
Каб толькі, о любоў, высокі бог
Не зірнуў на мяне з палкасцю няўмольнаю!
Змаганне з тым немагчымае —
З яго няма карысці;
I што ўсё ж з гэтага будзе?
I як жа мне цяпер
Ад улады Зеўса ўцячы?
ЭКСАД
Праметэй
Пыхлівы Зеўс, але навучыцца і ён
Мякчэйшым быць: жаніцьба, да якой
Цяпер рыхтуецца ён, прынясе канец
Яго ўладарству і ягонай моцы.
I гэтак здзейсніцца пракляцце Крона,
З якім той ад улады адышоў.
Не скажа, партунак дзе яго.
Мне толькі ён вядомы аднаму.
А так — няхай упарціцца Зевес
I ганарыцца безліччу грымот
Ды стрэл агністых, што з нябёсаў ён
Шпурляць умее. Не засцеражэ
Яго ад страты трона больш нішто.
Я ж бачу, як суперніка сабе
Непераможнага рыхтуе ён,
Які агнём зырчэйшым пекане,
Грымотаю гучнейшай загрыміць,
Трызубец Пасейдонаў паламае,
Які трымаў у жаху ўсю зямлю,
Ды кіне ў мора. Так спазнае Зеўс,
Якая розніца існуе паміж тым,
Кіруеш ці адно слугуеш ты.
Xор
Ахвоту маеш прадказанні ты рабіць.
Праметэй
Прадказваю, чаго жадаю і што будзе.
Xор
Што, некалі ўладарства Зеўса скончыцца?
Праметэй
Цяжэй пакутваць будзе за мяне ён.
Xор
Ці словы гэткія казаць не страшна?