Калі табе зусім не здрадзіў розум,
Зрабі выснову ўсё ж з цяперашніх пакут.
Праметэй
Вось гэтак можаш гаварыць ты хвалям —
Не думай, што, каб вырваць Зеўса ўсмешку,
Я ганьбавць схачу душу сваю
Дурной пакораю і па-жаночы
Пачну заломваць рукі перад тым,
Каго я ненавіджу. Ды хутчэй
Вазьму я, несмяротны, ды памру!
Гермес
Я шмат казаў, ды ўсё, відаць, дарэмна:
Душа, што скалянела, не растане
Ад просьбаў, быццам жарабец, які
Кусае цуглі і адчайна рвецца з лейцаў;
Але ж упартасць і зацятасць анічога
Не вартыя — як мудрасці няма!
I ўсё ж падумай добра: калі ты
Не ўчуеш папярэджанняў маіх,
Якая навальніца бед, пакут страшнейшых
Цябе дасягне непазбежна. Зеўс
Ударыць бліскавіцаю з-за аблакоў
I на шмат частак разаб’е скалу,
Ў каменныя абдоймы цябе ўцісне
І, покуль зноў ты ўбачыш белы свет,
Ён знойдзе новых катаванняў шмат:
Арла — крылатага драпежніка
Свайго — пашле, каб ён ірваў
Кавалкі твайго цела; нібы госць
Няпрошаны, крывавай дзюбай
Тваю пячонку будзе працінаць...
I ўжо твае не скончацца пакуты,
Пакуль на тваё месца іншы бог
Не прыйдзе і не спусціцца
У змрок Аіда, у глыбокі Тартар.
Таму — падумай лепш яшчэ, бо тут —
Не пахвальба пустая: бацька Зеўс
Не хлусіў аніколі. Што сказаў,
Ён зробіць без сумневу. Дык ты ўзваж
Усё — й маіх не занядбай парад.
Xор
Здаецца нам, Гермес гаворыць мудр а
I ўсё да месца — каб не быў ты ўпарты
I да разумнага прыслухаўся;
Трымацца за памылкі — неразумна.
Праметэй
У тым, што гэты мне прарок прарочыць,
Нічога новага няма, і хіба дзіўна,
Што мусіць вораг ды ад ворага цярпець?
І я гатовы. Хай ён бліскавіцай
Усё запаліць навакол мяне; няхай
Яго грымоты страсянуць паветра
Ды ашалеюць дзікія вятры,
Ды навальніцы скалануць зямлю
Да самых найглыбейшых нетраў!
Няхай аж да нябеснай выгбы
Ды зор на ёй уздыме хвалі мора.
Няхай у Тартар змрочны Зеўс шпурне
Мяне сваёй непераможнай сілай —
Жыць буду я, нягледзячы на гэта!
Гермес
Ці ж словы гэтыя пра розум сведчаць?
Ці ўсё-такі я трызненне тут чую?
Ці лёсу будзе йшчэ наканавана
Яго вар’яцтва гэтае спыніць?
Вы ж, спачувальніцы яго бядзе,
Адсюль ідзіце ўжо як найхутчэй,
Бо неўзабаве ўдар грымот жахлівы
Ўсім розумам і сэрцам вы адчуеце!
Xор
Што-небудзь іншае ты нам парай —
Гэтыя ж словы тут не да месца;
Як можаш ты нас вучыць падступствам?
Тое стрываем мы, што і ён.
I здраду нас вучылі ненавідзець,
I з усіх заган, шго маюцца
На белым свеце,
Горшай за гэтую быць не можа.
Гермес
Ну, памятайце: я вас папярэджваў,
Калі вас навальніца, што ідзе ўжо,
Дасягне — вы тады не наракайце,
Што не чакалі Зеўсавага ўдару
I больш нікога ўжо не вінавацьце;
Вы ведалі пра гэта загадзя —
Не вінаваты дзённае святло
Ды час, што вы сябе заўзята
Заблытвалі ўвесь час у сетцы бедаў.
Гермес выходзіць. Чуюцца грымоты, грукатанне пад зямлёй.
Праметэй
Ну вось, ужо і не пагроза тое —
Ужо закалацілася зямля,
I загуло грымот глухое рэха;
Агні зазіхацелі бліскавіц,
Пыл узнімаецца віхурамі да неба,
Вятры на бітву між сабой выходзяць,
I мора ўзносіць хвалі да нябёс
Так, відавочна, сілай хоча Зеўс
Сваёй магутнаю мяне спалохаць.
Глядзіце ўсе — о матухна святая,
О той, што залівае ўсіх і ўсё
Святлом сваім — глядзіце ўсе, глядзіце,
Як мушу я цяпер несправядліва
Цярпець такія страшныя пакуты!
Праметэй правальваецца пад зямлю разам з кавалкам скалы, да якой ён быў прыкуты.
Сафокл
Антыгона
Пераклад Юльяна ДРЭЙЗІНА
(Новая рэдакцыя Л.Баршчэўскага)
Асобы: