Выбрать главу

КРЭОНТ, фіванскі цар

ЭЎРЫДЫКА, яго жонка

ГЕМАН, сын Крэонта, жаніх Антыгоны

АНТЫГОНА, пляменніца Крэонта, нявеста Гемана

ІСМЭНА, яе сястра

ТЫРЭСІЙ, стары дзед, прарок, сляпы

ВАРТАЎНІК

ВЯСТУН

ХЛОПЧЫК, павадыр Тырэсія

КАРЫФЕЙ ХОРУ

ХОР фіванскіх старшыняў.

Слугі, рабы Крэонта, прыслужніцы Эўрыдыкі

ПРАЛОГ

Дзеянне адбываецца перад царскім палацам у Фівах.

Антыгона (выклікаючы з палаца Ісмэну)

Ісмэна, родная сястрычка ты мая! Ці ведаеш, яшчэ якога гора Не даў нам Зеўс за грэх Эдыпа-бацькі? Цярпенне, ганьба, здзек: пакуты ад багоў — Ці ёсць што-небудзь, хоць чаго, сястра, з табой Не бачылі бы мы — і ты, і я — ў жыцці? I зноў цяпер — які яшчэ загад аддаў, Як кажуць, усяму народу новы цар? Не чула? Не яшчэ? Не ведаеш, што вораг Рыхтуе зло таму, хто нам за ўсіх мілейшы?

Iсмэна

Не мела весткі я пра нашых дарагіх Ні добрае, ні дрэннай з той пары, сястра, Як страцілі мы разам двух сваіх братоў, Што ў дзень адзін загінулі ад рук Уласных. Як архейцы зноў пайшлі дамоў Уночы сёння, новай весткі не было — Ні добрае, ні дрэннай, як было й раней.

Антыгона

Я гэта ведала. З палацу я цябе Паклікала — з табой адной пагаварыць.

Iсмэна

Што, што, сястра? Чаму хвалюешся ты гэтак?

Антыгона

Ці ж не аддаў загад Крэонт, каб аднаго З братоў ледзь пахаваць, на здзек аддаць другога? Аддаў зямельцы Этэокла, кажуць, ён, Усё зрабіўшы, як належыць пры хаўтурах. Душы яго пачэснае ў Падзем’і месца даў. Наконт няшчаснага Палініка Крэонт Даў грамадзе наказ усёй, каб аніхто Ў зямлі не пахаваў і слёз па ім не ліў — Без могілак, без слёз пакінуць на зямлі Драпежным птахам смачную спажыву — Такі загад аддаў наш добранькі Крэонт, Як кажудь, мне й табе. I мне, кажу, і мне! Сюды ідзе Крэонт, каб ясна абвясціць Тым, хто не ведае, загад свой. Мае быць Паважны той загад. Забіты будзе той Каменнем, хто адважыцца рабіць супроць. Вось справа як стаіць. Пакажаш хутка ты — Дачку якую мелі нашыя бацькі.

Iсмэна

Калі стаіць так справа, што б магла зрабіць Пры ўсім маім жаданні я, сястрычка?

Антыгона

Ці будзеш ты рабіць са мною разам, што хачу?

Iсмэна

У чым жа небяспека — ў думцы што ў тваёй?

Антыгона

Ці разам ты са мной падымеш братаў труп?

Iсмэна

I пахаваць, што ўсім Крэонт забараніў?

Антыгона

Як мне, так і табе ж ён брат. Калі ж са мной Не хочаш быць, адна яму не здраджу я.

Iсмэна

О неразумная! Няўжо ж насуперак цару?

Антыгона

Не можа ён не даць мне абавязак споўніць.

Ісмэна

Бяда! Бяда! Сястрычка, ўспомні ты, як бацька, Багамі зненавіджаны, ў няславе згінуў, Як сам, свае злачынствы выявіўшы, ён Рукой уласнаю абодва вокі вырваў, А потым маці, што і жонкаю яму была, Пятлю зрабіўшы, скончыла сваё жыццё. Дый два браты ў адзін той самы дзень, Бяздольныя, забілі брата брат, і лёс Адзін спаткаў абодвух ад уласных рук. Цяпер глядзі: з сям’і мы засталіся дзве, I як ганебна згінем мы, калі загад Тыранаў мы парупшм, пойдзем насупор. Яшчэ падумай: мы жанчыны ўсё ж з табой — З мужчынамі змагацца цяжка нам, сястра. Яшчэ падумай: ёсць над намі ўлада ўсё ж — Загад мы мусім споўніць, каб найгоршы быў. Я прабачэнне выпрашу ў нябожчыкаў маіх, Што, сілаю прымушаная, так раблю. Што паддаюся ўладарам я, бо няма ж I сэнсу ў тым, калі рабіць звыш сіл мы будзем.

Антыгона