Выбрать главу
Антыстрафа другая

Xор

Але спагадная нам вялікая Ніка[36] З ласкаю ў Фівы ўвайшла, коньмі славуты горад. Трэба забыцца цяпер На вайну, што была. Пойдзем да храмаў багоў, Цэлую ночку вадзіць карагоды мы будзем. Тьіх карагодаў Вакх[37] — правадыр.

Карыфей

Але вось уладар нашай роднай зямлі, Сын Менойкаў, Крэонт. Даручылі цяпер яму ўладу багі. Ён ідзе. Думка нейкая ёсць у яго. I таму загадаў ён старшыням усім Тут сабрацца на сход. Абвясціў ён аб гэтым усім.

ДЗЕЯ ПЕРШАЯ

З’ЯВА ПЕРШАЯ

Крэонт (уваходзячы з боку поля бітвы)

О, грамадзяне, горад наш багі патрэслі Ў вялікай буры й зноў у прыстань прывялі. З усіх фіванцаў вас паслаў я запрасіць, Каб вы прыйшлі, бо добра ведаў тое, Што вы заўсёды шанавалі ўладу Лая. Калі ж Эдып наш горад вызваліў і потым Загінуў сам, прызналі вы яго сыноў I вернымі падданымі ім засталіся. Калі ж яны палеглі гэтак разам, У дзень адзін, бо ўласнымі рукамі Ў ганебнай бойцы брата брат забілі, Ўсю атрымаў я ўладу й царскі трон, Бо я сваяк бліжэйшы тых цароў палеглых. Але душу спазнаць як цяжка чалавека, Спазнаць яго характар, думкі, покуль ён Не мае ўлады і законаў не дае. Я думаю, што той, хто, маючы уладу Дзяржаўную, парад не хоча слухаць добрых, Ад страху ж нейкага язык трымае ў роце, Такі быў злым даўней, злым будзе і цяпер. Таго ж, хто болып за Бацькаўшчыну любіць Сябра свайго — таго нікчэмным я лічу. Будзь мне за сведку,                            Зеўс, хто ўсё заўсёды бачыць: Маўчаць не буду — замест каб шукаць ратунку, Калі ў бядзе якойсьці горад наш я ўбачу. Ніколі й Бацькаўшчыны ворага лічыць Не буду сябрам я. Бо мне вядома добра, Што ў ёй адной ратунак, і сяброў сабе Мы здабываем, ідучы на дапамогу ёй. Наш горад я ўзмацню такою думкай; I, згодна з гэтым, абвясціў я грамадзянам Усім загад мой пра Эдыпавых сыноў. Я Этэокла, што, змагаючыся, згінуў За Бацькаўшчыну — ўсіх адвагай перамогшы — Ў магіле загадаў схаваць і ўсё зрабіць, Абрады выканаць, як варты той герой; А Палініка, брата роднага, які, Вярнуўшыся з уцёкаў, папаліць хацеў Зямельку родную, багоў спрадвечных храмы Ушчэнт — і ўпіцца роднаю крывёй жадаў I грамадзян усіх павесці ў няволю — Ўсім грамадзянам загадаў я, каб ніхто Яго не пахаваў, не ліў каб слёз па ім: Няхай ляжыць ён на зямлі ганебна — Драпежным птахам і сабакам смачнаю спажывай. Такі пагляд мой, і ніколі ад мяне Пашаны дрэнны не займее — так, як добры. Хто ж любіць Бацькаўшчыну, той — пакуль жыве Дый пасля смерці — будзе шанаваны мной.

Карыфей

Такі ёсць твой пагляд, Менойкаў сын, Крэонт, Адносна ворагаў айчыны ды сяброў? Даваць усім законы ўладу маеш ты Аб тых, хто ўмёр ужо і хто яшчэ жыве.

Крэонт

Як сталі б вы цяпер за гэтым наглядаць?

Карыфей

Малодшаму за нас ты гэта даручы.

Крэонт

Вартаўнікоў да трупа ўжо прыставіў я.

Карыфей

I што б хацеў яшчэ ты мець ад нас?

Крэонт

Суровым быць да ўсіх, загад хто пераступіць.

Карыфей

Няма такіх дурных, якія б праглі смерці.

Крэонт

Такая й будзе кара. Але часта як Надзея на карысць людзей губіла ўшчэнт!
З’ЯВА ДРУГАЯ

Вартаўнік (выходзячы з боку поля)

Я не скажу, ўладар, што шпарка я ляцеў — I вось чаму сюды, засопшыся, прыйшоў. Прыпынкаў шмат было ў мяне ад цяжкіх дум. I шмат разоў хацеў вярнуцца я назад. Душа мая не раз казала да мяне: «Гаротнік, што бяжыш, на смерць сваю ідзеш? Дурны, спыніўся зноў? Калі Крэонт аб тым Ад іншых будзе знаць, ратунку не шукай!» Так разважаючы, павольна я ішоў, I так зрабіўся доўгі шлях кароткі мой. Аднак адважыўся ў канцы прыйсці сюды: Не маю што й сказаць табе, але скажу: Я спадзяюся, што са мною будзе тое, Што толькі лёс прызначыў мне ў жыцці спаткаць.
вернуться

36

Ніка — багіня перамогі.

вернуться

37

Вакх (Дыяніс) — бог віна і вінаробства.