Выбрать главу

Крэонт

Дык што такое? Што спалохала цябе так?

Вартаўнік

Найперш я пра сябе скажу: я справы той Сам не рабіў; не ведаю і хто зрабіў яе. Была б то крыўда, каб я пакараны быў.

Крэонт

Навокал справы ходзіш ты... Кажы ясней! Што здарылася новага? Хутчэй кажы!

Вартаўнік

Адразу не магу сказаць, бо страшна мне.

Крэонт

Хутчэй кажы, і потым вольны пойдзеш ты.

Вартаўнік (нарэшце адважыўшыся)

Ну добра, я скажу. Прыйшоў, не знаю, хто, Каб пахаваць той труп. Яго сухім пяском Пасыпаў ён і ўсё хаўтурнае зрабіў.

Крэонт

Што кажаш ты? Хто мог адважыцца на гэта?

Вартаўнік

Не ведаю. Не бачылі мы там слядоў Сякеры ці рыдлёўкі — ўся была зямля Сухая, камяністая, і не было Слядоў калёс. Няведама, хто быў зладзей. Калі ж уранні вартаўнік на тое паказаў, Зрабілася і жудасна і вельмі дзіўна ўсім. Труп не відзён быў, ды не быў і пахаваны: На ім быў толькі слой пяску, каб не было граху. Не бачылі ніякіх мы слядоў, каб звер Прыходзіў ці сабака труп цягнуў. I лаянка тады пачулася між нас, Бо лаяў вартаўнік вартаўніка, і бойка, Здавалася, пачнецца... хто б яе стрымаў? I гэта ўсё зрабіць мог нехта з нас або Ніхто — і ўжо таго пазнаць было ніяк. Гарачае жалеза у рукі ўзяць гатоў Быў кожны з нас і праз агонь прайсці; багоў У сведкі клікаць, што той справы не рабіў I што не ведае зусім, хто раіў тое Зрабіць і хто напраўду тую рэч зрабіў. Калі ў шуканнях нашых мы удачы не знайшлі, Такое з нас адзін сказаў, што мы усе Галовы апусцілі ўніз ад страху, бо Пярэчыць не маглі таму й не ведалі, Што нам рабіць цяпер, каб не было бяды. I сказана было, што трэба расказаць Табе аб справе той, нічога не таіць. Згадзіліся мы ўсе. Няшчаснага мяне Праз жэрабя абралі тую ўцеху ўзяць.— I вось я тут. Ні ты, ні я таго Не хочам. Ведама ж, што на таго, хто весткі Прыносіць злыя, як на ворага глядзяць.

Карыфей

Ужо, ўладар, даўно на думцы мелі мы: Ці не багі зрабілі тую справу самі?

Крэонт

Маўчы, калі не хочаш выклікаць мой гнеў! Няўжо ж такі дурны ты, хоць такі стары? Як можаш ты казаць, што нашыя багі Хоць трохі затурбуюцца пра гэты труп? Няўжо ж багі, шануючы як дабрачынца, Захочуць пахаваць таго, які прыйшоў, Каб храмы іх спаліць ды прынашэнні знішчыць, Спустошыць іх зямлю, парушыць іх законы? Ці бачыў ты багоў, каб дрэнных шанавалі? Няма такіх. Але даўно ўжо грамадзяне, Незадаволеныя мной, супроць мяне шумяць, Тайком галовамі трасуць, маёй улады Цяжар не хочуць несці, як былі б павінны. (Паказваючы ў бок вартаўніка) Я добра бачу, што яны вартаўнікоў Намовілі за грошы, каб загад парушыць. Няма ў людзей ніводнай рэчы, што была б За грошы горшая: дашчэнту гарады Яны руйнуюць, з роднай хаты выкідаюць. Яны змяняюць думкі добрыя ў людзей I навучаюць іх нядобрае рабіць. I шлях да хітрасці і да бязбожнасці Людзям усім заўжды паказваюць яны. Але надыдзе час, калі той, хто рабіў За золата злачынствы, кару панясе. Цяпер жа ведай, што пакуль Зевес мае Малітвы чуе — вось пад клятваю кажу — (Да вартаўніка) Калі не знойдзеце, хто труп той пахаваў I да маіх вачэй таго не прывядзеце, Усёю карай вам не будзе смерць адна: Жывымі ўсіх павешу і прымушу вас Нахабніка назваць, што тое учыніў, Каб навучыліся вы, дзе карысць шукаць Вам трэба — і каб ведалі, што не заўсёды I не ўсялякую карысць любіць павінны. Бо хабары ганебныя часцей нясуць Бяду з сабою, чым задавальненне.