Выбрать главу

Вартаўнік

Ці можна мне сказаць? Ці мне ісці назад?

Крэонт

Ты досыць прыкрых слоў мне ўжо нагаварыў.

Вартаўнік

Ці боль вушам тваім зрабіў я альбо сэрцу?

Крэонт

Шукаць надумаў, што ў мяне баліць?

Вартаўнік

Вушам я тваім боль зрабіў, злачынца ж — сэрцу.

Крэонт

Як бачу, лапатаць ты здольны ад прыроды.

Вартаўнік

Няхай, але ж той справы не рабіў я.

Крэонт

Не веру! Ты душу сваю прадаў за грошы.

Вартаўні

Бяда! Бяда, калі над намі ўладу мае той, Якому мроіцца чаго зусім няма.

Крэонт

Кажы цяпер, што хочаш. Ды калі Злачынца мне не прывядзеце вы — убачыце, Што толькі гора йдзе за дрэннай справай. (Адыходзіць у палац)

Вартаўнік

Знайдзі ж цяпер злачынца! Зловяць ці не зловяць — Залежыць гэта толькі ад багоў адных. Але мяне ўжо ты не ўбачыш тут. Ужо не меў надзеі я, што буду цэлы — Багам вялікую падзяку прынясу. (Хутка адыходзіць.)

СТАСІМ ПЕРШЫ

Хор

Страфа першая
Шмат існуе ў прыродзе магутных сіл, Але дужэйшы за ўсё — чалавек. Ён за сівое мора ідзе Ў час зімовых бушуючых бур; I навокал яго ўздымаюцца бурныя хвалі. Багіню найвышэйшую, зямлю, Няўтомную і вечную, ён раздзірае, З году ў год ён шарпае яе плугамі, Якія цягнуць коні.
Антыстрафа першая
Сеткі накінуўшы, ловіць ён Нядбалых і быстрых птахаў племя, Як і пароды дзікіх звяроў. Рыб, што ў моры вялікім жывуць, Невадам сплеценым ловіць мудрэйшы за ўсіх чалавек. Ён мае ўладу хітрасцю сваёю Над дзікім львом між гор і накладае Ярмо на лёгкагрывага каня, таксама Як і на чорнага быка.
Страфа другая
Ён мову стварыў, заўладаў I думкай імкліваю, ён Законы даў гарадам, збудаваў Хаты, каб уцякаць Ад халадоў і дажджоў. Многаразумны, ён страху не знае зусім Прад тым, што надыдзе. Толькі не можа ён перамагчы Смерці, хоць ад цяжкіх хваробаў Лекі знайшоў.
Антыстрафа другая
Ён мудра мастацтвы стварыў: Ніколі такіх не было. Але блукае між злом і дабром: Законы людзей паважае I праўду святую багоў. Першы ў горадзе будзе апошнім, калі Адважны ён толькі на зло. Разам з такім я не буду дзяліць Ні хаты, ні думак.

ДЗЕЯ ДРУГАЯ

З’ЯВА ПЕРШАЯ

З боку поля ўваходзіць вартаўнік, які вядзе Антыгону.

Карыфей

Цуд які перада мной! Не магу зразумець: Антыгону тут бачу вачыма сваімі. Ці магу я сказаць, што яна — не яна? Ох, няшчасная ты! I Эдыпа няшчаснага ты дзіцянё! Няўжо ж захацела загадам цара Не паддацца? Няўжо ў самы раз, калі ты Неразумную справу зрабіла сваю, Тут схапілі цябе ды сюды прывялі?

Вартаўнік

Але, яна і ёсць, што гэта ўсё ўчыніла. Яе схапілі мы на месцы. Дзе ж Крэонт?

Уваходзіць Крэонт.

Карыфей

Вось ён цяпер з палацу йдзе якраз.

Крэонт