Выбрать главу

Улада

Ты зноў марудзіш? I па ворагах Зевесавых ты плачаш? Пашкадуеш!

Гефэст

Ты бачыш тое, што вачам нясцерпна...

Улада

Заслужанае пакаранне бачу я — Мацней зацягвай ланцугі на сцёгнах!

Гефэст

Я ведаю, што я рабіць павінен — Загады тут залішнія твае.

Улада

Мае загады, воклічы — якраз да месца: Ніжэй спусціся, пад каленьмі папрыкоўвай!

Гефэст

Ну, я зрабіў усё без доўгай цяганіны.

Улада

Там, каля пятак, кайданы ўмацуй: Тваю суддзя суровы спраўдзіць працу.

Гефэст

Твой голас гэткі самы, як твой выгляд!

Улада

Будзь больш лагодны, бо табе ж вядома, Што мне наканаваная няўмольнасць!

Гефэст

Прыкуты добра ён — хадзем адсюль.

Улада

Будзь поўны пыхі зараз, выкрадай Багам належнае і аддавай смяротным! Хто з іх ратунак дасць табе — паглядзім. Не, Праметэй[1] — імя не для цябе: Празорлівы — не ты; але якраз такога Табе бракуе, каб адолець гора.

Праметэй

О ты, Эфір, пасланы богам; вы, О хуткакрылыя вятры ды рэкі, Ды хваляў смех нязлічаных марскіх, Ды маці існага — Зямля, ды сонца кола Відушчае, я ў сведкі клічу вас: Зірніце, ад багоў што церпіць бог! Паглядзіце, у якіх Мушу я пакутах праводзіць жыццё Безліч доўгіх гадоў! Ганебныя мне начапіў кайданы Новы цар шанаваных, слынных багоў. Бяда! I я плачу аб гэтай бядзе І аб будучых бедах — ды дзе, дзе ж мяжа Пакут маіх гэтых бясконцых? Ды што я тут кажу? Бо я ж і сам Прадбачыў будучыню гэтую, й няма Нічога нечаканага тут, зрэшты. Я мушу лёгка гэта ўсё стрываць, Бо неабходнасці не пераможаш. Ды цяжка і маўчаць, і гаварыць Пра долю пра сваю. Бо я ж, няшчасны, Пакутую за тое, што смяротным Зрабіў дабро, агонь украў ім боскі, Схаваўшы ў чарацінцы, і людзям Павадыром зрабіўся ён. Ва ўсіх Мастацтвах — дапамогай неацэннай... За гэтае злачынства кара мне, I вось — вішу я ў кайданах пад небам... О!.. О!.. О! О што за гукі! Што за водар гэта Дзівосны? Ці то бог, ці то герой, Ці то смяротны да скалы далёкай Прыйшоў, каб сведкам быць пакут маіх? Вы на прыкутага зірніце бога, На якога нянавісць Зевес скіраваў — З усімі багамі, што ў доме яго — За такую маю любоў да людзей. Ах, што там за шум недзе зблізку чуцён Ад тых птушак імклівых! Эфір загудзеў Пад ударамі крыл, што лунаюць. Мяне Палохае ўсё, што дзеецца тут...

ПАРАД

З боку мора ў крылатай калясніцы з’яўляецца хор Акіянід

Xор

Страфа першая Не бойся, бо гэта сябры твае прыляцелі На крылах імклівых, шпаркіх. Мальбу дачок наш бацька пачуўшы, Нам ляцець сюды дазволіў — I вятры нас так хутка прынеслі. Грукат молата ў глыб марскіх пячор данёсся; I мы, адкінуўшы сорам, Ледзьве не голыя зусім, У калясніцы памчаліся сюды.

Праметэй

Бяда! Бяда! Дзеці плоднай Тэфіды[2], якую яна Нарадзіла калісьці Акіяну, што Амывае зямлю ўсю патокамі водаў! Паглядзіце, якія на мне ланцугі. Як да скал я прыкуты, Якую няспынна нясу я Незайздросную службу!

Хор

Антыстрафа першая О Праметэй, мы ўсё добра бачым: Кінуўся нам змрок у вочы, Іх слязьмі напоўніў раптам!.. Бачым, як гібееш ты на скале І даходзіш, прыкаваны Ганьбай ланцугоў праклятых!.. Пры стырне тым на Алімпе Новыя стаяць уладцы... I па-новаму ўсімі багамі Ўжо кіруе Зеўс адзін... Каго ён баяўся — ўсіх нішчыць.

Праметэй

вернуться

1

Праметэй — па-грэцку «празорлівы».

вернуться

2

Тэфіда (Тэфія) — дачка Урана і Геі, сястра і жонка Акіяна, маці трох тысяч акіянід і ўсіх рэк.