Выбрать главу
Антыстрафа першая
Я ж бачу: ў Лабдакідаў дом бяда ідзе за бядою, Спрадвеку йдуць ад продкаў яны да нашчадкаў. I ўнукаў дзеду не вызваліць, бо ярасць багоў Іх гоніць, гоніць без канца. Апошні корань у Эдыпавым быў родзе, Над ім заззялі быццам промні сонца. I зноў крывавы серп падземных Багоў яго знішчае — Шаленства ў словах, як і ў думках.
Страфа другая
Якая моц людзей магла б Моц тваю зламаць, Зевес? Над ёю нават сон — нядужны ўладца, I месяцы, што няўтомна Бягуць. Не ведаеш старасці ты I ў ясным бляску Алімпа пануеш. Ну, а над намі — адзін закон; Ён быў, ён ёсць, ён будзе; Ў жыцці чалавека няма Нічога пэўнага, апроч няшчасцяў.
Антыстрафа другая
Прывабная надзея ўсё-ткі Шмат якім людзям дае уцеху I шмат каму маной бывае ў іх жаданнях палкіх. Вядзе людзей, якім нішто не бачна, I раптам іх у полымя кідае. Так слова мудрае калісьці хтось сказаў: Чый розум бог вядзе ў бяду, Таму дабром заўсёды ліха Здавацца будзе. Без бяды Такі нядоўгі час жыць можа.

ДЗЕЯ ТРЭЦЯЯ

З’ЯВА ПЕРШАЯ

З боку горада ўваходзіць Геман.

Карыфей

Вось і Геман ідзе. У сямейцы тваёй Ён адзіны сынок. Ці ж бядуе аб тым, Лёс які будзе ,мець нявеста яго, Антыгона, якую ён шчыра кахаў?

Крэонт

Мы зараз будзем ведаць лепей, чым прарокі. (Да Гемана.) Мой сын, ці ты ідзеш на бацьку злы, бо чуў Прысуд яго рашучы аб тваёй нявесце, Альбо табе я буду дарагі заўсёды?

Геман

Я твой, о бацька: ты парады мне даеш Карысныя — заўсёды іх выконваць буду. Пакуль мяне вядзеш ты добра, я не стану Лічыць каханне даражэйшым за цябе.

Крэонт

Так, сын мой, трэба й думаць, і лічыць Усё ніжэй за меркаванне бацькі. I вось чаму дзяцей мы паслухмяных любім, (Калі ў сям’і такіх мы маем) — то ж яны Ідуць супроць бацькоўскіх ворагаў, а сябра Яны шануюць так, як бацька сам. Што ж нам сказаць аб тым, хто нарадзіў Дзяцей благіх? Ён нарадзіў бяду Сабе і вечны смех для ворагаў сваіх. Так і цяпер, мой сын, ты розуму не страць Дзеля жанчыны, што дае табе пацеху. Бо ведай, што, калі благая жонка ў хаце, Халоднымі табе яе абдоймы будуць, Бо дрэнны друг — найгоршая бяда. З пагардаю, як ворага, адкінь яе: Няхай другіх сабе шукае пад зямлёй. Адкрыта я пры ёй засведчыў, што яна Адна з усіх пайшла супроць загаду. Прад грамадзянамі не буду брахуном, Але заб’ю яе! Няхай Зевеса кліча Сямейнага. Бо родным я калі дазволю Ісці супроць мяне — тым больш чужыя пойдуць. Калі хто будзе ў хаце ўласнай добры — Ў дзяржаўных справах той карысць нам прынясе. А хто пачне пераступаць законы Альбо надумаецца йсці супроць цароў, Таму ніколі я не дам пашаны. Каго народ абраў, таму ты паслухмяны будзь. У справах усялякіх — добрых, дрэнных — Такі, скажу я смела, будзе добра й сам Другімі кіраваць, і слухаць кіраўніцтва. I ў час страшэннай бітвы цвёрды будзе ён, Сябрам сваім паплечнік добры і праўдзівы. За безуладдзе ж горшага няма няшчасця: Яно дзяржавы губіць і руйнуе хаты Дашчэнту, і паплечнікаў у бітве На ўцёкі гоніць. I, наадварот, ратуе Заўсёды паслухмянства тых, хто паслухмяны. Дык вось чаму законы трэба бараніць. Жанчыне ж нельга нам ніколі паддавацца — Калі ўжо трэба, лепш загіну ад мужчыны, Чым каб казалі, што жанчыне паддаюся.

Карыфей

Калі яшчэ ў старога розум не загінуў, Здаецца мне, што ўсё разумна ты казаў.