Выбрать главу

Карыфей

Ад багоў нарадзілася вечных яна; Мы ж — смяротныя ўсе і смяротных сыны. Але вось пра цябе будуць чуткі хадзіць — Што і ты да багіні падобнай была, Як жыццём, так і смерцю сваёй.
Страфа другая

Антыгона

Гора! Смяюцца з мяне! Вы, багі мае родныя, Што ж абражаюць мяне Перад смерцю маёй? Горад мой родны, Народ мой вялікі! Хвалі крыніцы Дыркейскай[46]! Гай Фіванскіх багоў[47]! Будзьце за сведак вы мне. Не плачуць па мне, не судзілі мяне. Іду ў падзямелле страшэннае — Там і памру ў незвычайнай магіле. Гора мне беднай! Я не нябожчыца, я й не жывая, Я не з памерлымі, я й не з жывымі!

Хор

Занадта смелай ты была: Дзіця, наважылася ты Замах на вечнае зрабіць. Твой лёс страшэнны — бацькаў лёс.
Антыстрафа другая

Антыгона

Ты дакрануўся да раны балючай маёй I пра вядомы лёс бацькі ўзгадаў. Пра тое няшчасце, Што гоніць усцяж Род Лабдакідаў вялікі. Ложак ганебны Беднае маці маёй! Мужам ёй бацька ў няведанні стаў: Сын яе — бацька мой — там з ёй ляжаў. Ад іх нарадзілася, бедная, я. Вось і іду пад праклёнам багоў                                   і без шлюбу да іх. Бедны мой брат, Што шлюб так пракляты зрабіў: Ты ўжо й памёр, і жывую мяне забіваеш!

Xор

Нябожчыкаў любіць — святая справа, Але ж і той, хто ўладу мае, Павінен тую ўладу бараніць. Праз гордасць ты сваю загінеш.

З палаца выходзіць Крэонт.

Эпод

Антыгона

Плачу не чую, родных не бачу, Песень вясельных няма. Так вось іду я Шляхам апошнім сваім. Я, нешчаслівая, сонейка ззяння                          не ўбачу ўжо болей. Плакаць не будуць аб долі маёй Людзі, якіх я любіла.
З’ЯВА ДРУГАЯ

Крэонт (выходзячы з палаца)

Вы ведаеце, што калі б было карысна Стагнаць і плакаць, каб адрочыць смерць — Дык хто ж тады б калі стагнаць спыніўся? (Да варты) Хутчэй — як я сказаў — яе адвесці Ў глыбокую пячору. Там яе Адну пакінуць. I няхай вось там яна Ці памірае, ці жыве й шукае жаніха. А я сябе не зганьбіў смерцю той дзяўчыны Я толькі ад жыцця з людзьмі яе адсунуў.

Антыгона

Мой дол, пакой дзявочы мой і хата Падземная ды вечная мая! Іду Да вас я, родныя. Вас там, якіх Загінула у ліку незлічоным, Багіня Персэфона[48] прытуліла. Цяпер і я іду да вас, нядобрай смерцю Памерлая раней, чым скончыла жыццё. Але я спадзяюся, што, калі прыйду Да вас, прыйду я мілаю для ўсіх — I для цябе, мой бацька, для цябе, матуля. I для цябе, браток мой родны Этэокл. Бацькі мае, калі памерлі вы, Я ўласнымі рукамі вас абмыла, Вас апранула і зрабіла узліянні. Цяпер жа, Палінік, за тое, што цябе Я пахаваць хацела, гэтак плоцяць мне. Але за тое, што табе ўздала Пашану я, мяне хваліць разумны будзе. Мой родны брат! Што гэткім чынам я цябе Ушанавала — бачыць грэх у тым адзін Крэонт: То для яго страшэннае злачынства. I вось цяпер вядзе мяне ён гвалтам На смерць. Не зведала я шлюбу, песень Не чула я вясельных, мужа я не мела, Не гадавала і не мела я дзяцей. Іду ў дол да памерлых я, жывая, Няшчасная, адна, без тых, каго люблю. Які ўсё ж я закон багоў пераступіла? Ці ж трэба мне, няшчаснай, на багоў яшчэ Надзею мець? Каго ж я абаронцам Магу назваць між іх сваім? То ж я, Зрабіўшы справу добрую, злачынцай стала. Дык вось багі што лічаць добрым! Калі так, Дык трэба ж мне згадзіцца, што нясу Пакуту я за грэх свой сапраўды. Калі ж на вас ляжыць віна, жадаю Цярпець не больш, чым я цярплю бязвінна.
вернуться

46

Гл. заўвагу 1.

вернуться

47

Гай Фіванскіх багоў — гай Дэметры і Коры ў Фівах, каля Дыркейскай крыніцы.

вернуться

48

Персэфона — жонка Аіда, багіня падземнага царства.