Вястун
Насельнікі сцен Кадма й Амфіёна[64],
Не трэба ні хваліць, ні ганьбіць нам жыцця,
Пакуль яшчэ жыве на свеце чалавек.
Бо так заўжды здараецца, што лёс
Няшчасных падымае і, наадварот,
Шчаслівага бязлітасна скідае ўніз.
Смяротныя не ведаюць, што з імі будзе.
Раней я думку меў: які Крэонт шчаслівы! —
Ад ворагаў зямлю Кадмееву ён збавіў
I ўладу ўсю над краем ён сабе забраў,
I дзецьмі добрымі цвіце яго сям’я.
Ды знікла ўміг усё! Бо калі радасці
Не мае чалавек, тады ўжо не лічу,
Што ён жыве. Ён — толькі труп жывы.
Багацце май ў хаце, май уладу,
Тырана веліч — ды, калі не знойдзеш
Ва ўсім тым радасці, не даў бы я
За гэта ўсё і нават ценю дыму.
Карыфей
Якая здарылася новая бяда
З царом Крэонтам? Што за вестку ты прынёс?
Вястун
Памёр ён. А жывы — прычына смерці.
Карыфей
Дык хто ж памёр? I хто забіў? Кажы хутчэй!
Вястун
Загінуў Геман — ад уласнае рукі.
Карыфей
Як — ад уласнай? Бацькавае ці сваёй?
Вястун
Сам ад сябе, пракляўшы бацьку за забойства.
Карыфей
Прарок, прарок! Як слушна ты казаў!
Вястун
Ды калі так, падумаць трэба ўжо аб іншым.
З’ЯВА ДРУГАЯ
З палаца выходзіць Эўрыдыка.
Карыфей
Няшчасную тут бачу Эўрыдыку я,
Крэонта жонку: йдзе яна з палаца,
Пра сына штось пачуўшы, ці то выпадкова...
Эўрыдыка
Я чула, грамадзяне, вашу гутарку.
Ішла з палаца я — у храм Палады[65] грознай,
Каб ёй малітвы палкія свае прынесці.
I вось — калі здымала засаўку, каб дзверы
Палаца адчыніць — пачула я размову
Пра гора нашае сям’і. Ад страху
Упала ніцма я і страціла прытомнасць.
Нявольніцы мяне на рукі падхапілі.
Але скажыце зноў, пра што была гаворка?
Скажыце мне, бо ўжо я шмат цярпела.
Вястун
Царыца дарагая, я ўсё бачыў сам
I не скажу нічога, што было б няпраўдай.
Навошта б стаў я пацяшаць цябе, а потым
Ты ўбачыла б, што я табе маніў?
А праўда, яна простая заўжды.
Вось як усё было: ішоў я з тваім мужам
На ўзгорак той, дзе йшчэ ляжаў труп Палінікаў,
Бязлітасна сабакамі парваны.
I, памаліўшыся Гекаце[66] ды Плутону[67],
Каб міласціва кінулі свой гнеў,
Зрабілі мы святое узліянне
I на галінках свежых падпалілі
Ўсё тое, што ад трупа засталося.
Курган высокі з роднае зямелькі
Насыпалі мы, а пасля пайшлі мы
Да шлюбнага каменнага пакою
Аіда, дзе была нявеста — Антыгона.
...Яшчэ здалёк пачуў адзін з нас стогны
Няціхія, што несліся з пячоры:
Пра тое сказана было Крэонту.
Усё бліжэй ён падыходзіў, і злавесны,
I слёзны крык насустрач далятаў...
Тады з жалосным енкам ён загаласіў:
«Няшчасны я! Ці ж я прарок? Няўжо абраў
Я самы цяжкі шлях з усіх шляхоў маіх?
Я чую сына крык свайго! Бяжыце, слугі,
Хутчэй туды і, камень адваліўшы
Ад падзямелля, у пячору паглядзіце —
Ці Геманаў то крык, ці то багоў мана?»
Зрабілі мы, як загадаў нам цар —
Ён быў у роспачы: убачылі мы іх
Абоіх у глыбі пячоры. На пятлі,
З адзежы зробленай, накінутай на шыю,
Яна павесілася. Ля яе ляжаў,
Трымаючы яе ў сваіх абдоймах Геман.
I плакаў ён аб гібелі свае нявесты,
I аб прысудзе бацькі ды гаротным шлюбе.
Убачыўшы яго, Крэонт з жалосным крыкам
I стогнам кінуўся наперад да яго
I крыкнуў так: «Няшчасны! Што ж зрабіў ты?
Што ты хацеў зрабіць? Як розум страціў ты?
Выходзь, дзіця! Багамі заклінаю — выйдзі!»
Зірнуўшы на Крэонта дзікімі вачыма,
З пагардаю на твары, без адказу
Сын выцягнуў двухвостры меч на бацьку,
Але яго не ўдарыў: кінуўся наўцёкі той.
Тады звярнуў няшчасны на сябе свой гнеў
I кінуўся на востры меч грудзьмі.
Але, пакуль прытомнасці не страціў,
Аслаблаю рукой дзяўчыну абдымаў.
Ён дыхаў цяжка, і струмень крывавы
На шчокі бледныя дзяўчыны ліўся.
Так, труп ляжыць ля трупа. Ён, няшчасны,
Ў Аідавым жытле зрабіў сабе вяселле.
Ён паказаў усім, што неразважнасць
Прыносіць найвялікшую бяду.