Вястун
Нябожчыца цябе лічыла вінаватым
У смерці двух сыноў — таго і гэтага.
Крэонт
Якім жа спосабам яна сябе забіла?
Вястун
Рукой уласнай сябе ў сэрца ўдарыла,
Пачуўшы аб няшчаснай смерці сына.
Крэонт
Гора! З смяротных ніхто
Не вінаваты ў гэтым — адзін толькі я.
Я цябе... я загубіў цябе — праўду,
Праўду я толькі кажу. Слугі, слугі,
Прэч адвядзіце мяне, адвядзіце хутчэй:
Я нежывы ўжо, я скончыў жыццё.
Карыфей
Ты добра раіш, калі ёсць дабро ў бядзе;
Найлепшая бяда — найкарацейшая.
Антыстрафа другая
Крэонт
З’явіся, з’явіся,
Лёс мой апошні. Дай мне астатні
Дзень мой. З’явіся, з’явіся —
Каб я не бачыў,
Наступнага дня!
Карыфей
Яшчэ наступіць гэтае. Пра тое ўжо
Багі падумаюць. А мы павінны думаць
Аб тым, што трэба нам рабіць цяпер.
Крэонт
Дык я ж малю аб тым, чаго цяпер жадаю.
Карыфей
Маленні кінь цяпер. Няма збавення
Ад бед, якія лёс каму прызначыў.
Крэонт
Прэч адвядзіце мяне, неразумнага.
Сын мой, цябе мімаволі забіў я.
Забіў і цябе, дарагая. Як цяжка мне!
Куды, да каго мне звярнуцца?
Усё, што я маю цяпер, усё — гэта трупы.
На галаву мне лёс невыносны зваліўся.
Усе павольна ідуць да палаца, слугі нясуць Геманава цела.
Карыфей
Мудрым быць — неабходны, найпершы за ўсё
Дзеля шчасця варунак. Законы багоў
Шанаваць мы павінны таксама.
Словы гордыя толькі вялікія кары
Нам прынясуць і навучаць быць мудрым
Запозна.
Хор пакідае сцэну.
442 г. да н.э.