Вядома, ўсе сябры мне спачуваюць.
Xор
Ці не зрабіў ты больш, чым расказаў нам?
Праметэй
Я навучыў людзей сваёй не прагнуць смерці.
Xор
Якія лекі даў ты ім на безнадзейнасць?
Праметэй
Я пасяліў надзею ў іх сляпую.
Хор
Ты даў людзям сапраўдную каштоўнасць!
Праметэй
Яшчэ святы агонь ім падарыў.
Xор
Смяротныя ўжо маюць гэты скарб?
Праметэй
Але. Сяму-таму ён іх навучыць.
Xор
Дык значыць, Зеўс за тое чыніць здзек
З цябе, і жорсткасць гэта не слабее.
А ты канца сваіх пакут не бачыш?
Праметэй
Не. Толькі калі ён таго захоча.
Xор
Захоча? Спадзяешся ты? Не адчуваеш
Сваёй памылкі? Ды табе яе тлумачыць
Мне цяжка, а табе — балюча слухаць.
Пакінем гэта. Пашукай ратунку лепей!
Праметэй
Таму, хто не спазнаў пакут вось гэткіх,
Даваць парады й угаворваць лёгка!
Але ж пра ўсё я ведаў, і свядома
Зрабіў памылку, саграшыў: я прызнаюся!
Людзям дапамагаючы, сябе я нішчыў.
Вядома, не ўяўляў я, што аднойчы
Даходзіць буду, да скалы ў пустэльні
Далёкай і бязлюднай прыкаваны.
Ды вы не плачце аб маіх пакутах;
А лепш сыдзіце ўніз, каб там пачуць
Пра лёс, які наканаваны мне —
Вы ўсё спазнаеце там да канца.
Не адмаўляйцеся — і мне паспачувайце!
На жаль, бяда вакол усіх кружляе
I пагражае кожнаму на свеце.
Xор
З ахвотай мы покліч успрымем твой,
О Праметэй! I лёгенька-порстка
Зляцім з калясніцы хуткакрылай;
Паветра пакінем святое, дзе птушкі
Лунаюць; на камяністую глебу
Мы сыдзем, каб твой аповяд пачуць
Пра ўсе няшчасці твае.
З’яўляецца Акіян на скрыдлатым кані.
Акіян
Я прыйшоў — і за мной доўгі шлях —
К табе, Праметэй,
Прыйшоў сюды сам, без прынукі зусім,
Кіруючы птушкай крылатай сваёй...
І ведай, што я спачуваю бядзе
Тваёй, дый свяцтва змушае мяне[6]...
Ну і, апроч таго,
Сваякоў я не маю, якіх бы я мог
Шанаваць, як цябе.
Што гэта ўсё праўда, ты ўведаеш сам.
I спазнаеш ты, што гэта ўсё — праўда,
Я хлусні не магу цярпець. Ты мне скажы:
Як магу я табе памагчы? Бо Акіян
Застанецца табе шчырым сябрам заўжды!
Праметэй
Ды што такое? Вось і ты прыходзіш,
Каб сведкам быць пакут маіх! Ды як
Паток наважыўся пакінуць ты,
Які названы тваім імем, ды пячоры,
Схаваныя між скал — каб на зямлю
Жалезародную прыйсці? Ты хочаш
Паспачуваць маёй гаротнай долі?
Ну што ж, глядзі ды спачувай таму,
Як Зеўсавага сябра, што яму здабыць
Уладу дапамог, цяпер катуе
Бязлітасна і жорстка слаўны Зеўс.
Акіян
Мне, Праметэй, відно ўсё. Я параіць
Хаду табе найлепшага — хоць ты і сам
Разумны: лепш сябе спазнай ды іншым
Кіруе новы бог. Хоць ён высока ў небе —
Ды калі ўчуе дзёрзкія твае прамовы,
Забавай боль цяперашні падасца
Табе! Няшчасны, ты на злосць забудзься:
Падумай лепш, як дараванне заслужыць!
Магчыма, і дурной табе здаецца
Мая парада, толькі, Праметэй,
Ты ж бачыш, што выходзіць з тых размоваў
Нястрыманых. Скарыцца ты не можаш
I хочаш больш пакут да тых, што маеш.
Паслухайся маёй парады і не лезь
Упарта ў бойку. Бо ты ж бачыш сам:
Уладу мае жорсткі ды няўмольны цар.
А я пайду. I паспрабую, як змагу,
Цябе ад страшных выбавіць пакут.
Ты ж — лепш маўчы, не гавары залішне:
Хіба ж не ведаеш — такі мудрэц —
Што б’юць усіх, хто шмат вядзе размоў?
Праметэй
Ты выйшаў лёгка з гэтае бяды —
Зайздрошчу — хоць і ты ў тым браў удзел.
Ды супакойся ўжо, турботы кінь свае:
Яго не ўмоліш ты. Да просьбаў ён глухі —
Глядзі, самому каб не трапіць у бяду.