Выбрать главу

Акіян

Ты іншым лепшыя парады, чым сабе, Даеш. Пра тое твае ўчынкі сведчаць. Але ж мяне не стрымлівай: я веру, Што будзе літасцівы Зеўс і ўсё ж Твае пакуты доўжыцца не будуць.

Праметэй

Табе за гэта дзякуй. I заўжды За намаганні буду ўдзячны я табе. А толькі з намаганняў я тваіх Карысці не чакаю — хоць На гэта сілы ўсе ты й аддасі. Лепш супакойся — і спакойна адыдзі. Напраўду, цяжка мне. Але праз гэта Рабіць бяды ўсё ж іншым не хачу. Мяне і так нясцерпна мучыць лёс Атланта-брата, што трымае слуп Зямлі й нябёс — агромністы цяжар. І калі бачу я дзіця зямлі таксама, Што там жыло ў пячорах кілікійскіх — Пачвару стогаловую, Тыфона — Як быў ён пераможаны, я спачуваю! Супроць багоў паўстаў ён: з сотні пашчаў Шыпенне чулася і свіст жахлівы, Быў у вачах агонь Гаргоны[7] страшны. Ды Зеўсава няўмольная страла — Маланка вострая — яго дагнала I ў сэрца трапіла дакладна — і тады Была ў ім знішчана ўся ўпартасць, сіла. Цяпер, нямоглы ўжо, ляжыць Тыфон, Прыціснуты падножжам Этны[8], і Гефэст Куе жалеза на грудзях ягоных, Непадалёк ад вузкае пратокі. Адтуль раз-пораз вогненныя рэкі Раптоўна вырываюцца — і затапляюць Прыгожыя і плодныя абшары Сіцыліі — і анікому не схавацца Ад лютасці Тыфонавай, хоць ён калісьці Быў знішчаны Зевесавай стралою. Ды ты дасведчаны ў жыцці. Няма патрэбы Цябе вучыць мне. I пра свой ратунак Ты патурбуйся так, як разумееш. Я ж буду да канца трываць, пакуль Зевес Злосць не адолее сваю ды ўпартасць.

Акіян

Ці ж ты не ведаеш, о Праметэй, што злосць Вылечваецца словамі найлепей?

Праметэй

Вядома ж — калі сэрца памякчэе, Ды не гамуецца праз сілу гнеў.

Акіян

Ды ў чым жа рызыка, мне адкажы, Як спрабаваць утаймаваць яго?..

Праметэй

То марнаванне часу і бяздумнасць!

Акіян

Дай на хваробу тую захварэць мне; Разумнаму мець славу дурня — добра!

Праметэй

Тваю памылку за маю палічаць.

Акіян

Дык значыць, мне ў палац вяртацца трэба?

Праметэй

Тым спачуваннем ворага набудзеш...

Акіян

Каго? Таго, хто ў небе валадарыць?

Праметэй

Яго ўзлаваць ацерагайся ўсё-ткі!

Акіян

Твая бяда напраўду мне навука.

Праметэй

Яго не забывай ды паспяшайся!

Акіян

Я адлятаю ўжо: не трэба падганяць. Там у эфіры мне паказвае дарогу Лятун чатырохногі мой: ён рады У родным стойле адпачыць нарэшце.

Акіян адлятае.

СТАСІМ ПЕРШЫ

Хор

Страфа першая Мы аб тваёй цяжкай долі плачам, Праметэй, Бягуць з нашых вачэй слёзы ручаямі, Сцякаюць з нашых бледных шчок — Ад іх — вільготныя сляды. Уладу цяпер мае Зеўс, I жорстка ён уладарыць: Шанаваным колісь багам Дзідай пагражае ён.
Антыстрафа першая Стогны паўсюды навокал чутны — так плачуць Па тваёй колішняй былой славе I па братах, моцных калісь. Усе народы, што жывуць, Маюць котлішча сваё На землях Азіі святой, Спачуваюць лёсу твайму; Твой боль — таксама іх боль.
Страфа другая I плачуць дочкі Калхіды ўсе, Якім і ў бітвах не боязна; Плямёны скіфскія на краі Зямлі далёкім, абапал Вод Міятыйскіх[9], таксама плачуць.
вернуться

7

Гаргона — жанчына-пачвара, якая ператварала ў камень усіх, хто глядзеў на яе.

вернуться

8

Этна — вулкан на Сіцыліі, моцнае вывяржэнне якога адбылося ў 478 г., пры жыцці Эсхіла. Вулкан паказаны тут як магіла Тыфона-агнядыха, малодшага сына Геі і Тартара.

вернуться

9

Міятыйскія воды — Керчанская пратока.