Выбрать главу
Антыстрафа другая I Арыі[10] люд ваяўнічы, З каўказскіх схілаў люд, Што з крыкам на бітвы ідзе, Дзіды маючы вострыя — Плача таксама ён.
Страфа трэцяя Бачылі мы ў гэткім няшчасці толькі Аднойчы іншага бога, Атланта: як гэты Тытан падставіў Спіну сваю пад цяжар невыносны — скляпенне Неба, й трымае так яго; вось лёс, варты спачування!
Антыстрафа трэцяя Марскія хвалі шумяць і скавычуць; чорныя Нетры ўсе Аідавы, і стогнуць патокі рэк Пра гэта, прарваўшыся з безлічы светлых Крыніц.

ДЗЕЯ ДРУГАЯ

Праметэй

Няма зусім ніякай пахвальбы Ў маім маўчанні. Так балюча мне, Як прыніжэнне бачу я сваё. Бо гэта ж я, не іншы хто, багам Цяперашнім пашану, ўладу даў! Пра гэта, зрэшты, не хачу казаць — Усё вядома вам і так. Вы лепш Паслухайце, што за бяда ў людзей. Наважыўся я кемлівасць у іх I розум абудзіць: пра гэта не таму Кажу я, каб ім неяк дапячы — А каб вы ўцямілі, што добры я да іх. Ды, вочы маючы, не бачылі яны, Ды, вушы маючы, не чулі, і Да ценяў сноў падобныя былі, Не цемячы нічога ўсё жыццё Яны дамоў з камення, поўных сонца, Не будавалі й не маглі цяслярыць. А ў сутарэннях, нібы мурашы, Жылі, зусім без дзённага святла. Не ведалі прыкмет, калі зіма Або вясна надыдзе, з кветкамі, Або, з пладамі, лета — ў іх Пра гэта не было ўяўлення, аж Пакуль пра зоркі, руху сонца сэнс Я ім не расказаў; пакуль яшчэ Навуку лічбаў — самую галоўную — Я не прыдумаў для людзей; пакуль Як літары складаюцца ў склады — Мастацтву гэтаму, падмурку памяці — Я іх не навучыў. Быў першы я, Хто да ярма скаціну прывучыў, Да хамута і да сядла — жывёлаў, Каб у цяжкой рабоце чалавеку Крыху дапамагчы. Пазапрагаў Я коней паслухмяных у вазы — Багацця прыгажосць ды бляск. То я ж I ветразі льняныя ўсталяваў На караблях — іх выправіў у моры.— Вось колькі я, гаротны, для людзей Усякага прыдумаў. Каб цяпер Прыдумаць як ратунак ад пакут.

Хор

Пад катаваннямі ганебнымі ўжо дух Твой аслабеў — так кепскі лекар,                                 захварэўшы сам, Слабее. Сіл не маеш лекаў ты знайсці, Якія б для цябе гаючымі былі.

Праметэй

Паслухай да канца і ацаніць ты здолееш, Якім умельствам я смяротных навучыў. Галоўнае і, пэўна найважнейшае: Даўней ратунку ад хваробаў не было — Ні зёлак, ні пітва, ні мазяў, ні прыпарак; Без лекаў проста паміралі людзі, Пакуль я сумесяў ім розных не нараіў — Каб боль паслабіць. Шмат ім усялякіх Гаданняў, варажбы, прыкметаў падказаў. I сны, якія спраўдзяцца, Якія не — іх вызначыў таксама я. Я растлумачыў сэнс прыкмет, якія Патрэбна ведаць, як збіраешся ў дарогу. Палёты птахаў з кіпцямі дакладна Я вызначыў: калі дабра чакаць Ад іх, калі ж — няшчасця, як яны Жывуць; як варагуюць між сабой, Як чарадой лятаюць, як кахаюцца I што за колер маюць, што за гладкасць. Усім людзям я растлумачыў знакі Агню, што ім былі незразумелкя. А хто наважыцца сказаць яшчэ, Што за мяне раней людзям адкрыў, Якія ў нетрах дзе багацці ёсць: Жалеза, срэбра, золата ды медзь?..— Ніхто не скажа, калі ён не выхваляка! Багацце ў нетрах — золата і срэбра, Жалеза, медзь — хто скажа, што пра іх Хтось ведаў да мяне? Хіба што нейкі хлус. Таму адна ёсць праўда на зямлі: Усе умельствы — Праметэеў дар.

Xор

Ты надта пра людзей цяпер не дбай — Падумай лепей пра баду сваю. Мы верым: дзень надыдзе і палон Твой скончыцца, і будзеш моцны ты, як Зеўс.

Праметэй

Не вызначаны час яшчэ на гэта Ўсямоцным лёсам. Вытрываць я мушу Пакут і болю досыць, перш чым прыйдзе воля Стаіць нашмат вышэй за розум неабходнасць.
вернуться

10

Арыі люд...— назва аднаго з персідскіх плямён.