Выбрать главу

Хор

Хто ж вызначае меру неабходнасці?

Праметэй

Тры Мойры[11] ды Эрыніі[12], што анічога Не забываюць.

Хор

Ці ж за іх слабейшы Зеўс?

Праметэй

Ад лёсу ад свайго ён не ўцячэ.

Хор

Ці ж то не лёс яго — ўладарыць вечна?

Праметэй

Больш не настойвай і пра гэта не пытайся.

Xор

Дык гэта нешта страшнае — што ты хаваеш?

Праметэй

Не будзем гаварыць пра гэта: не наспела Яшчэ пара. Мне трэба таямніцу Захоўваць пільна, бо ад гэтага залежыць Ратунак мой ад кайданоў і ад пакут.

СТАСІМ ДРУГІ

Xор

Страфа першая Хай нас не цісне ўладай Зеўс, што над светам валадарыць усім: Мы не стомімся ніколі на свеце дарамі Багоў ушаноўваць — мяса цяляці класці, Дзе бацькі Акіяна паток шуміць няспынна, вечна. I абяцанняў назад мы не возьмем, I не будзем пустога казаць; Ды ў сэрцах нашых сціпла хай мудрасць укараніцца.
Антыстрафа першая На гэта старая мудрасць кажа: Жыццё тваё існуе, каб ведаць радасць Ды поўніць сэрца — бо вечна ты жывеш — Светлымі ўцехамі, надзеямі добрымі. Ды кроў халадзее ў нас, бо ж бачым мы, як Тысяча боляў істоту тваю працінае. Зеўса не баючыся, Ты ўпарта выказваеш, Праметэй, павагі Больш да людзей, чым трэба.
Страфа другая Што ўзяць з людзей? — Зірні: Ці могуць яны за тваю аддзячыць любоў, Хіба ж паратунак табе прынясуць? Ці ж ты не бачыў бясплённых, Дарэмных высілкаў, пустых памкненняў Гэтай санлівай пароды? Ніколі не здолеюць іх задумы Парушыць наканаванае Зеўсам.
Антыстрафа другая Гэтае зведалі нашы сэрцы, Цябе й пакуты бачачы твае, Праметэй. Ах! Ды не тую песню спявалі мы, У шлюбным пакоі ды ва ўмывальні нявесты, Калі ты нашу сястру Гесіёну Узяў сабе за багаты пасаг, Жонкай зрабіў, прывёўшы з пячор Акіянавых.

ДЗЕЯ ТРЭЦЯЯ

Прыбягае Іо, ператвораная Герай у карову.

Чыя тут краіна? Хто перада мной Вісіць? Хто яго прыкаваў да скалы — Ўсім бурам на здек? За якую правіннасць ты гінуць мусіш? I скажы мне, куды гэта Занесла, няшчасную, мяне? Ліха, ой ліха! Зноў авадзень уцяўся ў мяне Ах! Ах! Бачу я: Аргас[13] там, сын нетраў. Зноў ён, пастух тысячавокі — З позіркам хлуса — крадзецца за мною. Смерць яго не схавала нават У апраметнай — ён з царства мёртвых Выйшаў і без супыну мяне Пераследуе; мяне, галодную I няшчасную. Мчыць па ўзбярэжжы ён, Топча пясок.
Страфа Жалейка, злепленая з воску, Спявае песню, уздыхае. Ах, што за гора! што за гора! Куды мяне вядзе дарога? Дзіцятка Кронава, ты мяне ў чым Выкрыць магдо? За што кару ты Паслала мне? Аваднём джаляць страх і вар’яцтва. Агнём спалі, зямлёю Засып мяне, зрабі для гадаў марскіх пакормам! Модлы мае пачуй, Слаўны ўладару! Досыць вандроўніца павандравала; Дзе і канец, невядома, Гэтых пакутаў цяжкіх Ці дзяўчыну гаротную ты чуеш?

Праметэй

Як жа магу не пачуць я голасу Гэтай дзяўчыны, дачкі Інаха[14], За якой авадзень гоніцца й якая, Зеўсу каханнем душу спапяліўшы, Па свеце з волі Геры злой туляецца?

Антыстрафа Хто сказаў табе імя майго бацькі? Хто ты ёсць — адкажы, злітуйся з мяне. Хто табе, гаротны, пра гора Іо Расказаў усё, як ёсць? Ты назваў хваробу, што бог мне паслаў — З месца на месца лячу я, Мучыць гэтае джала мяне. Ах, як сюды я ляцела! Голадам змораная, Гера гнала мяне з помслівай злосцю. Хто гаротнік той, чый боль Параўнацца можа з маім? Ты мне выразна скажы, якія Будуць пакуты мне наканаваны, Як мне хваробу перамагчы — Ведаеш — дык скажы. Я малю цябе: Дай адказ дзяўчыне беднай.
вернуться

11

Мойры — багіні чалавечага лёсу, дочкі Зеўса і Феміды.

вернуться

12

Эрыніі — багіні помсты, якія жылі ў Аідзе.

вернуться

13

Аргас (Аргус) — шматвокі велікан, сын Агенора, якому Гера даручыць пільнаваць Іо, ператвораную ў карову.

вернуться

14

Інах — аргасскі герой, сын Акіяна і Тэфіды.