Выбрать главу

Праметэй

Усё, што ўведаць хочаш, раскажу табе, На ўсё адказ я шчыры й просты дам, Як гэта між сябрамі толькі робіцца. Я — Праметэй, што даў агонь людзям.

О дабрадзей смяротных, бог бяздольны, За што ж пакутуеш ты, Праметэй?

Праметэй

Я толькі што бяду сваю адплакаў.

І мне даведацца пра гэтае не суджана...

Праметэй

Я раскажу пра ўсё, пгго ведаць хочаш.

Хто прыкаваў цябе да гэтае скалы?

Праметэй

Зевеса воля, а Гефэстава рука...

А ў чым твая віна? За што пакутуеш?

Праметэй

Сказаў табе і так зашмат я. Досыць.

Ты раскажы, гаротнай, мне, калі Бадзянні ды пакуты мае скончацца.

Праметэй

Табе не ведаць лешп аб тым, чым ведаць.

Пакут, што буду я цярпець, ты не хавай.

Праметэй

Калі жадаеш, я зраблю такую ласку.

Ну, дык чаму ж марудзіш і не кажаш?

Праметэй

Не, проста сэрца кроіць не хачу тваё.

Ды на мяне ты не зважай больш, чым прашу я...

Праметэй

Калі так хочаш, раскажу я. Слухай.

Xор

Яшчэ не трэба! Дай і нам узяць удзел... Спачатку хай яна раскажа пра пакуты, Што выцерпела ўжо, ды пра сваю нядолю. А пра далейшыя пасля раскажаш ты.

Праметэй

Іо, ты з імі добрай быць павінна, Бо гэта ж сёстры бацькі роднага твайго; Апроч таго, расказваць пра свае няшчасці Заўсёды лепш, калі ў вачах у слухачоў — Спагады шчырае і суцяшэння слёзы.

Іо

Не ведаю, як я магла б адмовіць... Вядома ж, вы пра ўсё павінны ведаць; Хоць і нялёгка мне пра тое гаварыць, Як навальніца божая мяне, няшчасную, Дагнала — і ўсю знішчыла маю красу! Так сніла я ў сваёй дзявочай спальні Штоночы, як мне прывіды шапталі Лісліва: «О, шчаслівае дзіця! Чаму цнатлівасць ты захоўваеш так доўга, Калі табе наканаваны найвышэйшы шлюб? Бо Зеўс, стралой любоўнаю працяты, З табой спажыць дароў Цытрэі[15] хоча. Не будзь упартаю, сыдзі ў даліну Лерны[16], Да пашаў бацькавых і Зеўсаў позірк палкі Сваім каханнем шчырым наталі!» Пакуты мела я ад гэткіх сноў, Пакуль не расказала бацьку ўсё пра іх. I шмат ганцоў паслаў ён у Піфо, Ў Дадону — каб даведацца, як можна — Малітваю ці словам — дагадзіць багам. Але загадкавыя звеставанні Прыносілі ганцы, і ўсё занадта цёмна Было ўвесь час... Нарэшце да Інаха Прыйшоў адказ выразны: ён павінен Мяне прагнаць і з дому, і з радзімы, Каб я адна блукала па ўсім свеце — Інакш адразу ж бліскавіцай з неба Ударыць Зеўс і ўвесь наш знішчыць род! Так, як сказаў аракул Апалонаў, Зрабіў мой бацька — з дому выправіў мяне, Насуперак сваёй ахвоце і маёй, Паддаўшыся Зевесавай уладзе. Адразу ж розум мой, маё аблічча Змяніліся: тут рогі выраслі, Сляпень за мною з вострым джалам учапіўся, Я паімчалася шалёнымі скачкамі Да тых гаючых струмянёў керхнэйскіх[17] I да Лернэйскае крыніцы. Аргас, Бязлітасны пастух, дзіця зямное, За мной паўсюды йшоў і ўсё сачыў Шматлікімі вачмі сваімі. Ды раптоўна Скон напаткаў яго, а я па свеце, Багамі гнаная, скусаная сляпнём, Блукаю з краю ў край... Цяпер вядомая Табе гісторыя мая. Ты можаш расказаць Пра новыя пакуты, што мяне чакаюць. Кажы ды, спачуваючы, не хлусь! Няма заганы горшай за хлусню.
вернуться

15

Цытрэя — адно з імён багіні кахання Афрадыты.

вернуться

16

Лерна — возера ў Аргалідзе.

вернуться

17

Керхнэйскія струмяні...— крыніца ў Аргалідзе.