Выбрать главу

— Кароль сканаў!

Усе, хто быў на сабраньні, як адзін чалавек, адразу схілілі галовы і, сярод глыбокае цішыні, заставаліся ў гэткім палажэньні некалькі мінут; затым усе сталі на калены, выцягваючы рукі да Тома, і разьлёгся магутны крык, здавалася, страсянуўшы будынак:

— Няхай жыве кароль!

Бедны Том зьдзіўленна паглядаў на гэта нязвычайнае зьявішча і, нарэшце, на мінуту задумаўшыся, спыніўся на гэтых стаяўшых на каленах прынцэсах і на гэрцогу Гэртфордзе. Тады ў яго неспадзявана бліснула думка. Ён шэпчучы зьвярнуўся да лёрда Гэртфорда:

— Адказвай мне праўдзіва, сумленна й чэсна! Калі-б я тут выдаў загад, права на які належыць толькі каралю, ці быў-бы споўнены гэткі загад і ніхто не пачаў бы працівіцца?

— Ніхто, уладару мой, ува ўсёй дзяржаве. У тваіх руках спачывае ўлада. Ты кароль Англіі — тваё слова — закон.

Том адказваў з вялікім ажыўленьнем, гучным і строгім голасам:

— Хай будзе адсюль каралеўскі закон — законам літасьцівым, а ня крывавым. Устань, пасьпяшы ў Тоўэр і аб'яві, што кароль адмяняе прыгавар сьмерці гэрцогу Норфольскаму.

Гэтыя словы хутка разыйшліся па ўсёй залі, і калі Гэртфорд выйшаў, пачуліся ізноў грамавыя крыкі;

— Канец крываваму царству. Хай жыве Адварды, кароль Англіі!

Разьдзел XII. Прынц і яго збавіцель.

Як толькі Майлс Гэндон і маленькі прынц вазваліліся з натаўпу, дык яны рознымі завулачкамі пусьціліся ў кірунку да ракі. Па дарозе ім не траплялася ніякіх перашкодаў да самага Лёнданскага мосту. Тут яны ізноў напаўзьлі на гурбу народу. Гэндон моцна трымаў за руку прынца — ўласна кажучы, караля. Жахоўная навіна ўжо разьляцелася ўсюды, і хлопчык чуў цяпер з тысячы вуснаў: „Кароль сканаў!" Пры гэтай вестцы кроў застыла ў жылах беднага сіроткі і па целе прабеглі дрыжыкі. Ён разумеў, якую панёс утрату, і вялікае было гора яго; строгі тыран, страшылішча ўсіх сваіх падданых, быў заўсёды гэтак ласкавы да яго. Сьлёзы выступілі ў яго на вачох і затуманілі ўсё перзд ім. Некалькі мінут ён лічыў сябе самым пакіненым, няшчасным і бяспрытульным з божых стварэньняў. Ды вось новыя крыкі далёкім пяруністым громам разьлягліся ўночы: „Няхай жыве кароль Адварды VI" — і вочы яго заблішчалі і ўвесь ён горда і радасна здрыгануўся. А! — падумаў ён, — як гэта вялізарна і дзіўна — я кароль!

Нашыя прыяцялі марудна праціскаліся праз натаўп, быўшы на мосьце. Гэта будова, прастаяўшая ўжо шэсьць сталецьцяў і ўвесь час быўшая гучнаю, многалюднаю вуліцаю, прадстаўляла цікавы абраз: па абодвых бакох, ад аднаго берагу да другога, цягнуліся густыя рады крамаў і крамак, з памяшканьнямі для гандлярскіх сем'яў угары. Мост сам па сабе быў нечым накшталт гораду; тут быў готэль, піўныя, пякарні, драбязговыя крамкі, харчавыя рынкі, мануфактурны вытвар і навет цэрква. Суседнія Лёндан і Саузсуорк, якія злучаў гэты мост, былі як-бы прадмесьцямі яго, і даволі благімі. Гэта была, так гаворачы, цесная корпорацыя — гарадок, меўшы толькі адну вуліцу даўжынёю ў адну пятую часьць мілі; насяленьне насіла вясковы характар, усе блізка зналі адзін аднаго, зналі бацькоў і ў дадатак усе абыватальскія справы і клопаты. Тут была свая арыстократыя — вядомыя старыя фаміліі мясьнікоў, булачнікаў і інш., займаўшыя старадаўнія кватэры ў працягу пяцёх ці шасьцёх сталецьцяў, знаўшыя гісторыю мосту ад пачатку да канца, а таксама ўсе дзіўныя легэнды аб ім; усе іхнія гутаркі, думкі, інтарэсы ня выходзілі за межы мосту, доўгага, роўнага, простага і вялізарнага мосту. Народ быў абмяжованы, цёмны і самаздаволены. Дзеці, прыходзіўшыя на сьвет на Лёнданскім мосьце, на ім-жа старэлі і паміралі, ніколі ня ступіўшы нагою за свэю ваколіцу. Гэткі народ, натуральна, мог думаць, што моцны й бесьперастанны натаўп, стаяўшы на іхняй вуліцы як дзень, так ноч, з глухім чалавечым гоманам, іржаньнем, мычаньнем, бляяньнем, грукатам і тупатам — што ўсё гэта адзіная на сьвеце вартая ўвагі рэч, а яны самі як-бы ўласьнікі яе. і гэтак было ў сапраўднасьці прынамсі, з вокнаў сваіх яны часта, цешыліся з працэсіяў, у якіх бываў кароль, ці які-нібудзь гэрой, і якія прыдавалі мосту часовы ўрачысты выгляд, — бо ня было іншага месца, дзе можна было-б з гэткаю выгадаю сачыць за дэфілядаю доўгіх і простых колённаў.

Людзі, што радзіліся й вырасьлі на мосьце, лічылі жыцьцё ў кожным іншым месцы несьцярпіма сумным і нямеўшым зьместу. Паміж іншым, расказваюць пра аднаго старыка, які пакінуў свой куток на семдзесят другім годзе жыцьця, з тым, каб адыйсьці на спакой у вёску. Але тут ён пазбавіўся сну, а толькі варочаўся й кідаўся па пасьцелі — гэткай цяжкаю, жахоўнаю і гнёўшаю здавалася яму ціша. Здорава змучыўшыся, ён уцёк у сваё ранейшае памешканьне, худы і страшны, як шкелет, ды йзноў пачаў мірна пацяшацца спакоем і прыемным сном, пад санлівую музыку булькатаўшае вады, сярод грукату, троскату й гоману Лёнданскага мосту.