Выбрать главу

Увайшоў слуга з гарачай патраваю, паставіў яе на яловым століку, прыставіў крэслы й выйшаў, пакінуўшы гэткіх танных кватэрантаў самых прыслужваць сабе. Дзьверы стукнулі за ім і гэта збудзіла спаўшага хлопчыка; ён падняўся, сеў і радасна аглянуўся навокал; але зараз-жа гора адбілася на яго твары, і ён прамармытаў, глыбока ўздыхнуўшы: „Ах так, гэта быў толькі сон. Гора мне!" Пасьля ён заўважыў камзол, паглядзеў на Майльса Гэндона, і, зразумеўшы, якую ахвяру ён прынёс яму, ласкава сказаў:

— Ты добры да мяне, але, ты надта добры да мяне. Вазьмі, апрані яго — мне непатрэбны болей.

Пасьля таго ён устаў, падыйшоў да ўмывальніка, стаяўшага ў куце, і спыніўся, нечага чакаючы.

Цяпер мы слаўна пасёрбаем закусім — ўсё смачнае й гарачае. Напэўна, яда й сон ізноў зробяць з цябе чалазека.

Хлопчык не адказваў, а ўталопіў на нашага рыцара нярухомыя вочы, у якіх выказвалася сурёзнае зьдзіўленьне з дамешкай нецярплівасьці. Азадачны Гэндон спытаўся:

— Чаго табе яшчэ?

— Добры сэр, я хачу памыцца.

— О, усяго толькі? Ня пытайся пазваленьня ў Майльса Гэндона; рабі, што хочаш, ня стыдайся, як у сябе ў хаце.

Аднак-жа хлопчык і далей стаяў, ня рухаючыся; мала таго, ён раз ці два тупнуў ножкаю аб падлогу. Гэндон зусім зумеўся.

— Скажы, у чым справа? — спытаўся ён.

— Калі ласка, палі мне вады, ды не разважай.

Гэндон, стрымваючы сьмех і падумаўшы: — прысягаю ўсімі сьвятымі, гэта вельмі дзіўна! — борзда падыйшоў і споўніў загад шустрага хлапчука; ён спыніўся, як акамянелы, але яго апрытомніў загад: „Давай ручнік!" Узяўшы ручнік, вісеўшы блізу што пад носам у хлопчыка, ён падаў яго бяз ніякай гутаркі. Пасьля ён сам пачаў мыцца і, пакуль заняты быў гэтым, яго прыёмыш сеў за стол і нарыхтаваўся есьці. Гэндон пасьпяшыў скончыць мыцьцё, адсунуў другое крэсла і хацеў таксама сесьць, як раптам хлопчык крыкнуў са злосьцю:

— Ня сьмей! Ты хочаш сядзець у прысутнасьці караля!

Гэтае здарэньне аканчальна аглушыла Гэндона.

— Вот табе на! Вар'яцтва небаракі з ходам часу ўсё мацнее. Яно зьмянілася згодна з вялікім пераваротам, што адбыўся ў дзяржаве, і цяпер ён лічыць сябе каралём! Нічога не парадзіш, трэба прыладзіцца да яго дзівосаў, — сапраўды-ж, а то ён яшчэ прыкажа пасадзіць мяне ў Тоўэр.

I, здаволены сваім жартам, ён адсунуў крэсла ад стала, стаў за плячыма ў „караля" і пачаў прыслужваць яму самым акуратным спосабам, як толькі мог.

Калі кароль пад'еў, дык строгасьць яго каралеўскае дастойнасьці крыху памягчэла; пасьля задаваленьня апэтыту, у яго зьявілася жаданьне пагутарыць.

— Здаецца, цябе завуць Майльс Гэндон, калі толькі я добра чуў, — сказаў ён.

— Так, гаспадар! — адказаў Майльс. — Калі ўжо падрабляцца пад вар'яцтва хлопчыка, дык прыходзіцца называць яго „гаспадарам" і „вялікасьцяй", ня прыходзіцца спыняцца на поўдарозе, ні перад чым не павінен я адступаць дзеля пра вядзеньня свае ролі, а то згуляю яе блага ды сапсую добрую справу.

Пасьля другое шклянкі віна, кароль прамовіў:

— Я хачу ведаць, хто ты, — раскажы мне тваю гісторыю. Ты стройны і шляхетны ў абхаджэньні. Належыш ты да шляхты?

— Мы належым да нямудрае шляхты. Бацька мой баронэт — адзін з нядаўна залічаных у рыцары — сэр Рычард Гэндон з Гэндон-Голю, каля Монксгольму, у Кэнце.

— Гэтага імя не памятаю. Ну, расказвай далей.

— Няшмат тут расказваці, вашая вялікасьць, але можа быць, што гэта павесяліць вас з поўгадзіны, ня маючы іншае забавы. Бацька мой, сэр Рычард, вельмі багаты й па характары сваім вельмі шляхетны чалавек. Маці мая памёрла, калі я быў яшчэ маленечкім хлопчыкам. У мяне два браты: старэйшы, Артур, характарам увесь па бацьку, а малодшы Гью — з подлаю душачкай, лакомы, вераломны, злы, утойлівы — адным словам, гадзіна. Гэткі быў ён з дзіцячых гадоў, гэткі быў дзесяць гадоў назад, калі я апошні раз бачыў яго; у дзевятнаццаць гадоў ён выяўляў сабою поўнага нягодніка, — мне было тады дваццаць гадоў, а Артуру дваццаць два гады. Толькі нас і было ды яшчэ лэді Эдыф, мая кузына — шаснаццацьгадовая дзеўчына, харошая, мілая, добрая, дачка графа, апошняя ў родзе, насьледніца вялікае маемасьці і падходзіўшага да канца тытулу. Бацька мой быў яе апякуном. Я любіў яе, а яна мяне, але яшчэ з калыскі была яна заручана з Артурам, а сэр Рычард не пацярпеў бы, каб урачыстае абяцаньне ня было споўнена. Артур кахаў іншую дзеўчыну; ён угаварваў нас ня траціць адвагі і мець надзею, што з часам лёс паспрыяе нам. Гью цікаваў на багацьце лэді