Аднак-жа яго жаданьне хоць раз убачыць сапраўднага, жывога прынца кожны дзень усё падрастала і, нарэшце, праглынула ўсе іншыя лятуценьні і зрабілася адзінаю прынадаю ў яго жыцьці.
У адзін студнёвы дзень, падчас звычайнае жабраніны ён некалькі гадзін панура хадзіў то ўзад, то ўперад. босы і здубеўшы, па Мінсынг-Лэне і Літль-Іст-Чыпе, заглядаючыся на вокны корчмаў і роячы аб смачных піражкох з сьвінінаю ды іншай спакусьлівай страве, выстаўленай у вітрыне; гэтыя ласункі, здавалася яму, прызначаны былі не для простых грэшнікаў, і ніколі яшчэ яму не выпадала шчасьця мець гэткую роскаш ці хоць-бы пакаштаваць яе. Было холадна, імгліла; дзень выдаўся хмарны, цемнаваты. Том вярнуўся да хаты ўвечары, змокшы, змучаны, галодны, так што навет бацька з бабкаю не маглі не зьвярнуць увагі на яго страшэнны выгляд і ня быць разжаленымі — пасвойму пэўна-ж; дзеля гэтага, даўшы яму пасьпешна па адным толькі штурханцу, яны загадалі легчы спаць. Доўга ня мог ён заснуць з прычыны болю й голаду, а таксама лаянкі і сваркі, што разьлягалася па хаце; нарэшце думкі яго пераляцелі ў далёкія, баечныя краі, і ён заснуў у таварыстве маленькіх прынцаў, апраненых у парчу з дарагімі каменьнямі, жыўшых у вялізных палацах, дзе слугі нізка кланяліся ім і растаропна спаўнялі іхнія загады. I тады, як звычайна, яму сьнілася, што ён сам быў маленькім прынцам.
Цалюткую ноч быў ён абкружаны яснатой і пыхаю каралеўскага палажэньня, прабываючы сярод лёрдаў і лэді, аблітых струёю сьвятла, ўдыхаючы пахі, поячыся цудоўнаю музыкаю й адказваючы на пашанлівыя паклоны натаўпу гасьцей, даваўшых яму дарогу, то усьмешкаю, то царственым рухам галавы.
Калі-ж раніцай ён прачхнуўся і ўбачыў сябе ў жабрацкіх варунках, дык сон зрабіў на яго звычайны ўплыў — яго бядацкае палажэньне здалося яму ў тысячу разоў горшым і выклікала ў ім горкасьць, роспач і сьлёзы.
Разьдзел III. Спатканьне Тома з прынцам.
Том збудзіўся галодны, і галодны пасунуўся з хаты; думкі яго былі заняты чароўнай веліччу таго, што ён сьніў мінулай ночкаю. Ён бадзяўся па месьце, блізу не разумеючы, дзе ён і што робіцца вакол яго. Праходзіўшыя штурхалі яго; хтосьці аблаяў; але ўсё гэта было нівошта патануўшаму ў лятуценьнях хлопчыку. Пакрысе ён як-бы прачхнуўся і ўбачыў, што знаходзіўся ў Тэмпль-Бары; ніколі яшчэ ён не заходзіў гэтак далёка ў гэты бок. На мінюту ён спыніўся, раздумваючы, пасьля йзноў аддаўся сваім лятуценьням і, далей сабе йдучы, апынуўся за гарадзкімі сьценамі Лёндану.
У гэту эпоху Странд ужо не выяўляў сабою праезнае дарогі, а лічыўся, хоць і не без некаторае натугі, вуліцаю, дзякуючы характару будынкаў, — таму што ў той час, як з аднаго боку цягнуўся блізу што шчыльны рад дамоў, з другога — было ўсяго некалькі разрозьненых вялікіх будынкаў, служыўшых палацамі багатым вяльможам, з абшырнымі, прыгожымі паркамі, якія спушчаліся да ракі; цяпер усе гэтыя паркі забудованы цьвёрдымі цаглянымі й каменнымі дамамі.
Том быў цяпер у Чарынг-Вілэджы; тут ён сеў адпачыць пад раскошнай работы крыжам, пастаўленым скінутым калісьці каралём; пасьля пайшоў сабе ўніз роўнаю, маляўнічаю дарогаю, каля шыкоўнага палацу вялікага кардынала ў кірунку да яшчэ лепшага пэлацу — Вэстмінстэрскага. Хлопчык з уцехаю й зьдзіўленьнем глядзеў на вялізарны будынак, на абшырныя флігэлі, на грозныя бастыёны й вежачкі, на вялікую каменную браму з пазалачанымі кратамі і шыкам вялізарных каменных львоў ды іншымі знакамі й сымболямі каралеўскае дастойнасьці. Няўжо-ж такі суджана, нарэшце, збыцца яго сардэчнаму жаданьню? Перад ім сапраўды быў каралеўскі палац. Хіба-ж ня мог ён цяпер мець надзеі ўбачыць прынца — сапраўднага прынца ў целе й крыві, калі толькі гэта міла небу?
З абодвых бакоў пазалачанае брамы ста,ялі жывыя постаці — стройныя, здаровыя й нярухомыя вартавыя, з галавы да ног закутыя ў блішчастыя сталёвыя латы. На прыстойным адлозе ад палацу сабраўся натаўп сялян і мяшчан, у надзеі хоць адным вокам убачыць караля. Блішчастыя карэты з бліскуча апраненымі вяльможамі і фарсістымі слугамі на казлох пад'яжджалі да шмат якіх брамаў у агароджы палацу.
Бедны Том, у сваіх лахманох, падыйшоў бліжэй і пачаў паволі й баязьліва хадзіць каля вартаўніка, з калаціўшымся сэрцам і падрастаўшаю надзеяю, як раптам убачыў цераз краты гэткі абраз, што ледзь не закрычаў з радасьці. За кратамі стаяў прыгожы хлопчык, загарэлы ад гульняў і гімнастычных практыкаваньняў на вольным паветры; вопратка на ім была з тонкага шоўку й машасту і блішчэла самаколернымі камушкамі; пры боку вісела маленечкая шпага й кінджал, усыпаны брылянтамі; ногі былі абуты ў далікатныя паўбоцікі, на галаве была харошанькая малінавая шапачка, аблямованая спадаўшым удол пер'ем, прымацованым вялікім, зіхацеўшым дарагім камушком. Каля яго стаяла некалькі важных джэнтльмэнаў — напэўна, яго слугі. О, гэта быў прынц, сапраўдны, жывы прынц; і ценю няпэўнасьці не магло быць у даным выпадку... Гэткім чынам, малітвы хлопчыка-жабрака былі нарэшце пачуты.