Выбрать главу

Гаспадыню й дачок яны ласкава трапалі па падбародку й па шчоках, калі тыя падавалі яду, выкідалі грубыя жарты, давалі насьмешлівыя мянюшкі, ўсё гэта з сіплівым, грубым сьмехам; кідалі касьцьмі й агароднінай у гаспадара й сыноў яго, так што тыя павінны былі ўвесь час выкручвацца, і пры кожным меткім удары чуўся рогат. Скончылі тым, што вымазалі маслам галаву аднэй з дзяўчат за тое, што не пазваляла ім ніякіх вольнасьцяў. Адходзячы, яны прыгразілі, што вернуцца і спаляць дом з жыхарамі, калі на іх данясуць уладам.

Каля палудня, пасьля доўгага й цяжкага пераходу, шайка зрабіла адпачынак пад плотам хаты, што была недалёка ад вялікага сяла. Адпачыўшы з гадзіну, ўсе разыйшліся, каб увайсьці ў сяло з розных бакоў ды заняцца — кожны сваёю справаю. „Джэка" паслалі з Гьюго. Яны некаторы час бадзяліся то ўзад, то ўперад; Гьюго ўсё чакаў спагаднага выпадку, але не знаходзіў яго.

— І сьвіснуць няма чаго! Вось паганае месца! Прыдзецца прасіць міласьціны.

— Я ня буду прасіць. Ты можаш — гэта твая справа й да твару табе.

— Ня будзеш? — сказаў Гьюго, са зьдзіўленьнем аглядаючы караля. — З якога гэта часу ты гэтак зьмяніўся?

— Гэта-ж як?

— Хіба-ж ты не жабраваў раней на лёнданскіх вуліцах?

— Я? Дык ты проста дурань!

— Ня вельмі так распушчай язык — для цябе-ж самога здаравей будзе. бацька твой сам казаў, што ты змалку жабраваў. Хіба ён маніў. Чаго добрага, й ты скажаш, што ён маніць? — жартаваў Гьюго.

— Ты думаеш, што ён мне бацька? Але, ён маніў!

— Годзі табе камэдыю ламаць ды прыкідацца вар'ятам, прыхавай сваё мастацтва да іншага разу, а не, дык табе-ж горай будзе. Калі яму раскажу, дык ён пасвойму адластажыць цябе.

— Ня трудзіся расказваць. Я сам яму гэта скажу ў вочы.

— Ты, сапраўды, малайчына, ды толькі ў галаве ў цябе нядобра. Ці-ж і без таго мала штурханцоў дастаецца нам, каб яшчэ наклікаць іх. Ды годзі пра гэта. Я, калі хочаш ведаць, усё-такі веру твайму бацьку, хаця пэўны, што ён умее маніць і маніць пры здарэньні — хто з нас ня гэткі? Але-ж нашто будзе ён тут маніць? Які рахунак разумнаму чалавеку маніць дарэмна? Слухай, браце, калі ты адмаўляешся жабраваць, дык чым-жа ж нам заняцца? Хіба што пайсьці кухні абчышчаць.

— Пакінь свае плёткі, не прыставай да мяне! — нецярпліва адказаў кароль.

— Слухай, голубе, што гэта ты — ня хочаш прасіць, каб далі, а красьці таксама ня хочаш? Хай сабе так. Але-ж тады вось што рабі. Ты ваб падарожных, а я буду працаваць. Ну, адмоўся ты ў мяне ад гэтага!

У караля ўжо гатоў быў сарвацца пагардлівы адказ, як раптам Гьюго перабіў яго:

— Ціха! Вун ідзе пан, — па твары відаць, што добры. Я прыкінуся, што са мною прыпадак. А калі падайзе да мяне, дык ты пачні плакаць, скавытаць, кідацца яму да ног і раві, як чорт: „Ах, сэр, гэта мой бедны хворы брат. Мы сіроты, нікога ў нас няма... У імя Бога, зьлітуйцеся над няшчасным, бясьсільным гаротнікам. Дайце ад шчодрасьці вашае хоць пэньні, бо ён гіне!" Глядзі ж, ня сьціхай раўсьці ды бічкавацца, пакуль ня выманіш пэньні, а то блага табе будзе.

Тут Гьюго пачаў стагнаць, ойкаць, падварочваць вочы, кідацца ды курчыцца; а калі падыйшоў бліжэй, ашуканец з крыкам выцягнуўся, пачаў курчыцца й валяцца ў гразі, быццам канаючы.

— Божа мой! — прамовіў дабрадушна незнаёмец. — Небарака, як ён мучыцца. Пачакай я падніму цябе.

— Ой, не, добры пане, — хай вас Бог крые, — не чапайце мяне, мне баліць, калі мяне чапаюць падчас прыпадку. Вось мой брат раскажа вам, як я пакутую. Дайце хоць пэньні, пане, адзін пэньні і пакіньце мяне аднаго з маім горам.

— Ня пэньні, а цэлых тры пэнсы дастанеш! — і ён з нэрвовай пасьпешнасьцю пачаў капацца ў кішані. — Вось вазьмі. А ну, хадзі сюды, хлопчык, памажы мне перанясьці твайго хворага брата ў той дом...

— Ды ён саўсім ня брат мне, — перабіў кароль.

— Як! Ня брат!

— О, паслухайце яго! — застагнаў Гьюго, скрыгічучы зубамі са злосьці. — Ён адракаецца ад роднага брата, які на краі магілы.

— Хлопчык, гэта напраўду жорстка з твайго боку. Ён табе брат... Сорам, — то-ж ён ня можа варухнуць ні рукой, ні нагою. А хто-ж ён, як ня твой брат?

— Жабрак і злодзей! Ён выманіў у вас грошы і з кішаня выцягнуў партаманэт. Хочаце цуд стварыць? Дайце яму, як мае быць палкаю, і ён адразу зробіцца здаровым.

Але Гьюго не чакаў цуду. У міг ён падняўся на ногі і пусьціўся ўцякаць, а пан кінуўся за ім, закрычаўшы ды клічучы на падмогу. Кароль, горача падзякаваўшы Богу, за вызваленьне, бягом скіраваўся ў процілежны бок і ня спыняўся, пакуль не апынуўся вонках небясьпекі. Тады ён пайшоў першаю, якая трапілася, дарогаю і хутка пакінуў сяло далёка ззаду. Ў працягу некалькіх гадзін ён ішоў, як толькі мог, баязьліва азіраючыся, ці ня гоняць яго; нарэшце, баязьлівасьць пакінула яго, месца яе заняла прыемная сьвядомасьць бясьпечнасьці. Тут ён пачуў голад і змогу. Спыніўшыся каля дзьвярэй фэрмы, ён хацеў папрасіць есьці, але яму не далі выгаварыць слова і бязьлітасна прагналі. Вопратка яго не гаварыла на яго карысьць.