Ён пацягнуўся далей, скрыўджаны і злы, пастанавіўшы не падпадаць болей пад гэтае паніжэньне. Але-ж голад ня цётка, ўсяму навучыць; як надыйшоў вечар, кароль папрабаваў выпрасіць што-нібудзь на другой фэрме, і тут яму яшчэ горай дасталася, як раней; яго аблаялі ды пагразілі арыштаваць, як бадзяку, калі ён зараз-жа не пайдзе далей.
Надыйшла ноч, халодная і цёмная; змучаны кароль усё йшоў ды йшоў куды вочы глядзяць, ледзь цягнучы ногі. Кожны раз, як ён сядаў адпачыць, яго да касьцей прабіраў холад, — хоцькі-ня-хоцькі трэ' было йсьці. Адчуваньні, ахапіўшыя яго ў глыбокай начной цішы, сярод бязьмежнае шырыні, былі гэтак новымі і нязвычайнымі. Часамі чуліся зьнекуль галасы, хутка затым сьціхаўшыя; ён нічога ня мог разглядзець у цемнаце, апрача нейкіх, навяваных ветрам бясформенных плянаў, здаваўшыхся яму прыявамі і зданьнямі і кідаўшых яго ў дрыготкі. Часам перад вачыма яго мігцелі агоньчыкі — недзе далёка, быццам на канцы сьвету; чуваць было, як няясна, далёка пазвоньвалі авечыя звончыкі, начны ветрык даносіў да яго глухое, тужлівае мычаньне стадаў; разьлягалася ныткае завываньне сабакі, быццам недзе за гарамі за даламі — гэтак усё здавалася далёка. Маленькі кароль адчуваў, што навокал кіпіць жыцьцё і дзейнасьць, а толькі ён адзінокі ды бяспрытульны ў гэтай неагляднай пустыні.
Ён усё йшоў, заплятаючыся, ходаны страхам, палохаючыся на кожным кроку шорхату сухіх лістоў, падобнага да чалавечага шэпту. Раптам ён убачыў блізка цьмянае сьвятло бляшаное лятарні. Ён адступіў у цень і прытаіўся. Лятарня стаяла каля адчыненых дзьвярэй хлява. Кароль прыслухваўся некалькі мінут — ні гуку, ні шарахценьня ня чуваць было. Яму зрабілася холадна, а гасьцінныя дзьверы гэтак вабілі да сябе, што ён рызыкнуў увайсьці. Ціха тоячыся, падыйшоў хлопчык да хлява і на самым парозе пачуў галасы ззаду за сабою. Ён шмыгнуў за барэлак і схаваўся. Двох работнікаў з фэрмы ўвайшлі з лятарняю і пачалі нешта рабіць, балбочучы паміж сабою. Пакуль яны тут тырчэлі, кароль аглядзеў сабе месьцечка — ў стойле, ў процілежным канцы хлява, замерваючыся прыстроіцца там, як толькі застанецца адзін. Тут-жа ён заўважыў конскія коўдры, якія маглі спатрэбіцца яму для начлегу.
Хутка работнікі пайшлі, замкнуўшы дзьверы і захапіўшы лятарню. Зьмерзшы кароль адразу ўзяўся за коўдры, падабраў іх і, ня гледзячы на цемру, шчасьліва дабраўся да стойла. Дзьве коўдры ён падаслаў, а дзьвюма, што заставаліся, ўкрыўся. Лёгшы, ён пачуў сябе найшчасьлівейшым з каралёў, хаця коўдры былі пацёртыя, тонкія й ня надта грэлі, ды ў дадатак ад іх гэтак пахла конскім потам, што можна было задушыцца.
Хлопчык зьмерз і згаладаўся, але ён адчуваў гэткую змогу і санлівасьць, што хутка драмата сходала яго. Толькі што ён пачаў засынаць, як пачуў, што нехта да яго дакрануўся. Ен мігам прачхнуўся, ледзь жывы з пярэпалаху, сэрца яго ледзь чутна стукацела. Ён ляжаў нярухома, затаіўшы дыханьне і прыслухваючыся. Ні гуку, ні шарахценьня. Ён доўга яшчэ прыслухваўся, — яму, па крайняй меры, здавалася, шта вельмі доўга, — але паранейшаму панавала няжывая ціша. Ён пакрысе ізноў пачаў драмаць дый ізноў пачуў, як таямніча нешта да яго дакранулася. Страшэнным было гэтае лёгкае датыканьне нявіданае істоты; забабонны страх ахапіў хлопчыка. Што тут рабіць? Ён ня ведаў, як быць. Пакінуць прытульнае месца і ўцякаць? Але куды? Выйсьці з хлява ня было магчымасьці; а думка, што ён павінен заставацца ў чатырох сьценах, альбо бадзяцца ў цемнаце з кутка ў куток, чуючы, як страшная здань цягнецца за ім, дакранаецца да яго пляча, да твару — гэтая думка здавалася, невынасімаю. Але-ж ня можа ён цэлую ноч таміцца ад страху. Не. Што-ж застаецца рабіць? Застаецца толькі адно — адважыцца выцягнуць руку і памацаць страшылішча. Гэта лёгка было сказаць, але ня так лёгка зрабіць. Тры разы асьцярожна выцягваў ён руку ў цемры, і кожны раз з жахам хаваў яе назад — не та'му, каб намацаў што-нібудзь, але таму, што быў пэўны, што вось-вось дакранецца да „яго". Чацьвёрты раз выцягнуў ён руку крыху далей і абмацаў нешта мягкае і цёплае. Ён блізу што старапеў ад страху. Думкі яго былі так настроены, што яму здаўся чалавечы труп, яшчэ непасьпеўшы астыць. Ён рашыў, што хутчэй памрэ, чымся дакранецца йзноў. Але хлопчык яшчэ ня ведаў сілы чалавечай цікавасьці. Праз нейкі час рука яго ізноў, дрыжучы, выцягнулася — проці яго волі й жаданьня — ў кірунку падазроннае рэчы і напаўзла на доўгі пук валасоў; ён выцягнуўся далей і як быццам намацаў цёплую вяроўку... далей — перад ім было самае звычайнае цялё, а тое, што ён палічыў за вяроўку, аказалася проста цялячым хвастом.