Гэтак прайшло некалькі дзён. Беды й цяжары бадзяцкага жыцьця, галіта, гадасьць і грубасьць паступова рабіліся несьцярпімымі дзеля нявольніка, яму прыходзіла да галавы, што ратунак ад нажа пустыньніка, ў лепшым выпадку, зьяўляецца для яго толькі адсрочкаю пагібелі. Уночы ён запамінаў пра ўсе беды і сьніў, што ён ізноў кароль, на пасадзе. Гэта, ведама што, ўмацоўвала яго пакуту, калі ён абуджаўся; з кожны днём, які ён быў у няволі, мукі яго рабіліся ўсё жахоўней і несьцярпімей.
На другое раньне пасьля спатычкі з каралём, Гьюго ўстаў поўны думак аб помсьце. Два пляны былі, галоўным чынам, выбраны ім. Адзін быў у тым, каб панізіць горды розум хлопчыка і яго ўяляную каралеўскую вартасьць; а ў выпадку няўдачы гэтага, пусьціць у ход другі спосаб: зваліць на яго якое-нібудзь праступленьне і выдаць яго ў рукі неўмалімага суда.
Дзеля прывядзеньня ў выкананьне першага пляну, ён задумаў накласьці навязку на нагу хлопчыку, саўсім правільна разважаючы, што гэткім чынам давядзе яго да адчайнасьці; а калі навязка пачне дзеяць, ён пры падмозе Канці, прымусіць яго скіравацца на вялікую дарогу жабраваць, выстаўляючы на показку хворую нагу. Раны рабіліся масьцяй альбо прыпаркаю з нягашанае вапны, мыла і жалезнае іржы; гэтая мешаніна нашмароўвалася на кавалак раменю і шчыльна прывязвалася да нагі. Спачатку павінна была зьлезьці скура і адкрыцца мяса; пасьля рана зьверху пакрывалася крывёю, якая, засохшы, прымала чорны, адпіхальны выгляд; зьверху з разьлічанаю неахайнасьцю накладалася навязка, так каб праціўную балячку было відно і каб яна выклікала спачуцьцё ў падарожных.
Гьюго заручыўся падмогаю медніка, якому кароль нядаўна прыгразіў нітавальнікам. Яны павялі хлопчыка, і як толькі згубілі з віду свой табор, пакацілі яго, пры гэтым меднік трымаў яго, Гьюго накладаў яму на нагу тугую павязку.
Кароль рваўся і мітусіўся, пагражаў навесіць абодвух, як толькі верне карону; але яны моцна трымалі яго, пацяшаючыся над яго бясплоднымі натугамі і недарэчнымі пагрозамі. Тымчасам, плястыр пачаў ужо пячы і паказаў-бы сваё дзеяньне ў самым нядоўгім часе, каб ня здарылася перашкоды. Неспадзявана зьявіўся на сцэне „раб", — той самы, што лаяў ангельскія законы, — і палажыў канец штуцы, садраўшы навязку з масьцяю.
Вызваліўшыся, кароль хацеў ужо ўзяць палку ў свайго збавіцеля і агрэць нягоднікаў, але той ня даў яму, радзячы адлажыць расправу да вечара, калі ўся шайка будзе ў зборы і ніхто з боку ня зможа ўмяшацца альбо заступіцца. Ён павёў усіх трох у стаянку і далажыў аб здарэньні атаману. Выслухаўшы яго, атаман падумаў з мінуту і рашыў, што ня трэба прымушаць хлопчыка жабраваць, таму што ён, відочна, заслужвае лепшага назначэньня — і тут-жа даў яму падвышэньне, удастоіўшы пераводу з пабірачоў у зладзеі.
Гьюго трыумфаваў. Ён ужо прабаваў падбіць праціўніка на зладзейства, але няўдачна. А цяпер ня было ніякіх труднасьцяў: ён-жа не адважыцца не паслухаць загаду, які паходзіць ад самога начальніка. I вось у той самы дзень Гьюго злажыў плян, як падвясьці караля і выдаць яго ў рукі суда, але абставіць гэта хітра і тонка, каб усё здавалася выпадковым і незадуманым загадзя, — бо „кароль баявых пятухоў", з нядаўнага часу, карыстаўся популярнасьцю, і шайка не пацэрамонілася-б з тым, хто выкінуў-бы гэткую подлую штуку, як правакатарская выдача чалавека агульнаму ворагу — закону.
Дык вось, выбраўшы момэнт, Гьюго павёў сваю ахвяру ў найбліжэйшую вёску; доўга поўзалі яны па вуліцах — адзін усё выглядаў выгаднае здарэньне дзеля зьдзейсьненьня свайго праступнага замеру, а другі чакаў мамэнту, каб смаргануць і ўцячы назаўсёды з цяжкае няволі.
Абодва сумысьля ўпусьцілі некалькі прынадных выпадкаў, таму што таямніча кожны пастанавіў дзеяць напэўна, ня ставячы на карту найзахованьнейшых сваіх жаданьняў.
Гьюго першаму выпала чарга. Ён заўважыў жанчыну, нёсшую вялікі скрутак у кошыку, вочы яго бліснулі ліхою радасьцю:
„Чорт пабяры, каб мне толькі зваліць гэтую штуку на цябе, тады трымайся, пятушыны кароль!" — падумаў ён. З выгляду саўсім спакойна, але з моцнаю трывогаю душы чакаў ён, пакуль жанчына прайшла.
— Пачакай тутака, я зараз вярнуся! — шапянуў ён і пусьціўся, хаваючыся, за сваёю здабычаю.
Сэрца караля застукацела з радасьці; цяпер яму ўдасца ўцячы, — абы толькі Гьюго адыйшоў крыху далей. Але ня суджана было зьдзейсьніцца яго чаканьням. Гьюго хаваючыся падыйшоў да жанчыны, выцягнуў скрутак і, завінуўшы яго ў кавалак старое коўдры, які насіў з сабою, пачаў уцякаць. У тую-ж мінуту жанчына падняла крык і гвалт; яна і не заўважыла, як выкралі яе ношу, але хутка схамянулася, пачуўшы, што кошык зрабіўся лягчэйшым. Гьюго ўсунуў скрутак у рукі каралю, ня спыняючыся.