Ён схапіў Майльса за руку, пацягнуў яго да вакна і пачаў моцна разглядаць з галавы да ног, і так і гэтак круцячы яго, і абходзячы навокал, каб бачыць са ўсіх бакоў. А вярнуўшыся блудны сын увесь зіхацеў з радасьці, ўсьмяхаўся і, памахваючы галавою, прыгаварваў:
— Глядзі, братка, глядзі, ня бойся; кожная рыса скажа табе, што гэта я. Разглядай, любуйся колькі хочаш, мой добры Гью — але, перад табою твой Майльс, сапраўдны Майльс, твой загінуўшы брат... Ці-ж ня так? Ах, сягоньня шчасьлівы дзень — я казаў гэта раней! Дай мне руку, абнімемся... Божа, я, здаецца, памру з радасьці!...
Ён гатоў быў кінуцца ў абняцьці брата, але той адхіліў яго рукою і, сумна спусьціўшы галаву, прамовіў неспакойна:
— Ох, Божа, дай мне сілу вытрываць гэта цяжкае расчараваньне!
Майльс з мінуту ня мог вымавіць слова; затым голасна гукнуў:
— Якое расчараваньне? Хіба-ж я ня твой брат?
Гью сумна памахаў галавою і сказаў:
— Дай Божа, каб гэта было так, каб іншыя адкрылі сходнасьць, якую адмаўляюцца бачыць мае вачы. Ой, як баюся, што ў пісьме была чыстая праўда.
— У якім пісьме?
— У пісьме, якое прыйшло да нас з-за мора, гадоў сем ці восем назад. У ім пісалася, што брат мой забіты ў баі.
— Гэта няпраўда! Пакліч бацьку — ён пазнае мяне.
— Нябожчыка не паклічаш.
— Ён памер? — перапытаўся Майльс забітым голасам і губы яго задрыжалі. — Бацька памер! О, гэта горкая вестка! Уся мая радасьць атручана цяпер. Калі ласка, пакліч Арзсэра — ён пазнае мяне, пазнае і ўцешыць.
— Ён таксама памёр.
— Божа, зьлітуйся нада мною. няшчасным... Памёрлі... абодва памёрлі — дастойных няма ў жыцьці, толькі недастойныя, як я, засталіся... А лэді Эдыта?... Пашкадуй...
— Не, яна жывая.
— Дзякуй Богу, хоць адна ўцеха! Хутчэй, братка, пакліч яе сюды! Калі й яна ня прызнае мяне... не, гэтага ня можа быць... Не, не, яна пазнае — дурасьць з майго боку навет ня мець пэўнасьці ў гэтым. Прывядзі яе, пакліч і старых слугаў — яны таксама павінны памятаць мяне.
— Усе яны памёрлі — засталося толькі пяцёх: Піцер, Гальсэй, Дэвід, Бэрнарды і Маргарэт.
Сказаўшы гэта, Гью выйшаў з пакою. Майльс пастаяў з мінуту, затым задумаўшыся захадзіў па пакоі, разважаючы сам з сабою:
— Пяцёх нягоднікаў перажылі дваццацёх чэсных і верных — дзіўная рэч.
Ён то ўзад, то ўперад хадзіў далей, нешта мармычучы, саўсім запомніўшы пра караля. Раптам яго вялікасьць сказаў сур'ёзна з выразам шчырага спачуваньня, хаця словы яго і маглі быць вытлумачаны ў іронічным сэнсе:
— Ня сумуй, добры чалавек; ёсьць і апрача цябе людзі, тая самая асабістасьць якіх ня прызнаецца, а пратэнсіі выклікаюць сьмех. Ты не адзін.
— Ах, гаспадару! — крыкнуў Гэндон, чырванеючы, — ты хаця не асудзі мяне — пачакай і пабачыш. Я не ашуканец — яна сама пацьвердзіць; ты пачуеш гэта з яе найпрыгажэйшых вуснаў. Я не самазванец, не, я знаю гэты стары замак і ўдоўж і ўпоперак, усе абразы продкаў, усе акалічныя рэчы мне гэтак сама добра знаёмы, як дзіцяці яго дзіцячы пакой. Тут я радзіўся і вырас, гаспадару; кажу праўду — я не ашукваў-бы цябе. Хай ніхто ня верыць мне, але цябе я малю быць пэўным — гэтага я ня вытрываю.
— Я ні кроплі ня маю няпэўнасьці, — сказаў кароль з дзіцячаю прастатою і вераю.
— Дзякую табе са ўсяго сэрца, — з гарачкаю сказаў праняты Гэндон.
— А ты верыш мне?
Гэндон задумаўся, але нашчасьце, у гэтую мінуту дзьверы адчыніліся, і зьяўленьне Гью збавіла яго ад неабходнасьці адказаць на вострае пытаньне.
Прыгожая лэді, багата апраненая, увайшла разам з яго братам, а за імі некалькі блішчастых слугаў. Лэді ішла марудна, схіліўшы галаву і спусьціўшы вочы; твар яе дыхаў нявымоўным сумам. Майльс Гэндон кінуўся да яе са словамі:
— О, Эдыта, дарагая!
Але Гью строга спыніў яго і зьвярнуўся да лэді:
— Глянь на гэтага чалавека. Знаеш ты яго?
Пры гуку голасу Майльса маладая жанчына крыху здрыганулася, шчокі яе загарэліся; яна ўся дрыжала. З мінуту яна стаяла моўчкі; пасьля марудна падняла вочы і паглядзела на Гэндона спруцянейшым, спалоханым паглядам; кроў адлілася ад яе твару і ён зьбялеў, як у нябожчыцы. Яна прамовіла няжывым голасам: „Я ня знаю яго!" і, адвярнуўшыся са стагнаньнем і прыдушаным плачам, хістаючыся, выйшла з пакою.
Майльс Гэндон бясьсільна ўпаў у крэсла і затуліў твар рукамі. Пасьля кароткага маўчаньня брат зьвярнуўся да слугаў: