Выбрать главу

Часамі расказ Андрыюса вельмі пачынаў цікавіць караля, і ён вастрыў вушы.

— Ходзяць чуткі, — расказваў аднаго разу слуга, — што кароль звар'яцеў. Але, калі ласка, ані слова аб гэтым, што ад мяне гэта чулі, таму што за гэткія рэчы, як кажуць, — карачун.

Яго вялікасьць глянуў на старыка і сказаў:

— Кароль ані не звар'яцеў, дарагі мой — а табе лепш было б глядзець свае справы, чымся займацца небясьпечнымі расказамі.

— Што ён там гамоніць? — спытаўся Андрыюс, зьдзіўлены нечаканаю заяваю з боку хлопчыка.

Гэндон даў яму знак не чапаць гэткага пытаньня, і старык казаў далей:

— Праз дзень ці два караля будуць хаваць у Віндзоры, — 16-га чысла гэтага месяца, а новы кароль 20-га будзе каранавацца ў Вэстмінстэры.

— Здаецца, што раней не пашкодзіла-б знайсьці яго, — прамармытаў яго вялікасьць, і дадаў са спакойнаю пэўнасьцю: — Але аб гэтым, ведама што, патурбуюцца, а я таксама прыму меры.

— У імя Бога... аб чым гэта ён?... ізноў спытаўся старык, але Гэндон, кіўнуўшы, перабіў яго. Ён трашчаў далей:

— Сэр Гью паедзе на каранацыю — вялікія надзеі мае. Разьлічае вярнуцца пэрам, — то-ж ён у вялікай ласцы ў лёрда-пратэктара.

— У якога лёрда-пратэктара?— перабіў хлопчык.

— У яго сьветласьці гэрцога Сомэрсэта.

— Якога гэрцога Сомэрсэцкага?

— Божачка, дык ён-жа ж адзін — Сэймур граф Гэртфорд.

— З якога гэта часу ён зрабіўся гэрцогам і лёрдам-пратэктарам?

— З мінулага студня месяца.

— А хто даў яму гэты сан?

— Сам, мусі, ды вярхоўная рада, са згоды караля.

Яго вялікасьць здрыгануўся. — Караля? — крыкнуў ён. — Якога караля, чалавеча?

— Як якога? Божа-ж мой, што гэта з хлопчыкам? Дык-жа ж кароль у нас адзін — ведама які: яго вялікасьць Адварды Шосты, хай яго крые Бог! Дый мілы ён, добры хлопчык. Звар'яцелы ён ці не — кажуць, штодзень папраўляецца, — але ўсе яго хваляць, старыя й малыя пасылаюць малітвы да неба, каб надарыла яго даўгім векам, дзеля дабра Англіі; панаваньне сваё ён пачаў літасьцю — памілаваў старога гэрцога Норфолька, а цяпер хоча адмяніць нялюдзкія законы, прыгнятаўшыя народ.

Гэтая навіна страшэнна зьдзівіла караля; ён патануў у глыбокіх панурых думках і ўжо ня чуў старыка. Няўжо-ж гэта „самазванец" і быў той жабрак-хлопчык, якога ён пакінуў у палацы, пераапрануўшы ў сваю вопратку? Гэта здавалася немагчымым, таму што яго манеры і мова, напэўна, выдалі-б яго, калі-б ён здумаў цьвярдзіць, што ён прынц Уэльскі — тады яго выгналі-б і пачалі-б шукаць сапраўднага прынца. Ці, можа быць, двор пасадзіў на пасад заместа яго, якога-нібудзь малайца знатнага роду? Не, яго дзядзька не дапусьціў-бы да гэтага, — ён усемагутны і, разумеецца, здушыў-бы гэткі рух. Дагадкі хлопчыка ні да чаго не давялі; чым болей ён стараўся дабрацца да тайны, тым больш станавіўся ў тупік, тым мацней балела ў яго галава, тым горшы быў сон. Яго нецярплівасьць якнайхутчэй трапіць у Лёндан мацнела кожную гадзіну, а сядзеньне ў вастрозе зрабілася для яго блізу што нязносным.

Усе стараньні ўцешыць караля былі дарэмны; але дзьве жанчыны, прыкованыя разам, здолелі зрабіць на яго ўплыў. Іхнія ласкавыя ўгаворы супакоілі яго і навучылі такое-сякое цярплівасьці. Хлопчык быў удзячны ім за гэта; пакрысе ён палюбіў іх і знаходзіў уцеху ў іхнім добрым, супакойвальна дзеяўшым на яго, таварыстве. Ён спытаўся, за што яны трапілі ў вастрог, і калі пачуў адказ, што належаць да сэкты баптыстых, дык з усьмешкаю спытаўся:

— Хіба-ж гэта такое праступленьне, каб саджаць у вастрог? Шкада, хутка нам прыдзецца расстацца — за гэткае глупства ня будуць вас доўга трымаць.

Яны не адказвалі; але штосьці ў выразе іхніх твараў стрывожыла яго.

— Вы маўчыцё, — сказаў ён жыва, — калі ласка, скажэце, ці не чакае вас яшчэ якая-нібудзь кара? У імя Бога, скажэце шчыра — вам няма чаго баяцца.