Гадзіны каля адзінаццатае ён дабраўся да палацу; і хаця цэлыя натаўпы хораша апраненае публікі ішлі ў тым самым кірунку, аднак-жа, ад Гэндона не магло ўтаіцца, што ён служыў рэчаю агульнае ўвагі, дзякуючы свайму касьцюму. Ён супыніўся і пачаў выглядаць якога-нібудзь дабрадзея, які ўзяў-бы на сябе труд далажыць аб ім старому царадворцу — аб тым, каб самому пралезьці ў палац, не магло быць і мовы. Якраз у той час праходзіў хлопчык, якога звычайна сьцёбалі за віну прынца. „Ну, калі гэта ня той самы бадзяка, аб якім гэтак трывожыўся яго вялікасьць, дык хай назавуць мяне аслом. Ён якраз адпавядае апісаньню — Бог не стварыў больш за адно падобнае страхацьцё. З якой-бы гэта прычыны загаварыць з ім?"
Майльс Гэндон вывяў яго з труднага палажэньня; ён адвярнуўся, — як звычайна бывае з чалавекам, на якога хто-нібудзь пільна пазірае ззаду, — і, заўважыўшы, што хлопчык цікавіцца ім, падыйшоў да яго і спытаўся:
— Вы, здаецца, толькі што выйшлі з палацу. Вы там жывеце?
— Але, пане.
— Ці ня знаеце, часам, сэра Гёмфры Марлё?
Хлопчык здрыгануўся. „Божанька, — падумаў ён, — гэта-ж ён пытаецца пра нябожчыка тату".
— Ведама, што знаю, — пачуўся адказ.
— Вось і добра, а што. ён там?
— Але, — сказаў хлопчык, дадаўшы ў памяці сваёй: „Там, але, там — у зямлі сырой".
— Ці магу я папрасіць аднае ласкі: скажэце яму маё імя і скажэце, што я маю перадаць яму асабіста пару словаў.
— З ахвотаю споўню вашае даручэньне, пане.
— Тады паведамце, што яго хоча бачыць Майльс Гэндон, сын сэра Рычарда. Вельмі шмат вам буду абавязаны, галубок.
Хлопчык быў расчарованы. „Кароль, здаецца, ня гэтак называў яго", праляцела ў яго галаве, „але нічога, гэта, напэўна, родны брат таго дзівака, і зможа даць яго вялікасьці такія-сякія ведамасьці".
— Пачакайце крыху вун там, сэр, а я схаджу і прынясу вам адказ.
Гэндон адыйшоў у паказанае месца — гэта была ніша ў сьцяне палацу, з каменнаю лаўкаю; у благую пагоду тутака хаваліся вартаўнікі. Не пасьпеў ён сесьці — бач, ідуць два алебардаўцы з афіцэрам; апошні супыніўся і загадаў Гэндону ісьці за ім. Той пакарыўся, і хутка быў арыштованы, як падазронная асоба, што бадзяецца ў ваколіцах палацу. Справа набірала дрэннага кірунку. Бедны Майльс хацеў быў вытлумачыцца, але афіцэр груба перабіў яго, прыказаўшы салдатам абязброіць і ператрасьці яго.
— Дай-жа Божа, каб яны што-нібудзь знайшлі ў мяне ў кішанёх, — сказаў Гэндон, — ужо я сам, як мае быць, шукаў, але толку мала.
Нічога ў яго не знайшлі, апрача нейкае паперы. Афіцэр распасьцёр яе, а Майльс усьмяхнуўся, пазнаўшы „каракулькі", накіданыя яго маленькім прыяцелем у памятны дзень прыезду ў Гэндон-Голь. Афіцэр надуўся, прачытаўшы ангельскі тэкст пісьма, а Гэндон зьбялеў, калі пачуў:
— Ізноў новы пратэндэнт на пасад. Ды іх, сапраўды, хутка будзе больш, як грыбоў пасьля дажджу. Узяць бадзяку і глядзець за ім добра, а, пакуль што, аднясу гэты важны дакумэнт каралю.
I ён пасьпешна адыйшоў, пакінуўшы арыштованага пад даглядам салдатаў.
— Ну, цяпер надыйшоў канец маім прыгодам, — прамармытаў Гэндон, — напэўна прыдзецца целяпацца на вяроўцы цераз гэтую паперачку.
А што будзе з маім бедным хлопчыкам — аднаму Богу вядома.
Раптам ён пабачыў афіцэра, які пасьпешна вяртаўся, і сабраўся з духам, рыхтуючыся адважна спаткаць бяду. Афіцэр прыказаў пусьціць арыштованага і вярнуць яму меч; затым, пашанліва пакланіўшыся, сказаў:
— Ці ня ласка, сэр, ісьці за мною.
Гэндон пакарыўся, але падумаў: „Калі-б я ня йшоў на пэўную сьмерць і не баяўся граху, дык задушыў-бы гэтага нягодніка за яго насьмешлівую пашану".
Яны прайшлі многалюдны падворак і апынуліся каля вялікага порталу; тут афіцэр, ізноў з паклонам, перадаў Гэндона важнаму царадворцу, які спаткаў яго з глыбокай пашанаю і павёў цераз вялізны калідор, з выстраенымі ў два рады бліскучымі ліўрэйнымі лёкаямі (якія нізка кланяліся ім, а за плячыма ледзь не паміралі са сьмеху, які насілу стрымлівалі, бачачы нашае „вароняе пудзела"), пасьля па шырокіх сходах, дзе тоўпіліся прыдворныя; нарэшце, увайшоўшы ў вялікую залю, праваднік праклаў яму дарогу сярод сабранае знаці. Тут ён пакінуў Гэндона, пакланіўшыся і папрасіўшы скінуць капялюш. Вочы прысутных, натуральна зьвярнуліся на дзівачную фігуру; адны наморшчылі лабы, другія насьмешліва ўшыльваліся.
Гэндон саўсім атарапеў. Перад ім, пад пышным балдахінам, на ўзвышэньні, сядзеў малады кароль, схіліўшы галаву і гутарачы з нейкаю райскаю птушкаю ў чалавечай постаці, мусі, з гэрцогам. Майльс падумаў: „I без таго цяжка расставацца з жыцьцём у цьвеце гадоў, а тут яшчэ публічнае паніжэньне". Яму ўжо хацелася, каб якнайхутчэй прыкончылі яго — выхадкі некаторых бліскучых паноў, стаяўшых каля яго, былі вельмі вялікаю крыўдаю. Але тут кароль крыху падняў галаву, і Гэндон добра разглядзеў яго твар. Яму заняло дух. Ён стаяў быццам прыбіты гваздамі, ня зводзячы вачэй з караля.