Вучні ўспрынялі рэплікі Максіма і Тані як жарт. Не зразумелі яго толькі тыя, хто працаваў за пультам. Хто такі Вадзім? А ці не ўсё роўна. Дзеці ёсць дзеці. А Вадзім напружана глядзеў на экран і бачыў, як там, далека, на Тумановым беразе мора, з заміраннем чакае сваю мару дзяцінства, пунсовыя ветразі, непаўторная Асоль...
— Таня, у якім класе ў цябе з'явілася цікаўнасць да рок-музыкі? У дзённіку тваім канкрэтнай даты няма. Запісана толькі: «Рок-музыка — клас-музыка. Я ёю зачаравана. Гэта мае жыццё, мая стыхія...» I далей пералічваеш назвы рок-гуртоў, як замежных, так і нашых, якія табе падабаліся.
— У пятым... Маці мне купіла тады касетны магнітафон. Па майму патрабаванню. Круціла «маг» штодзень. Балдзела...
— Дзе брала касеты, перапісвала рок-гурты?
— Касеты прыносіла маці, а замежныя рок-гурты перапісвала ў аднакласнікаў... (Тут Таня зманіла.)
— Касмылёва Таня, калі ласка, да дошкі, — Александрына Іванаўна, настаўніца беларускай мовы і літаратуры, на хвіліну адарвалася ад журнала пятага «Е», узняла галаву і паглядзела туды, дзе сядзела Таня. Да гэтага яна прайшлася вачыма ў журнале па прозвішчах вучняў, шукаючы, у каго няма адзнакі ці стаіць, як жартавалі школьнікі, «пара» альбо «крэндзель». Заканчвалася чвэрць, і неабходна было атэставаць кожнага вучня. А ў Касмылёвай красавалася адна двойка. Таму Александрына Іванаўна ні на хвіліну не сумнявалася, што трэба выклікаць Касмылёву. Дый Антаніна Фёдараўна, класная, прасіла, каб настаўнікі часцей выклікалі Таню.
— Касмылёва, ідзі адказваць урок... — сказала яшчэ раз Александрына Іванаўна.
Але Таня быццам не чула, нават не зварухнулася. I толькі тады, калі яе штурхнуў у бок Каралёў, які сядзеў побач, паўтарыўшы словы настаўніцы, Таня ўсхапілася.
— Які ўрок? Які ўрок? Вось «рок» — гэта клас! — вырвалася ў Тані. Увесь выгляд яе паказваў, што яна лунала недзе далека, і зусім не да урока беларускай мовы было ёй.
— У чым справа, Касмылёва? — Александрына Іванаўна падышла да парты, за якой сядзела Таня.
У гэты час нешта пстрыкнула ў чырвонай сумцы спартыўнага тыпу, і настаўніца ўбачыла, як Таня хутка выняла адтуль руку.
— Пакажы, пакажы, што ў цябе там? — твар Александрыны Іванаўны пасуровеў.
— Нічога, кніжкі, сшыткі... — спрабавала зманіць, моцна сціснуўшы ў руках сумку, Таня.
Клас загуў, самыя шустрыя Пеця Вугал і Антон Сердаболька з «камчаткі» — рада, што быў ля акна, апынуліся каля чацвёртай парты трэцяга рада, за якой сядзела Таня Касмылёва.
— Не, ты мне дай сваю сумку, я пагляджу сама... — настойвала Александрына Іванаўна.
— Не дам! Гэта мая сумка... Гаспадар яе — я... — упарцілася Касмылёва.
I тады Александрына Іванаўна выхапіла сумку з Таніных рук, ажно нешта затрашчала, ці тое, што было ў сумцы, ці сама сумка.
Настаўніца раскрыла сумку і дастала адтуль... касетны магнітафон.
— У-у-ух ты! — хваляй прайшлося па класе.
— А мы і не ведалі, што там хаваецца «хэві-метал», — сказаў Саша Каралёў, хоць сам ціхенька слухаў разам з Таняй замежны рок-гурт.
Александрына Іванаўна палезла глыбей у сумку, і хутка ў яе руках апынуліся каробачкі з пудрай, румянамі, цюбік з памадай.
— Што гэта? — не верыла сваім вачам настаўніца.
— А што бачыце... — агрызнулася Таня.
— Дзе ж кніжкі, сшыткі?
— Дома...
— Вось я цябе зараз і пашлю дадому па іх, і ты прыйдзеш сюды разам з мамай і татам.
— Таты ў мяне ужо няма. Ён пад следствам, хутка сядзе ў турму...
У класе зноў загулі, зашумелі. Паўставалі з партаў хлапчукі і дзяўчынкі.
— Хто ў вас стараста класа? — спытала настаўніца.
— Я, — устала Вераніка Рагозіна.
— Як жа вы да гэтага дайшлі? Да чаго дакаціўся клас? Хіба вы ўсе не ведалі, што носіць на ўрокі ў сумцы Касмылёва?
— Ведалі... Я думала, што яна толькі на перапынках слухае магнітафон, а выходзіць і на уроках...
— Заткніся, Рагозіха! — закрычала Таня. — Сухар у форме...
— Што, што ты сказала? — не магла паверыць Александрына Іванаўна, што ўсё гэта адбываецца на яе уроку.
— А што чулі!
— Дай сюды мне свой дзённік! — па інерцыі прамовіла выкладчыца беларускай мовы і літаратуры. — Хаця які дзённік? Хутка ў тваёй сумцы знойдзеш чорт ведае што, толькі не школьныя рэчы. Не, гэтага нельга так пакінуць... Вераніка, — звярнулася Александрына Іванаўна да Рагозінай, — абавязкова трэба абмеркаваць паводзіны Касмылёвай у класе з класным кіраўніком. А я пайду да дырэктара...
— Ідзіце, хоць у с... — прыглушаным голасам вымавіла Таня.
Гэта быў эфект, падобны на выбух бомбы. Клас скаланула, нібы выбуховай хваляй.