— Вось-вось, — нібы чакала гэтага моманту Вера Іванаўна і тут жа падхапіла: — Я таксама па скарзе жыхароў мікрараёна прыехала, — палезла ў сумку па пісьмо, дастала яго. — Якая ваша думка як выканаўцы наконт будаўніцтва гасцініцы ў гэтай мясціне?
— I чаго яны скардзяцца? — тым жа павышаным тонам працягваў Касмылёў. — Гасцініца толькі ўпрыгожыць гэты ўскраек лесу. I адначасова — мікрараён.
— Наадварот, Міхаіл Георгіевіч. Знішчыць прыроду. Вы паглядзіце, які тут лес! Ён не для часовых жыхароў гасцініцы... Вы ж ведаеце, што такое жыць часова? «Трава не расці»... Будуць паганіць гэтую лясную прыгажосць... Хіба не зразумела? Пра гэта якраз і пішуць у сваім пісьме на тэлебачанне жыхары мікрараёна, — Вера Іванаўна разгарнула ліст, паказала пальцам падкрэсленыя чырвоным алоўкам словы.
— Але ж складзены каштарыс на будаўніцтва гасцініцы. А гэта немалыя грошыкі... — хітрыў Касмылёў. Потым, хвіліну памаўчаўшы, пайшоў у наступ. — Я вам скажу так: не рабіце вы многа шуму з нічога, як сказаў адзін класік. Бо ўсё роўна будзе па-нашаму. Хоць я разумею, што такое сёння тэлебачанне. Гэта нават не прэса. Глядзяць цяпер тэлевізар усе. I жук, і жаба... — паспрабаваў перайсці на гумар. А пасля раптам нагнуўся, шапнуў на вуха Веры Іванаўне: — Можа, каляровая абліцовачная плітка патрэбна? У ванную, туалет, напрыклад? Магу удружыць за бясцэнак.
— Вы што, Міхаіл Георгіевіч, гаворыце? — сур'ёзна сказала Вера Іванаўна. — Вы ж адказны тут работнік! Пастаўлены сачыць за парадкам!
Гэтыя словы Веры Іванаўны падзейнічалі на Міхаіла Георгіевіча, нібы халодны душ. Ён скрыгатнуў зубамі (відаць, па натуры ён быў яшчэ і злосны, помслівы чалавек), крута павярнуўся і пакрочыў у бок будоўлі. На хаду кінуў Веры Іванаўне:
— А я пра вас думаў лепш... — сказаў, канешне ж, у сваім разуменні «лепш».
Ад інтэрв'ю прараб адмовіўся. Яго далі два рабочыя.
Праз некаторы час перадача пра будаўніцтва гасцініцы «Алмаз», якую вяла сама Вера Іванаўна, выйшла ў эфір. Яе глядзелі шмат людзей.
Расказвалі, што пасля гэтай перадачы, у якой было інтэрв'ю з кіраўніцтвам адпаведнага завода, хто распараджаўся будаўніцтвам гасцініцы, прыпынілі ўзвядзенне паверхаў, а Міхаілам Георгіевічам Касмылёвым занялося следства...
— Канстанцін Сяргеевіч, ці ведалі вы, што ваш сын сябраваў з Веранікай Рагозінай?
— Ці ведаў? Чуў, як яны перазвоньваліся па тэлефоне... Ен і з Таняй Касмылёвай гэтак жа сябраваў. Былі разам у піянерскім лагеры. Хлопец ён у мяне быў кампанейскі. Я нічога страшнага тады не бачыў...
— Не бачылі і не заўважалі...
— Не... А што я мог заўважыць? Дзеці як дзеці... I мы некалі такімі былі. Сябравалі адзін з адным...
— Я ведаю, Канстанцін Сяргеевіч, што вы хадзілі ў паход з начлегам з шасцікласнікамі...
— Так, хадзіў. Было гэта ў канцы мая.
— Нічога ў вас там асаблівага не адбылося?
— Здаецца, не... Калі не лічыць аднаго выпадку...
— Паслухайце, што запісала ў сваім дзённіку Таня Касмылёва: «Паход на раку Наймён мяне пераканаў, што маім ворагам нумар адзін з'яўляецца Рагозіна. Я з задавальненнем нацкавала б на яе тых наркаманаў, на якіх натрапілі, калі хадзілі па ландышы...»
Ідэю адзначыць заканчэнне шостага класа паходам з начлегам на возера ці раку падала Вераніка Рагозіна. Яе падтрымаў увесь клас. А хто не падтрымаў бы гэтую выдатную задуму старасты класа? Хадзілі ж у час зімовых канікул у лыжны паход у лес — і ўсе былі задаволены. Уражанняў было на цэлую чвэрць. Антаніна Фёдараўна таксама згадзілася, толькі на бацькоўскім сходзе папрасіла, каб хто-небудзь з дарослых дапамог ёй. Пасля некаторай замінкі — кожны з бацькоў знаходзіў прычыну, што не зможа, — згоду даў Канстанцін Сяргеевіч Цэхановіч. Ён сказаў, што будзе якраз у адпачынку і праблемы з часам для яго не існуе. Паедзе з класам.
— Толькі якое возера ці раку выберам? — задумалася Антаніна Фёдараўна.
— Давайце паедзем на раку Наймён. Ад горада кіламетраў шэсцьдзесят. Ходзіць электрычка. Наш завод часта выязджае туды, — пераконваў усіх Канстанцін Сяргеевіч.
Былі і іншыя прапановы: паехаць на возера Чаран, дзе была турбаза «Бусліны востраў», на раку Каменку. Спыніліся на прапанове Канстанціна Сяргеевіча. Па-першае, едзе сам Цэхановіч, які ведае тыя мясціны, па-другое, ён — у прафкоме завода і зможа ўзяць палаткі.