Выбрать главу

Канстанцін Сяргеевіч сапраўды «ўмудрыўся выбіць» ажно сем чатырохмесных палатак. Свае палаткі мелі дома Аляксей Булат і Максім Лобан, яны і ўзялі іх з сабой.

Канец мая выдаўся надзіва: сонца свяціла, нібыта ў ліпені, цвілі буйным кветам яблыні, на лугах і палях гарэлі рознакаляровымі агеньчыкамі кветкі, а ў дубровах з'яўляліся белыя званочкі ландышаў.

На раку Наймён дабраліся за гадзіны паўтары: гадзіну на электрычцы і паўгадзіны пяшэчкам да Арэхавай гары. Гэта была адна з прыгажэйшых мясцін Наймёна: злева, быццам вышыты абрус, луг як скінуць вокам, пойма ракі, нібыта зялёныя кругі, стаялі дубровы. А ў іх — процьма ландышаў. Справа — сасновы бор, які на адхоністым беразе пераходзіў у арэшнік. За ім — жоўты пясочак, якому роўня былі хіба што балгарскія «Златы пясцы» альбо пляжы Еўпаторыі.

— Ану, хлопчыкі, паставім палаткі!.. — падаў голас Канстанцін Сяргеевіч, узяўшы ў рукі сякеру.

— А дзяўчынкі — рыхтаваць абед... — падтрымала ініцыятыву Цэхановіча Антаніна Фёдараўна, падышла да купкі вучаніц, якія аб нечым размаўлялі.

Прайшло няшмат часу, як роўненька ў тры рады стаялі палаткі пад выноснымі соснамі Арэхавай гары. Пад кіраўніцтвам Канстанціна Сяргеевіча хлапчукі рабілі ўсё: забівалі калкі, за якія потым прывязвалі палаткі, насілі галлё на касцёр... Дзяўчынкі абіралі бульбу, наразалі хлеб, даставалі з рэчмяшкоў прыпасы... Хутка зашугаў касцёр, над якім павесілі кацялкі для варыва. Пакуль рыхтаваўся абед, многія хлапчукі і дзяўчынкі пайшлі на рэчку купацца і лавіць рыбу. Вуды захапілі з сабой. Калі накупаліся ўдосталь, выйшлі на бераг, Антаніна Фёдараўна гукнула ўсіх абедаць. Елі згатаваны ўласнымі рукамі абед так, што не адцягнуць за вушы. Пасля абеду загаралі на пясчанай выспе, купаліся, лавілі рыбу.

Таня Касмылёва, Максім Лобан і Вадзім Цэхановіч неўпрыкмет вырашылі збегаць у бліжэйшую дуброву нарваць ландышаў — пра іх у электрычцы расказваў Канстанцін Сяргеевіч. Да гаю было хвілін дваццаць хады. I, канешне, Антаніна Фёдараўна не пусціла б, калі б у яе спыталі дазволу. Таму тройца вырашыла сігануць цішком, пакуль кожны заняты сваім. Вераніка з класнай праглядалі праграму вячэрняга канцэрта — яны за яго адказвалі. Канстанцін Сяргеевіч сек для смажання шашлыкоў на вячэру карчы — тоўстыя, смаловыя.

Спачатку ўцекачы беглі па беразе рэчкі, іх засланялі кусты алешніку, лазы, потым звярнулі на луг і, прыгінаючыся, а дзе і паўзком, дабраліся па высокай траве да дубовага гаю. 3 краю дубровы ландышаў не было відаць, вырашылі заглыбіцца. Пераскочылі цераз кусты, абмінулі некалькі тонкіх невысокіх дубоў і выйшлі на сцяжынку, якая вяла ў глыбокі роў, парослы хмызам і дрэвамі. Туды і накіраваліся ўцекачы. Там, думалі яны, ландышаў — белая зямля. I сапраўды па дарозе пачалі трапляцца то адзін, то другі кусцік з белымі званочкамі.

Першым дабег да рова Вадзім і спыніўся як укопаны. За ім набліжаліся Максім і Таня. Вадзім пачаў махаць, нібы веерам, рукой: маўляў, цішэй. Калі падышлі ўсе, то ўбачылі, як на адхоне рова сярод белых ландышаў спалі два хлопцы і дзве дзяўчыны, расхрыстаныя, усе ў джынсавых пацёртых штанах, месцамі зялёных ад травы. Побач валяліся спальныя і рэчмяшкі, і, што ўсіх вельмі здзівіла, — два шпрыцы, самыя сапраўдныя медыцынскія шпрыцы, якія, відаць, былі пустыя. Значыць, асяніла тройцу, яны не проста спяць, а спяць пасля добрай дозы наркотыка. «Гэта наркаманы! Наркаманы!! Во знайшлі месцейка, гады, — сярод такой прыгажосці, сярод беласнежных ландышаў...» — здаецца, усё крычала ўнутры ў Максіма. Неспакойны быў і Вадзім. Гэтае «відовішча» так падзейнічала на хлопцаў, што яны быццам застылі на месцы, знямелі, не маглі рухацца. I толькі калі Таня ціхенька шапнула: «Хутчэй назад!», яны, нібы марыянеткі, павольна павярнуліся і пабеглі за Касмылёвай. Дабеглі да рэчкі, спыніліся. Хлопцы ўсё-такі спалохаліся. Не дзіва: упершыню бачаць наркаманаў. А Таня не спужалася. Яна адчула таксічную эйфарыю ў «бункеры», наслухалася ад Спейса і Ціма пра наркаманскія штучкі і таму спакойна гаварыла, ледзь не загадвала хлапчукам:

— Нікому ні слова пра тое, што бачылі! Дамовіліся?

— А чаму такі сакрэт? — не разумеў Максім.

— Нельга, каб усе ведалі пра такое... Яны не любяць лішніх вачэй, могуць адпомсціць...

— Дый мы ўцяклі ад усіх... — прамовіў Вадзім. — Прыйдзем, скажам, калі што: шукалі выдму, дзе водзіцца стронга. Мы ж думалі палавіць яе...

Іх адсутнасць заўважыў Канстанцін Сяргеевіч. Ён хацеў, каб Вадзім дапамог яму замарынаваць шашлыкі на вячэру. На дачы Вадзім заўсёды рабіў шашлыкі разам з бацькам — ад самага пачатку да канца, калі, прамарынаваныя ў воцаце з цыбуляй, чаплялі іх на шампуры і круцілі над агнём, аж пакуль тыя не ружавелі і не давалі такі пах, што аж цяклі слінкі. Канстанцін Сяргеевіч гукнуў Вадзіма — думаў, што ён купаецца ці загарае. Але адказу не пачуў. Тады ён спусціўся да рэчкі, дзе плюхаліся хлапчукі і дзяўчынкі, спытаў, хто бачыў Вадзіма. Нехта паказаў у бок ракі, маўляў, пайшоў па беразе з Максімам Лобанам і Таняй Касмылёвай.