Калі тройца вярнулася, Канстанцін Сяргеевіч і Антаніна Фёдараўна ўчынілі допыт. Але самавольцы адгаварыліся прыдуманай Вадзімам версіяй: вінавата стронга, пра якую наслухаліся за час дарогі ад бацькі. А яе, стронгу, не так легка злавіць: мала ведаць, што яна водзіцца ў Наймёне, трэба ведаць мясціны, дзе яна ходзіць. А пра такія мясціны, маляўніча апісваючы, і расказваў Цэхановіч-старэйшы.
Вечарам пасля невялікага канцэрта, у якім удзельнічалі пераважна дзяўчынкі, — Вераніка сыграла адну са сцэн з тэлеспектакля «Пунсовыя ветразі», — смажылі шашлыкі і гулялі пад магнітафон у «лішняга». Час пераваліў за поўнач, а гульня не канчалася. Некалькі разоў папярэдзіла, што позна, Антаніна Фёдараўна, сказаў Канстанцін Сяргеевіч, але дружныя галасы: «Яшчэ хвілінку! Яшчэ хвілінку! I мы закончым!..» — расчулілі кіраўнікоў паходу.
I тут здарылася нечаканае. Каля вогнішча на калодцы стаяў касетны магнітафон, якім кіраваў «аператар». Ён то ўключаў, то выключаў музыку, пад якую танцавалі па парах хлапчукі і дзяўчынкі. Сярод іх быў адзін «лішні», яго роля была незайздросная: танцаваць з палкай. Але ён мог, калі «аператар» імгненна выключаў магнітафон, адбіць сабе пару. I тады ўжо той, хто застаўся без пары, ішоў да палкі, свайго новага «партнёра». Лічылася, хто больш за ўсіх танцаваў з палкай, той — няўдачнік і над ім можна пасмяяцца.
Гэтым няўдачнікам чамусьці сёння аказалася Касмылёва, што на яе было не падобна. А ўсё таму, што Таня паставіла сабе за мэту: больш за ўсіх патанцаваць з Вадзімам. Аднак гэта ёй не ўдавалася, і Таня злавала. Вадзім хуценька падбягаў да Веранікі, як і Вераніка да яго, а Таня аказвалася «лішняй», бо ад астатніх хлапчукоў яна адварочвалася, пасля чаго тыя расхоплівалі іншых дзяўчынак, не зважаючы на Касмылёву.
Таня, убачыўшы, што Вераніка і Вадзім зноў разам, са злосцю падбегла да магнітафона і... штурхнула яго ў вогнішча... «Аператар» (а ім быў Сяргей Міхаевіч, гэта яго быў магнітафон) не зразумеў, што адбылося. Ён стаяў як паралізаваны.
Калі Сяргей дастаў магнітафон з агню, ён быў абвуглены і, вядома ж, маўчаў, хоць хлопец спрабаваў круціць за ўсе ручкі.
Хлапчукі і дзяўчынкі раптам спыніліся, прыціхлі. Антаніна Фёдараўна і Канстанцін Сяргеевіч, якія сядзелі з другога боку кастра, усхапіліся. I ў гэту хвіліну пачуўся Танін голас:
— Няўдачнік я, няўдачнік, так? Вось вам, вось вам... Не тая я, што вы думалі. А заутра яшчэ нацкую на вас наркаманаў...
— Што здарылася? Якіх наркаманаў? — са здзіўленнем і хваляваннем пытала Антаніна Фёдараўна, якая ўжо стаяла па гэты бок кастра. Канстанцін Сяргеевіч падбег да Міхаевіча, разглядаў сапсаваны магнітафон.
— Што здарылася? — паўтарыла настаўніца.
Усе маўчалі. I тады выйшлі Вадзім Цэхановіч і Максім Лобан.
— Так, учора мы бачылі наркаманаў, — пачаў Вадзім. — Мы хадзілі ў дуброву па ландышы і там натрапілі на іх. I стронга тут ні пры чым.
— Таня папярэдзіла нас, каб мы пра ўсё гэта маўчалі. Каб вы не ведалі. Бо яны, наркаманы, маўляў, могуць цікаўным адпомсціць. А сёння ты, Таня, сама, як тыя наркаманы... Ты сапсавала нам вечар, паход. Адкупіш магнітафон Сяргею, нідзе не дзенешся, — скончыў Максім.
Антаніна Фёдараўна толькі цяпер зразумела, у чым справа. Як жа так магло здарыцца? Толькі на хвіліну папусціся, дазволь крыху лішняе, дай паслабку (з Канстанцінам Сяргеевічам яны загутарыліся), і вось табе вынік. Што ж гэта за народ, сучасныя дзеці? I што яшчэ за наркаманы? Адкуль яны тут, сярод гэтай вабнай прыгажосці, дзівоснай прыроды?
— Хуценька па сваіх палатках!.. — падала зычны голас Антаніна Фёдараўна. —А з Касмылёвай разбярэмся заўтра...
Ідучы да палатак, Антаніна Фёдараўна і Канстанцін Сяргеевіч абмяркоўвалі гэты інцыдэнт. Канстанцін Сяргеевіч хутка і зусім перайшоў на інтрыгуючую тэму, тэму наркаманаў. Сказаў, што абавязкова трэба заўтра пацікавіцца гэтай дубровай і, калі што, заявіць у міліцыю.
Так назаўтра і зрабілі. Канстанцін Сяргеевіч з сынам, Максімам Лобанам і яшчэ некалькімі хлапчукамі пайшлі ў дубовы гай. Але там нікога не ўбачылі. Толькі на месцы, дзе ляжалі наркаманы, былі змятая трава, ландышы і валяліся абрыўкі паперы.
Таня Касмылёва папрасіла прабачэння ва ўсіх за ўчарашнюю выхадку, паабяцала Сяргею Міхаевічу адкупіць магнітафон. Якое яшчэ пакаранне Тані можна было прыдумаць, калі навучальны год скончыўся і наперадзе былі летнія канікулы?