— Таня, ты ў сваім дзённіку запісала: «Вадзім будзе мой! Хай Рагозіна ваюе на агульным школьным фронце (чула, што змагаецца яна за «маму Тоню»). Там праблемы вечныя, нас не хвалююць... Асабістае шчасце даражэйшае. Неабходна падключыць Ціма і Спейса...» У якім гэта класе было? Даты ты не паставіла на гэты раз...
— У якім? Здаецца, пасля шостага... Так, пасля шостага, перад тым, як Вадзім пайшоў ад нас у сёмы «С». Тое лета мы з Вадзімам цудоўна правялі ў піянерлагеры...
Як і абяцаў Канстанцін Сяргеевіч Цэхановіч, Таня Касмылёва трапіла разам з Вадзімам у піянерскі лагер «Зялёны гай». Праўда, толькі праз год, калі не сталі прыязджаць сюды чарнобыльскія дзеці. Цэхановіч дапамог Касмылёвым з пуцёўкай, а Маргарыта Іосіфаўна ў сваю чаргу прапанавала жонцы Канстанціна Сяргеевіча модную фінскую сукенку. Усе былі задаволены.
Комплекс «Зялёны гай» размяшчаўся ў лесе паміж шашой і чыгункай і быў абгароджаны сеткай. Зводдаль віднеўся ўзгорак з будынінамі, вакол якога раслі сосны, елкі, бярозы і нават стаяў старасвецкі дуб з чорным дуплом. На гэтым узгорку былі дачы работнікаў завода ЭВМ. Стаяла тут і дача Цэхановічаў: домік з дошак, раздзелены на два пакоі. Канстанцін Сяргеевіч прыязджаў сюды летам, звычайна кожныя выхадныя. Жонка — не заўсёды. У яе субота і нядзеля часта былі занятая: вадзіла экскурсіі.
Як толькі прыехалі ў піянерскі лагер і вылезлі з аўтобусаў, хлапчукі і дзяўчынкі разам з важатымі накіраваліся ў пакой рэгістрацыі. Па дарозе Вадзіма Цэхановіча, які ішоў наперадзе, дагналі Таня Касмылёва і незнаемы Вадзіму хлопец. Гэта быў Арцём Андронаў, сын намесніка генеральнага дырэктара завода, той самы Арцём па клічцы Цім, які ўпершыню прывёў Таню ў «бункер» каманды «Рэтс». Вадзімаў і Цімаў бацькі, як выявілася, працавалі на адным заводзе. Цім, як і Вадзім, прыехаў адпачываць у лагер. Дагэтуль хлопцам пазнаёміцца не давялося. Цім вучыўся ў іншай школе.
А вось што Таня і Цім былі зараз разам — невыпадкова. На апошняй сустрэчы ў «бункеры» ў маі, перад самымі канікуламі, Таня і Цім адзін ад аднаго даведаліся, што едуць у чэрвені ў піянерскі лагер «Зялёны гай».
I тут у Тані выспеў план, які яна па дарозе з «бункера» дамоў выклала Ціму.
Ёсць у мяне адзін знаёмы кадр, аднакласнік. Ён таксама едзе ў чэрвені ў «Зялёны гай»... — памаўчала, потым дадала: — Цім, міленькі, прашу цябе, дапамажы мне. Паспрабуй пасяліцца з ім у адным пакоі. Падабаецца ён мне, і ўсё... — прызналася Таня.
— А я табе — не? — скрывіўся ва ўсмешцы Цім і абняў Таню за плечы.
— Ты — леташні снег ужо... — адпіхнула Ціма. — Не крыўдуй... Нам патрэбны ў нашай камандзе новенькія. Разумееш? А такія, як ён, не валяюцца...
— Як завуць яго?
— Вадзім.
— Будзе зроблена. Мой бацька прасіў начальніка лагера пасяліць мяне ў двухмесным пакоі ў галоўным корпусе. Вось і будзем там з тваім Вадзікам. Як чувак?
— Во! — паказала вялікі палец Таня. — Спартсмен, барэц, займаецца ў ДЮСШ.
— Бачылі мы гэтых спартсменаў геніяльных... — Цім скочыў праз лужыну, якая засталася ад дажджу. — Вось такія цяпер спартсмены, — паказаў на лужыну, якую ён толькі што пераскочыў. — Зробім Вадзіма нашым, звычайным... А яго барцоўская сіла нам спатрэбіцца ў бойцы з варожымі тусоўкамі.
Цім і Вадзім пасля знаёмства сядзелі ў двухмесным пакоі, пра які гаварыў Тані Андронаў. Андронавым ён назваўся там, на вуліцы. Цяпер удакладняў:
— Заві мяне — Цім. Так прасцей.
— А чаму Цім? — не зразумеў Вадзім.
— Цімам мяне клічуць у камандзе «Рэтс».
— Што за каманда?
— Тусоўка, якіх шмат у горадзе. А ты што, не быў ні ў адной камандзе?
— У мяне мала знаёмых у мікрараёне. Я ўвесь час на трэніроўках, на дыване...
— Якая ў цябе вуліца?
— Металістаў.
— Ух ты! На суперсучаснай вуліцы жывеш, — усклікнуў Цім. — А я — на Артылерыстаў... Дарэчы, як ты ставішся да «хэві-метала»?
— Выключна! Спачатку, праўда, любіў «дыска». Стварыў разам з Максімам Лобанам нават свой «Модэрн токінг-2». Цяпер «хэві-метал» — мая страсць.
— Дык ты свой хлопец! У дошку! Ты павінен пазнаёміцца са Спейсам-Лысым. Гэта мы так у камандзе завём Аліка Зубанава. Спейс, думаю, ясна. Ёсць такі рок-гурт. А Лысым мы празвалі яго таму, што часта голіць галаву. Сусед мой па пад'ездзе.
— У якім ён класе вучыцца?
— Ён ужо не школьнік. Першы год займаецца ў ПТВ. Вучыцца на слесара. Абяцаў прыехаць сюды, да мяне. Пазнаёмлю цябе абавязкова. Без «метала» не можа жыць, — Цім крыху памаўчаў, нібы нешта ўспамінаў. — Памятаеш, можа, гарадское шэсце «металістаў» — ад вакзала да паштамта?