Настаўнік геафафіі тонка ўлавіў у гэтым «не ведаю» Сярожава жаданне і проста за руку прывёў яго з поля. Так і пачаў вучыцца ў дзевятым класе Сяргей. Школа купіла яму падручнікі, сшыткі, нават школьную форму, абутак. I як вучыўся Сярожа! Пасля адзінаццацігодкі паступіў у політэхнічны інстытут. Цяпер, кажуць, адзін з вядучых канструктараў на аўтамабільным заводзе.
Цікавы лес! Эх, каб сёння так вучыліся дзеці, пры ўсім дастатку! Не, няма таго жадання. Бывала, з'ясі бульбіну — і ідзеш у школу, сядзіш там шэсць гадзін, ды яшчэ старается адказваць урокі толькі на «4» і «5»...
Штосьці зрушылася ў душах у вучняў, нешта не тое адбываецца са школай. Што — каб ведаць? I тут жа выдаць рэцэпт. Можна, канешне, звярнуцца да педагогаў-класікаў — Макаранкі, Сухамлінскага, Корчака... Колькі разумнага і павучальнага ў іх выказваннях! Але як прымяніць усё гэта на практыцы? Ты можаш днямі і начамі біцца, як аб сцяну, а цябе могуць не пачуць, не зразумець, ці не захацець зразумець. Вось што самае страшнае...
Ад набегу гэтых успамінаў Антаніна Фёдараўна ледзь не забылася, што знаходзіцца ў гарадской школе. Схамянулася. Дастала запісную кніжку, у якой фіксавала ўсе скаргі настаўнікаў-прадметнікаў на сёмы «Е». Чамусьці вельмі шмат нараканняў пасыпалася ў сёмым. Менавіта тады, калі быў створаны спецыялізаваны матэматычны клас — сёмы «С». Што ж, магчыма, адкрыццё гэтага класа парушыла еднасць, згуртаванасць вучняў, пайшлі лідэры класа Вераніка Рагозіна, Вадзім Цэхановіч, іншыя хлапчукі і дзяўчынкі, якія добра вучыліся, паводзілі сябе.
Антаніна Фёдараўна перачытвала старонку за старонкай, на якіх былі кароценькія запісы. Ад іх на душы станавілася непрыемна, горка, хоць ты ўцякай немаведама куды. Бо за гэтымі запісамі — сапсаваны настрой настаўнікаў, няякасна праведзеныя ўрокі, скаргі. А адказваць павінен хто? Яна, класны кіраўнік.
«У верасні «вызначыліся» Максім Лобан і Саша Каралёў: закрылі на ключ у кабінеце рускай мовы і літаратуры маладую практыкантку пяцікурсніцу Валянціну Андрэеўну Сокал...»
«Ах, гэты гумарыст Гарноська! 23 лістапада: намаляваў простым алоўкам на паперы «пляму», затым нацёр ёю руку — і з'явіўся сіняк... Сказаў выкладчыцы выяўленчага мастацтва Соф'і Францаўне, што ўпаў на ўроку фізкультуры, тая адпусціла яго ў медпункт, а ён тым часам ганяў мяч у двары суседняга дома і разбіў шыбу ў кватэры аднаго з жыхароў. 10 снежня: зноў Гарноська — абліў чырвоным чарнілам палец, нібыта парэзаў, і сышоў з урока англійскай мовы. Пасля хваліўся ўсяму класу, як ён падмануў Валянціну Сідараўну. 25 студзеня: не прыйшоў у вучэбна-вытворчы камбінат. Перадаў запіску ад «бацькоў», што ён хворы, Юрам Бальшаковым, які яе і напісаў па просьбе Гарноські...»
«На ўроку беларускай мовы «камчаткаўцы» Антон Штанюк і Кірыл Прытко пад сталом гулялі ў карты...»
Усё часцей з'яўляецца прозвішча Касмылёвай. «На уроку заалогіі, на якім ішла гаворка пра рыб, Таня Касмылёва задала выкладчыку Аўдзею Карпавічу пытанне, якое было з намёкам: «Рыба — ясна: ікрой, а як, скажыце, размнажаюцца кактусы?»
Справа ў тым, што Аўдзея Карпавіча вучні празвалі «Кактусам» за яго калючы характар. Ён не любіў розных дзівацтваў вучняў, быў заўсёды строгі з імі і лічыў гэта правільным. «Не папускацца» — быў яго дэвіз. I не цярпеў ніякіх мянушак, якія мелі амаль усе настаўнікі ў школе. Аўдзей Карпавіч не разумеў географа Максіма Яўсеевіча, якога вучні звалі «Бублікам» (ён чуў гэта і ніколі не крыўдзіўся, наадварот, усміхаўся). Максім Яўсеевіч быў па натуры весельчаком. Калі хто ў класе правінавачваўся, ён звычайна паўтараў: «Ты што, бублік смешны з'еў раніцой?» Адсюль і пайшло сярод вучняў: «Бублік ідзе!», «Бублік двойку паставіў!». Мог Максім Яўсеевіч узяць дзённік у парушальніка дысцыпліны і напісаць насупраць свайго прадмета: «2. Агурок салёны», потым аддаць яго вучню і сказаць: «Ідзі, пакажы маме Тоні...» Усяго гэтага не прымаў Аўдзей Карпавіч. Лічыў такія ўзаемаадносіны паміж выкладчыкам і вучнем блюзнерствам, якое кампраметуе настаўніка.
У запісной кніжцы Антаніны Фёдараўны было занатавана: «Аўдзей Карпавіч без слоў, моўчкі моцна ўзяў за вуха Касмылёву, другой рукой два разы даў пстрычку ў лоб (гэта ён практыкаваў) і хацеў вывесці Таню з класа, але Касмылёва вырвалася і на хаду кінула: «Пайшоў ты ў адно месца, Кактус...»