Выбрать главу

— I гэта праўда. Пойдзем у аддзел адзення...

Праз некаторы час мужчына (ён назваў сябе Віктарам Міхайлавічам) дзякаваў старшаму таваразнаўцу за прыгожы фінскі касцюм і, калі развітваўся, нібы між іншым шапнуў:

— Чакаю вас сёння вечарам каля рэстарана «Вячэрняя зара». Трэба ж аддзячыць...

У адказ Маргарыта Іосіфаўна, усміхнуўшыся, кіўнула галавой.

Роўна ў дваццаць нуль-нуль, калі Касмылёва заканчвала работу, Віктар Міхайлавіч стаяў на прыступках рэстарана. Хутка тут з'явілася і Маргарыта Іосіфаўна.

Селі за столік, які стаяў у куце і быў разлічаны на дваіх. Ансамбль яшчэ не іграў. Віктар Міхайлавіч паклікаў афіцыянтку, заказаў бутэльку шампанскага, закуску. Тая хуценька прынесла. Напоўніўшы фужэры, Віктар Міхайлавіч узняў тост за знаёмства. Маргарыта Іосіфаўна выпіла паў-фужэра і адчула лёгкае галавакружэнне. Палілася гамонка. Слова за слова, і нядаўнія незнаёмцы адчулі сябе так, нібыта ведалі адзін аднаго даўно. А тут яшчэ палілася музыка, быццам тое шампанскае.

— Дык якая фірма вас пасылае ў ФРГ, калі не сакрэт? — з гуллівасцю пацікавілася Маргарыта Іосіфаўна.

— Наш навукова-даследчы інстытут ЭВМ... А з ім трымае сувязь завод, дзе працуе Канстанцін Сяргеевіч. Адным словам, мы ім пастаўляем мазгі...— усміхнуўся Віктар Міхайлавіч.

— Значыць, Віктар Міхайлавіч — розум, а Канстанцін Сяргеевіч — упакоўка для гэтага розуму...— Маргарыта Іосіфаўна залілася смехам. Яе падтрымаў новы знаёмы.

Іграла музыка, нешта з замежнага, першыя пары пайшлі танцаваць, а новыя знаёмцы працягвалі размаўляць.

— Мне імпануе ваш густ...— прызнаўся Віктар Міхайлавіч, намякаючы на добра выбраны касцюм.— За мяжой так ці інакш давядзецца зазірнуць у тамтэйшыя крамы. Што б вы параілі там купіць? Я ў гэтых пытаннях, па праўдзе кажучы, дылетант. Відаць, усе мы, мужчыны,— непрактычныя людзі. Ратуюць нас жонкі. Але калі яе няма, то...— Віктар Міхайлавіч зрабіў паўзу.

Яе скарыстала Маргарыта Іосіфаўна, кінула камплімент:

— У такога сімпатычнага мужчыны і няма жонкі? Не верыцца.

— Можаце паверыць — зараз няма.

— А што здарылася? — апошнія словы субяседніка заінтрыгавалі Маргарыту Іосіфаўну.

— Банальная прычына: усё тыя ж характары.

— На якім годзе?

— На шаснаццатым. Дзіўна, праўда?

— А нічога дзіўнага... Цяпер, кажуць, гэта модна,— любімае слова «модна» Маргарыта Іосіфаўна паўтарала амаль усюды.

— А ў вас як склаўся лес, ці ашчаслівілі вузы Гіменея?

— Так... Пражылі як быццам няблага... I вось зусім нядаўна адбылася, як кажуць італьянцы,— Маргарыта Іосіфаўна хацела казырнуць выкшталцонымі слоўцамі,— фіні-та ля камедыя...

— Што, развяліся?

— Не, муж сеў у турму.

— Ф'ю,— ледзь не свіснуў Віктар Міхайлавіч.— За што, калі не сакрэт?

— А так, па глупству... Прараб... За будаўнічыя матэрыялы сеў. Надта ж шчодры быў...

— Сумна...

— А каб не наганяць далей самоту, давайце вып'ем і пойдзем патанцуем,— прапанавала Маргарыта Іосіфаўна. Ёй яўна падабаўся Віктар Міхайлавіч, як і яна яму.

У гадзін адзінаццаць Віктар Міхайлавіч і Маргарыта Іосіфаўна выйшлі з рэстарана. А ў гэты час з кінатэатра «Сатурн» выходзілі з нашумелага фільма «Інтэрдзяўчынка» Таня і Вадзім. Яны параўняліся з Віктарам Міхайлавічам і Маргарытай Іосіфаўнай, якія стаялі каля рэстарана.

Убачыўшы адна адну, маці і дачка спачатку здзівіліся, а пасля Маргарыта Іосіфаўна, даўшы Віктару Міхайлавічу «Да пабачэння», рушыла з Таняй і Вадзімам у адзін бок, а «даўні знаёмец», як сказала яна дачцы,— у другі.

Пакуль Віктар Міхайлавіч знаходзіўся ў замежнай камандзіроўцы, Маргарыта Іосіфаўна ўсё часцей думала пра яго. «Відаць, пташка высокага палёту, калі ездзіць у камандзіроўкі ў капіталістычныя краіны... Не выпусціць з рук... Цяпер жанчыны — хітрыя сарокі... Разведзеныя талковыя мужчыны доўга не бываюць адзінокія. Ну, а што мой? Хіба я буду яго чакаць, як школьніца, тры гады? Ды хто ён цяпер? Зэк! Гэта проста невыносна... Калі навокал такія прыгожыя разумныя мужчыны...»

Маргарыта Іосіфаўна перастала зусім цікавіцца Танінымі школьнымі справамі. Калі раней яна яшчэ заходзіла ў яе пакой, правярала сшыткі, дзённік, заглядвала ў пісьмовы стол, то цяпер рэдка турбавала Таню. Асабліва пасля таго, як зрабіла заўвагу дачцэ: «Што ты з гэтым «металам» днюеш і начуеш? Узяла б кніжку, падручнік...» На што Таня рэзка адказала: «У цябе — свае справы, у мяне — свае...» і пад носам у маці стукнула дзвярыма, ускочыла ў крэсла каля стала, пад музыку стала выпісваць з газеты назвы рок-гуртоў хіт-параду.

Паступова гэта ўвайшло ў звычку: ёсць Таня ў пакоі ці няма — Маргарыце Іосіфаўне было ўсё роўна...