— Я люблю ўладу,— выгукнула Таня.— Любую і над усімі. Тут, у двары, у школе, дома. Дрыжыце, няшчасныя!
— Перастань, Таня,— супакойваў Вадзім.
— А ты не будзь святошам. Для Рагозінай ты, можа, такі, а тут будзь, як усе. На, куры...— яна схапіла цыгарэту з Цімавых рук і сунула ў рот Вадзіму.— I дай усім па разу зацягнуцца. Новенькім — таксама. Дзяўчынкі, цыгарэткі — цуд! — падміргнула Іры і Лене (іх звалі так).
Вадзім злёгку пацягнуў і перадаў цыгарэту іншым. Тыя па чарзе спрабавалі незвычайны тытунь. Усё было новае, і спакуса даведацца, што ж гэта за анаша, авалодала ўсімі «пацукамі». Ведалі, анаша — наркотык. Яго не так легка здабыць. Усе клеі яны перанюхалі, ацэтон мелі зрэдку, толькі калі прыносіў Спейс-Лысы. Яго было цяжка дастаць, а Спейс — мог.
Цім раптам перавёў гаворку на Дзіка, прасіў Спейса больш падрабязна расказаць усім пра яго і абавязкова сустрэцца з ім.
— Ёсць у Дзіка «відзік». А касеткі — пальчыкі абліжаш,— заінтрыгоўваў «пацукоў» Лысы.— Я глядзеў некалькі фільмаў. Амерыканскі — парнуху. Тры серыі «Эмануэля». Кітайскі — пра каратэ. «Касталомы» называецца...
— Звадзі нас да Дзіка, просім цябе! — загукалі ледзь не ў адзін голас «пацукі».
— Э-э-э...— грымаснічаў Спейс.— А па «чырвоненькай» не хочаце? Вы думаеце, ён за так паказвае? Дудкі! Яму не з неба ўсё падае, вось і ён...
— А дзе ж тыя «чырвоныя» ў нас? — запытаўся нехта з «пацукоў».
— Гы-ы... Усё вучы вас. Бацькі навошта ў вас? — дапамог Лысаму Цім.— Вось, напрыклад, як я раблю. Бацьку кажу: «Новыя касеткі з запісамі на рынку з'явіліся. Ну, там розныя «Пінк флойд»... Дый нашы нішто сабе — «Кіно», «ДДТ»... Чуў, як яны ў горадзе нашумелі сваімі выступлениямі на стадыёне, у спорткомплексе?» — «Чуў,— кажа.— Быццам няблага пяюць. Па-сучаснаму. А што, іх ужо пазапісвалі на касеты і прадаюць? — пытаецца».— «Колькі жадаеш...— адказваю.— Нашы меламаны не спяць у шапку».— «I колькі каштуюць?» — «Па «чырвоненькай» адна касета. Ідуць на расхоп. Гані,— кажу,— пару «чырвоных»... А я іх, гэтыя гурты, з вамі ў «бункеры» перапісваў.
— Хэ, добра што твой продак рок-музыку любіць,— падключыўся да гаворкі Вадзім.— А што рабіць, калі мой у ёй нічога не петрыць і наогул не церпіць яе?
— Ну дык тады прасі...— Цім паляпаў па сваіх джынсавых штанах,— на новыя «бананы» ці «варонку». Нідзе не дзенецца, дасць. А калі спытае: дзе яны, гэтыя штаны, мы табе дадзім панасіць на пару дзён,— загігікаў Цім.
— Не смяшыце, хлопчыкі,— увайшла ў ролю прынцэсы Таня,— вы яшчэ просіце? Я сваей маман заяўляю, а не прашу: не пайду ў школу, кіну яе, пайду ў бадзягі, калі не купіш патрэбную рэч. Тая адразу: «На, на...» Палохаецца...— памаўчала.— Наогул, пара нам мець свой бізнес. Мы што, не арганізацыя? Навошта існуюць двары? Трэба паціху дзейнічаць. Хто не наш — плаці аброк, няважна чым: грашыма, красоўкамі, курткамі. Ды ў вялікіх гарадах даўно так робіцца. Вы што, не чулі? — стаяла ў ваяўнічай паставе Таня.
— Ты хочаш сказаць, прынцэса,— пара нам стаць юнымі рэкецірамі? — пагойдваўся з боку на бок Спейс-Лысы, нязграбна трымаючы ў пальцах цыгарэту.
— А што, ідэя,— падхапіў Цім.— На кішэнныя расходы ох як трэба нам «капуста».
— Ну, што ж, з заўтрашняга дня можам заняцца дваровым бізнесам,— закончыў размову Лысы.— На сёння хопіць, можаце разбягацца. А мы з Цімам зоймемся інструктажом новенькіх. Іра і Лена,— Спейс загадкава глянуў на дзяўчынак,— не супраць, я думаю, глыбей уведаць пра справы нашай тусоўкі...
Адзін за адным «пацукі» выслізгвалі з падвала. Вадзім і Таня выйшлі разам, потым кожны паасобку пакрочыў у бок свайго дома.
Гэта была чарговая дыскатэка ў сёмым «Е» класе. Антанта Фёдараўна называла яе, як некалі ў вёсцы, вечарынкай. Такія вечарынкі яны, вучні шасцідзесятых гадоў, ладзілі ў недабудаванай хаце старога Яўхіма. На гармоніку іграў іх жа аднакласнік Аркадзік Клыпаты. Ён спрабаваў на свой лад наярваць летку-еньку, якая тады была ў модзе.
Цяпер у школе ўвайшло ў моду збірацца на дыскатэку вечарам у класе. Кожны клас асобна ладзіў сваю. Вучні прыносілі касетныя магнітафоны з уласнымі запісамі і абавязкова — замежных рок-гуртоў.
I на гэты раз прыйшлі са сваімі магнітафонамі Максім Лобан, Андрэй Паршута, Дзіма Лагунок. I — о дзіва! — з'явілася Таня Касмылёва. На класныя дыскатэкі яна звычайна не хадзіла. Іншы раз яе бачылі толькі на агульнай школьнай вечарынцы. А тут прыйшла на класную. I не адна: з верхаводамі тусоўкі «Рэтс» Спейсам і Цімам.
— Прывітанне,— кінула ў кут, дзе сабраліся аднакласнікі, Таня. Падышла з «пацукамі» бліжэй.
Максім Лобан уключыў свой «маг». Палілася песня ў выкананні заходнегерманскага дуэта «Модэрн токінг». Хлапчукі і дзяўчынкі пачалі танцаваць.