Як ехаць да кінатэатра «Авангард», яна ведала. Сесці на аўтобус нумар пяць, ён давязе да вуліцы Бакуніна, а там крышку прайсці.
Доўга чакаць аўтобуса не давялося. Ён падышоў услед за тралейбусам, які хадзіў па праспекце. Вераніка ўскочыла, прабіла талон, села на пустое месца і, калі аўтобус крануўся, пачала разглядаць у акно дамы. Азірнулася, убачыла, як прамільгнуў пяціпавярховы блочны дом, у якім была іх двухпакаёвая кватэра. Нешта торгнула ў сэрцы... Такога, здаецца, не было раней. Родны дом, у якім яна жыла амаль пятнаццаць гадоў, дзе ўсё было знаёма да драбніц...
Прайшло з паўгадзіны, калі вадзіцель аб'явіў: «Вуліца Бакуніна». Вераніка выйшла і накіравалася ў бок «Авангарда». Пад нагамі чвякала раскапаная мокрая зямля — ішлі рамонтныя работы, ляжалі трубы. Каля кінатэатра і за ім стаялі паўразбураныя, нібы халупы, прыватныя дамы: іх паціху зносілі.
Вераніка згледзела, як ля кінатэатра туды-сюды шпацыравала Касмылёва. Калі падышла блізка, убачыла: Танін твар быў размаляваны, як у лялькі — цені пад вачыма, нафарбаваны тушшу вейкі, у ружовай памадзе губы, на шчоках румяны.
Таня, убачыўшы Вераніку, адразу зашчабятала, быццам і не было ў яе непрыязнасці да саперніцы. Паказала на рэкламу фільма «Лялечка», якая вісела на сцяне кінатэатра, пачала яго хваліць. Маўляў, пра яго расказваў яе сябар. Там ёсць пікантны эпізод: калі маладая настаўніца і дзесяцікласнік любяцца... I наогул, фільм ледзь не пра яе і Вераніку — пра дзевяцікласнікаў. Таму няма чаго і думаць... Але спачатку трэба зайсці да сябра, з якім даўно знаёма Таня.
— Ён тут зусім блізка жыве. Чакае нас... «Чаго, — кажа, — тырчаць на холадзе. Калі можна да сеанса пасядзець у мяне, пагутарыць, паслухаць музыку», — шчабятала Таня.
— Няёмка, — сказала Вераніка. — Незнаемы хлопец... Што падумаюць бацькі? Давай тут...
— Ён адзін. Бацькі на працы. Праз некалькі двароў — і мы ў яго... — працягвала маніць Таня.
— А расказваць тут, на скразняку, мне расхацелася... Усё даведаешся там...
Што было рабіць Вераніцы? Не пайсці, павярнуцца назад? Можна і так. Але чаго яна сюды ішла? Магчыма, тут на ўсе яе пытанні хаваюцца адказы. I хацелася ведаць іх чым хутчэй.
— Ну, што ж, пайшлі... — ціха сказала Вераніка.
Па дарозе трапляла нейкае ламачча, канавы, пакінутыя з выбітымі рамамі дамы. Нарэшце Касмылёва падвяла Вераніку да дома, дзе жыў Дзік.
— Вось і ўсё... Нейкіх хвілін дванаццаць хады. Во яго дом, — паказала на ладны асабняк Таня.
Анастас Лапуноў, як і было дамоўлена з Таняй, навёў парадак у хаце, падрыхтаваў «відзік», паставіўшы для пачатку самую прыстойную касету, якая ў яго была, і чакаў дзяўчат. Касмылёва, да гэтага пабываўшы ў Дзіка, выклала яму ўвесь свой каварны план. I Дзік ведаў, як дзейнічаць. Яго не трэба было вучыць.
Увайшлі ў хату, дзверы якой былі прыадчынены. Лапуноў чакаў і адразу з парога пачаў знаёміцца з Веранікай.
— Анастас... — падаў руку Дзік.
— Вераніка... — нясмела працягнула сваю вузкую далонь.
Лапуноў запрасіў дзяўчынак у пярэднюю, падбег да відэамагнітафона, уключыў яго. Сам падаўся назад, напэўна, на кухню.
Вераніка села на падрапанае крэсла, на гэткае ж самае прысела і Таня. Пачаўся відэафільм «Першае каханне». Хлопцы і дзяўчаты Веранічынага і Танінага ўзросту па чарзе цалаваліся пад чаромхай. Вераніцы стала непамысна. Яна пачала ёрзаць на крэсле. У гэты час зявіўся Дзік з падносам, на якім у графіне плёскалася ці то віно, ці то каньяк. Побач некалькі цукерак. Звычайныя карамелькі.
— Прашу, лэдзі, прычасціцца... — нараспеў пачаў Лапуноў. Наліў у чарку, першай падаў Вераніцы.
— Я не п'ю... — ціха сказала Вераніка.
— Не чакаў такой падзякі... — прабасіў Дзік. — Вучыся ў сяброўкі. — Ён падаў Тані поўную чарку. Тая глынула і пачала разгортваць цукерку. Потым выпіў Лапуноў. Двое павесялелі. Трэцяй, Вераніцы, было няўтульна і непрыемна ў гэтай хаце з першых хвілін. А тут яшчэ выпіўка...
— Ну, што ж, калі не п'ём, то мо закурым? — Дзік паважна працягнуў цыгарэту Вераніцы.