Выбрать главу

— Цікава, куды загналі гэтую шлюху і бандытку? — са злосцю вымавіла «англічанка» Валянціна Сідараўна Гуз, якая, пачуўшы словы «хімічкі», затрымалася ля парога з класным журналам.

— У Вербічы... У спецПТВ... — адказала Наталля Аляксандраўна.

— Гэта ж на поўдні Беларусі... — удакладніла выкладчыца геаграфіі Анастасія Паўлаўна Ягадкава, маладая настаўніца, якая працавала ў школе другі год.

— Во, правільна, акрамя «спяцухі» яшчэ і «чарнобыля» хай нюхне... Дзесятаму закажа... — у тым жа тоне працягвала Валянціна Сідараўна.

— З-за яе, па сутнасці, знялі Ангеліну Мікалаеўну з дырэктарскай пасады. Кажуць, цяпер працуе простым выкладчыкам у адной са школ горада. Дацягвае да пенсіі. А столькі ж гадоў кіравала школай... — не вытрымала «матэматычка» Алена Кузьмінічна Тумеля, якая сядзела за стадом. — Ну і «перл» была... Адзін жах! (Гэта ўжо пра Таню Касмылёву.) Як можна было такой нарадзіцца?

— Нарадзіцца?.. — зноў уступіла ў размову Наталля Аляксандраўна. — Тут, мабыць, не толькі гены вінаватыя. А ўсё разам сышлося: і асяроддзе, і выхаванне дома, ну і мы, настаўнікі, не ўсё зрабілі, каб...

— А я лічу, — перабіла «хімічку» Валянціна Сідараўна, —што аснова ўсяго — бацькі. Якія бацькі — такія і дзеці. I ніякая школа не дапаможа. Таніны маці і бацька — тыповы прыклад. Ужо, кажуць, развяліся. Яна з новым хахалем жыве, а ён з новай каханкай...

Антаніна Фёдараўна не ўмешвалася ў размову, толькі назірала за рэакцыяй настаўніц. Разумела жорсткасць Гуз і Тумелі. Усё правільна: такога чалавека, як Таня, па звычцы шкадаваць нельга. Ды і што ім, настаўніцам-прадметніцам, якім і было толькі правесці ўрок у класе, дзе вучылася Таня. У іх уяўленні Таня — гэта кепская вучаніца і вельмі дрэнная дзяўчынка. Так думалі амаль усе настаўнікі школы, у тым ліку і новы кіраўнік дзевятага «Е» Галіна Анатольеўна Дубровіна.

А Антаніна Фёдараўна ўспрымала Таню глыбей. I падставай для гэтага былі гады кіраўніцтва класам, у якім вучылася Касмылёва.

Пасля трагедыі, якая здарылася з Веранікай Рагозінай, Антаніна Фёдараўна часта заходзіла да яе мамы, Веры Іванаўны, каб падтрымаць, сказаць ёй хоць некалькі добрых слоў, чым-небудзь дапамагчы. Вера Іванаўна цяпер жыла адна, і пустата ў кватэры была страшнейшая за ўсё. Успаміналі Вераніку, заходзіла гаворка пра Таню. Але, што самае дзіўнае, меркаванні Веры Іванаўны пра Касмылёву былі куды больш стрыманыя, чым настаўніц. Хаця, здавалася, павінна быць наадварот. Вера Іванаўна, як ні цяжка было ёй, гаварыла ціха, спакойна:

— Тут усё звязана ў адно. Час — гэта людзі. Не памятаю, хто з вялікіх сказаў, але гэта гучыць прыкладна так: «Віна не караецца — яна ляжыць на выхавальніках, бацьках, на нас саміх, а не на злачынцы...» Маюцца на ўвазе прычыны, якія прымусілі здзейсніць злачынства. Вось тут і трэба шукаць загадку і разгадку ўсіх нашых бедаў...

— Але, Вера Іванаўна, ёсць жа канкрэтныя віноўнікі злачынства. Яны павінны быць пакараны, — Антаніна Фёдараўна імкнулася хоць як-небудзь узняць душэўны настрой Веры Іванаўны.

— Так, павінны. Каб яшчэ раз не маглі ўчыніць падобнае. Калі пачнуцца паўторы, тады чалавека спыніць цяжка і перавыхаваць немагчыма. А перавыхаванне проста неабходна, інакш... — Вера Іванаўна зрабіла невялікую паўзу, апусціла галаву. Потым раптоўна ўзняла яе: — Думаю, што Таню можна яшчэ выратаваць...

Гэтыя словы вельмі ўразілі Антаніну Фёдараўну: «Незвычайны чалавек, калі так думае пра свайго, па сутнасці, ворага». Ні на хвіліну Вера Іванаўна, канешне ж, не забывала Таню як віноўніцу смерці яе дачкі.

I Антаніна Фёдараўна ўвесь час успамінала Таню. Усюды — у школе, дома. Разважала пра яе далейшы лес. Нешта падобнае з ёй было і пасля таго, як забралі ў Віцебскую выхаваўча-працоўную калонію Вадзіма Цэхановіча. У яе быў намер паехаць туды.

Цвёрда вырашыла: неабходна выбраць нейкі вольны дзень і з'ездзіць у Вербічы да Тані. Перад гэтым яна пабыла ў Танінай маці, Маргарыты Іосіфаўны, і даведалася, што Таня забараніла маці прыязджаць у спецПТВ. Гэта яшчэ больш падахвоціла Антаніну Фёдараўну. «А чаму б не паспрабаваць мне, былой класнай, знайсці кантакт з Таняй? Гутарылі ж мы з ёю ў кафэ, калі яна вучылася ў школе. Праўда, тады нічога не атрымалася. Але, можа, цяпер, калі Таня трапіла ў такое становішча, яна па-іншаму паставіцца да мяне? Ва ўсякім разе, нельга кідаць яе на волю лесу...»

Такіх паездак у яе было дзве: ў час летніх і асенніх канікул.

У пачатку ліпеня, калі школа сціхае, і настаўнікі ідуць у свой чарговы адпачынак, Антаніна Фёдараўна прыехала ў Вербічы. Тады ж і пазнаёмілася з выхавальніцай Кацярынай Міхайлаўнай, якую паслалі сустракаць Мірановіч на кантрольна-прахадным пункце спецПТВ. Антаніне Фёдараўне запомніліся яе прыгожы твар з ямачкай на шчацэ, якая з'ўлялася, калі Кацярына Міхайлаўна ўсміхалася, міндалепадобныя блакітныя вочы, акуратная стрыжка русявых валасоў.