Выбрать главу

Злева стаяў невялікі цагляны дамок, у якім знаходзілася раённая пракуратура і куды трэба было Антаніне Фёдараўне. У вестыбюлі прачытала, дзе знаходзіцца прыёмны пакой — на другім паверсе, — і па драўляных прыступках паднялася туды. Адчыніла дзверы — на крэслах ля сцяны сядзелі наведвальнікі: чакалі. Насупраць за сталом нешта пісала маладая дзяўчына з акуратнай чарнявай прычоскай — сакратарка. «Спытаць у яе? Што ёй сказаць? Скажу: мне патрэбна да пракурора». Прозвішча яго Галаўнёў. Запомніла з тэлеграмы. «Але ж тут вунь колькі наведвальнікаў... I ўсе, відаць, да яго... Калі кожнага прыняць і выслухаць, то і паўдня не хопіць. А мая справа не церпіць ад кладу. Дый блізіцца канец рабочага дня...»

Як толькі Антаніна Фёдараўна сказала, што ёй патрэбна да пракурора (назвала прозвішча), сакратарка, узняўшы галаву, спакойна глянула ў бок тых, хто сядзеў ля сцяны:

— Усе да пракурора. Але яго пакуль няма. Ён у выканкаме. Хутка павінен прыйсці...

— Так-так... За мной будзеце. Я апошні, —прыўзняўся дзядзька ў палапленым кажуху.

— Прабачце, я — здалёку, з іншага горада... Мяне выклікалі сюды... — ціха прамовіла Антаніна Фёдараўна.

— Па якой справе? — спытала сакратарка.

— Як вам сказаць? — Мірановіч спачатку сумелася. — Па вельмі далікатнай... і тэрміновай...

— Ну, а калі канкрэтней? — дапытвала сакратарка, нібы пракурор (відаць, яна тут гэтаму падвучылася — адпаведная ж установа).

— Па здарэнню... у спецПТВ, звязаным з Таняй Касмылёвай...

— А-а-а... — памяняўшы тон, працяжна прагудзела сакратарка. — Гэта ж я вам давала тэлеграму... Выконвала даручэнне Івана Сцяпанавіча. — Ведаеце... — яна звярнулася да наведвальнікаў, — я прашу прапусціць першаю... — Запнулася. — Як вас завуць? — спытала ў Мірановіч.

— Антаніна Фёдараўна.

— ...Антаніну Фёдараўну...

Наведвальнікі адразу прыціхлі: ніхто не пярэчыў — відаць, чулі пра здарэнне ў спецПТВ.

Неўзабаве з'явіўся ў дзвярах і пракурор, павітаўся з усімі. Што гэта быў Галаўнёў, Антаніна Фёдараўна зразумела пасля таго, як сакратарка звярнулася да яго:

— Іван Сцяпанавіч, да вас... па справе Тані Касмылёвай са спецПТВ.. Прыехалі здалёк... — кіўнула ў яе бок.

— Заходзьце, калі ласка, — запрасіў пракурор. Сядайце, — сказаў, калі Мірановіч увайшла ў кабінет.

Антаніна Фёдараўна прысела ў крэсла, якое стаяла непадалёк ад пракурорскага стала. Іван Сцяпанавіч зручней уладкаваўся на сваім месцы. Было яму на выгляд гадоў пяцьдзесят пяць. Яшчэ густыя валасы былі спрэс сівыя. Твар збаразнілі маршчыны, ад чаго, хоць ён быў і не худы, здаваўся змэнчаным чалавекам... «Не дзіва, на такой рабоце можна не адзін інфаркт адхапіць...»

— Дык, значыць, вы настаўніца Тані Касмылёвай, як я зразумеў? — пачаў гаворку пракурор. — Антаніна Фёдараўна, калі я не забыў?

Яна кіўнула галавой.

— Выклікалі мы вас ведаеце чаго?

— Не зусім... — прызналася. — Нават не ведаю, што здарылася з Таняй?

— Такога здарэння, скажу вам шчыра, у нас яшчэ не было... — пракурор правёў рукой па сівой чупрыне. — Пра само здарэнне вам раскажа следчы Аляксей Паўлавіч Ціханчук, які вядзе гэтую справу. Яго кабінет на першым паверсе. А я хачу спытаць вас: якія мэты вы ставілі, калі прыязджалі да Тані ў спецПТВ?

— Самыя гуманныя, — рашуча адказала Антаніна Фёдараўна.

— Неадпраўленыя Таніны лісты да вас, якія мы канфіскавалі з сейфа намесніка дырэктара вучылішча, наводзяць на розны роздум.

— А хто лісты знайшоў? — нечакана вырвалася ў яе з грудзей. Яна нават забыла больш пэўна адказаць на пытанне Івана Сцяпанавіча («Я былая класная Тані, добра ведаю яе. А тут яшчэ яе канфлікт з маці... Бацька ажаніўся на другой. Хто калі не я?»).

— А іх ніхто не шукаў... — пракурор гаварыў пра Таніны лісты. — Пасля здарэння ў спецПТВ следчы Ціханчук распытваў ва ўсіх выхавальнікаў пра Таню з мэтай выявіць усё, што можна пра яе. Адна выхавальніца, яе прозвішча Сялец ці Салей, сказала, што Таня пісала лісты вам, але вы іх чамусьці не атрымлівалі. Падказала, што ўсе пісьмы дзяўчынак праходзілі праз рукі намесніка дырэктара Зінаіды Львоўны. Аляксей Паўлавіч зрабіў праверку ў яе кабінеце, і ў сейфе былі знойдзены Таніны і вашы пісьмы...

«Дык вось яно што... Вось яна дзе, разгадка... Як жа можна было так?!» — Антаніне Фёдараўне, здаецца, не хапала дыхания — спірала ў грудзях.