Выбрать главу

Але не менш цягнула прагледзець усю папку. Прачытаўшы першыя словы: «Добры дзень, Антаніна Фёдараўна! Піша вам Таня...» — перагарнула лісты і ўбачыла чорную вокладку агульнага сшытка. «Зноў агульны сшытак... Зноў чорная вокладка... Дзённік, падобны на той, які Таня вяла ў школе».

Адгарнула вокладку. Чырвоным стрыжнем шарыкавай ручкі было выведзена: «Касмылёва Т.М. Вербіцкае спецПТВ. Дзённік арыштанткі». Антаніна Фёдараўна прагарнула сшытак: ён быў запоўнены да палавіны. На другой палове старонкі былі чыстыя. Падумала і вырашыла: «Буду чытаць лісты і дзённік уперамешку. Яны, магчыма, адзін аднаго будуць дапаўняць. Бо пра што яшчэ магла Таня пісаць, як не пра сваё жыццё-быццё ў спецПТВ...»

Антаніна Фёдараўна падрыхтавалася — зручней паставіла настольную лямпу, падагрэла электракіпяцільнікам ваду ў шклянцы, засыпала растварымай кавы, якую ўзяла з сабою, і, зрабіўшы некалькі глыткоў, узяла з папкі першы Танін ліст...

4. Лісты, урыўкі з дзённіка

Ліст ад 12 жніўня

Добры дзень, Антаніна Фёдараўна!

Піша вам Таня.

Атрымала ад вас ліст і ўзрадавалася. Бо сюды ніхто не піша. Матчыны пісьмы я рву, не чытаючы. Вадзім Цэхановіч чамусьці не адказвае мне.

Антаніна Фёдараўна, вы прасілі мяне пісаць пра ўсё, што адбываецца ў маім жыцці, у спецПТВ... Я буду шчырай. У першым сваім лісце я гэта вам паабяцала. У час нашай сустрэчы я вам расказала толькі нямногае. Калі б мы з вамі засталіся на два дні, і то ўсяго я не перагаварыла б... Па-першае, я нічога не сказала вам, як мяне прыняла «спяцуха»... Усяго я чакала, але такога...

У першы ж дзень, як прывезлі нас, апранулі ў арыштанцкае адзенне, пасялілі ў пакоі па пяць чалавек. Потым выстраілі на пляцы і дырэктар прачытаў «пропаведзь», г. зн. лекцыю, як нам паводзіць тут. «Забудзьце пра дом, пра волю... Вы — тыя ж самыя зняволеныя, што і ў калоніі ці ў турме. Выхад у горад вам забаронены. Рэжым самы строгі: 7.00 — падём, ранішні туалет, сняданак, потым заняткі, абед, пасля абеду — у адных «дзяжурка» на кухні, астатнія — у швейнай майстэрні. Вячэра, у 22.00 — адбой». I так кожны дзень, адно і тое ж...

Але самае дзіўнае, што пасля гэтага намеснік дырэктара Зінаіда Львоўна дала нам кожнаму па лістку, на якім былі наступныя машынапісныя словы: «Клятва навучэнца Вербіцкага спецПТВ». Спісваю з лістка, перадаю дакладна тэкст. «Я, навучэнец Вербіцкага спецыяльнага прафесійна-тэхнічнага вучылішча, клянуся выйсці на волю з чыстым сумленнем. А для гэтага я даю слова паводзіць сябе на занятках, за працай і ў час адпачынку ўзорна, паважаць выхавальнікаў і сваіх сябровак». Потым Зінаіда Львоўна загадала ўсім нам стаць на калені і прачытаць гэтую клятву. Хто яе навучыў гэтаму? Можа, святар, які наведваў вучылішча? Каб больш падзейнічала на нас? Смехатура! Я адмовілася. Тады Зінаіда Львоўна, ці, як мы яе празвалі, ЗІЛ (яна сапраўды, як тая машына напірае) схапіла мяне за вуха і пацягнула ў лядоўню. Ёсць тут у нас такі пакой, дзе захоўваюць мяса для сталовай і стаіць вялізны халадзільнік. «Будзеш ведаць, запомніш нашы парадкі і дзесятаму закажаш, як нам не падпарадкоўвацца», — са злосцю сказала ЗІЛ. — «А дулю не хацелі?» — я паказала кукіш. Тады Зінаіда Львоўна з размаху ўдарыла мяне па шчацэ. Калі я апомнілася, ЗІЛ зачыняла пакой на ключ з другога боку дзвярэй. Я паабяцала сабе, што гэтага не дарую...

У першыя ж дні я пасябравала з Юляй і Святланай. Я вам пісала пра іх і расказвала пры сустрэчы. Мае аднадумцы. Вельмі вясёлыя дзеўкі. Колькі мы разам усяго адштукарылі! Уцяклі ў горад на Першамай. Вы не думайце, што гэта проста так. Пасля таго выпадку з прысягай Зінаіда Львоўна пачала здзекавацца з мяне, пасылаць на самыя цяжкія і непрыемныя работы. Вільготную ўборку ў спальні зрабіць — хто? Таня Касмылёва. Прыбраць туалет — хто? Таня. Часцей за ўсіх дзяжурыць на кухні — хто? Я. I гэта ганяць так мяне, прынцэсу? Не ведае ЗІЛ, што можа ўтварыць гэтая прынцэса... Вось і ўцяклі мы ў горад. Адпомсціла я Зінаідзе Львоўне...

Антаніна Фёдараўна, парайце, што рабіць: мне часта сніцца Вераніка Рагозіна. Яна прыходзіць да мяне ў вобразе Дзевы Марыі, якая падобна абліччам і на Вераніку, і на нашу выхавальніцу Кацярыну Міхайлаўну. Яны зліваюцца як бы ў адно. Дзеву Марыю нам паказваў святар, які быў у нас. Вось яна мне і сніцца, гаворыць Веранічыным голасам. Расказвае, як ёй легка там, у небе, і ў канцы заўсёды паўтарае: «Я — ёсць ты, ты — ёсць я... Чакаю цябе...» Што гэта значыла б? Калі прачынаюся, мяне кідае ў дрыжкі... Ну, усё, закругляюся. У наступных лістах яшчэ што-небудзь цікавае напішу...