— Не ведаем...
— Ха! А вось якраз вас загналі туды, дзе ён і пастухуе... Вунь за плотам з калючым дротам на лужку і пасе...
Хлопцы зайшліся ад смеху, і мы памаглі ім. З'явілася яшчэ адна аддуха: рамонтнікі. Яны пачаставалі нас цыгарэтамі.
30 красавіка
Сёння, перад Першым маем, у нас быў урок права. Вельмі цікавы. Вёў яго памочнік раённага пракурора, на выгляд гадоў дваццаць сем. Наш дырэктар Антон Кузьміч у параўнанні з ім Дзед-Барадзед. Ён прадставіў нам пампракурора, потым пайшоў, на хаду казённа кінуўшы: «Слухайце ўважліва і запамінайце. Для вас, парушальніц закону, будзе карысна». (Зноў настаўленні.) I сапраўды было карысна.
— Мяне завуць Аляксеем Васільевічам, як вы ўжо чулі ад дырэктара. Пяць гадоў назад скончыў юрфак, — пачаў пампракурора. I запытаў у нас: — Ну, з чаго пачнем?
— 3 нашага спецПТВ...
— Наогул з «цюрак»...
— Колькі ўсіх жаночых «заключонак» у былым Савецкім Саюзе?
Гэта галасы дзевак.
Аляксей Васільевіч раскрыў нейкія свае паперы, паўглядаўся ў іх.
— Адказваю, — пампракурора ўсхміхнуўся куточкамі губ. — Жаночых калоній некалькі. Ёсць, напрыклад, пермская ўзмоцненага і беразнякоўская (непадалёк ад Пярмі) строгага рэжыму. А вось жаночая турма толькі адна ў нас: у Новазыбкаве Бранскай вобласці. Не так далека адсюль... Можаце ўявіць, які там рэжым? Так што лепш не трапляць далей спецПТВ...
— А нашай Олі хутка васемнаццаць... А ў яе яшчэ тэрмін тры гады. Ох, як перавядуць цябе, Олька, у Новазыбкаўскаю... Цябе толькі і скланяе Зінаіда Львоўна... — Гэта мая Светка.
Аляксей Васільевіч малады, мы на яго глядзелі вачыма ўлюбёнак. Засумавалі па хлопцах. Ён працягваў:
— Вось мы тут успомнілі пермскую жаночую калонію... А вы ведаеце, там не так ужо і страшна. Там прымянілі новы метад перавыхавання зняволеных.
— Які? — гэта ўклінілася я.
— Новы метад пермякоў — праца з падсвядомасцю асуджаных. Аказваецца, менавіта ў ёй закладзены асновы паводзін чалавека, асабліва жанчыны. Учынкі, прывычкі, схільнасці... I ніякія лекцыі, спецзаняткі (яны, думаю, у вас ёсць. — «Ёсць. Ёсць». «Ванітуе» ад іх»), ніякія фільмы пра высакародных герояў не дапамогуць. Гэтая падсвядомая цёмная сіла вызначае, пераступіць чалавек недазволеную мяжу ці не. Ізаляцыя чалавека ад грамадства — гэта і ёсць тое пакаранне, што прадугледжвае закон. Прыносіць яму дадатковыя пакуты ўстанова зняволеных не мае права. Чалавеку, які трапіў у месца зняволення, патрэбна ў першую чаргу дапамагчы. Дапамагчы прывыкнуць яму, увайсці ў новы этап яго жыцця... (Гэтыя словы пампракурора я запісала, калі ён гаварыў, на шматку паперы.) У пермскай жаночай калоніі са зняволенымі, іх праблемамі займаюцца вучоныя-псіхолагі з педінстытута, — закончыў Аляксей Васільевіч.
Сіла! Клас! Такіх думак мы яшчэ тут не чулі. Нам далдоняць толькі адно: «Вы — злачынцы, і таму адпаведныя адносіны да вас...»
Ну, добра, я — злачынца. Але хто мяне давёў да гэтага? Толькі Вераніка Рагозіна? А хто давёў Юльку, што яна пайшла красці? Хто Святлану, што яна згадзілася на групавое згвалтаванне? Можа, у нас падсвядомыя цёмныя сілы своеасаблівыя, якія называў Аляксей Васільевіч? «Мога быць, мога быць», — як казаў Райкін. I ўсё ж, і ўсё ж... Дзе ж вы былі, людзі? Чаму вы такія? Я пачынаю са сваей маці...
10 мая
Тры дні я, Юлька і Святлана сядзелі ў «карцэры». Такая кара нам за ўцёк з вучылішча. Адбылося гэта так.
Пасля таго, як пазнаеміліся з хлопцамі-рамонтнікамі, мы бегалі да іх штодзень. Аднойчы нехта з іх, здаецца, Вася, сказаў:
— Дзяўчаты, мы Першага мая будзем ісці ў калоне дэманстрантаў. Ці не хацелі б вы да нас далучыцца? А-а? Пагуляем...
— Як? — зацікавілася я. — Нас жа пільнуюць...
— А вельмі проста. Я, Колька і Сашка будзем несці вялікія транспаранты. А вы, заўсёды так бывае, будзеце з выхавальнікамі стаяць каля вучылішча і махаць нам рукой. Вас вывядуць за сцены вучылішча вітаць дэманстрантаў. Як толькі мы параўняемся з вамі, мы возьмем вас пад транспаранты.
— Могуць заўважыць выхавальнікі, — усумнілася Юлька.
— А іх на свята адзін-два бывае ды пажылая амаль невідушчая вахцёрка Залаты Зуб, — падказала Святлана, якая летась ужо сустракала дэманстрантаў.
— Во-во, — працягваў Вася, — правільна гаворыць Света: давайце рызыкнём... Не атрымаецца, дык што ж... Нічога вы не страціце...
— А і праўда, дзеўкі, рызыкнём? — гэта спытала я.
— Рызыкнём! — згадзіліся Юлька і Светка.
I рызыка апраўдалася. Выхавальніца Таццяна Рыгораўна, «Кукса» — так мы яе празвалі за прычоску — была на гэты раз з выхавальнікаў адна яна і вахцёрка цёця Глаша або Залаты Зуб (ён у яе свеціцца на самым перадзе ў роце) і вокам не маргнулі, як мы сіганулі да хлопцаў пад транспаранты. Некаторыя нашы дзеўкі заўважылі, але не выдалі нас (з Колькам, Васем і Сашкам ішлі гэткія ж маладыя дзяўчаты, як мы, з якімі і змяшаліся).