Выбрать главу

— А пра мяне ты не думаеш? — Вераніка сумелася, задаўшы гэтае пытанне. Выскачыла яно неяк само.

— Ты без мяне не можаш жыць? — гэтак жа нечакана вырвалася і ў Вадзіма. — Будзем лічыць, што гэта прызнанне... — засмяяўся, абняў Вераніку за плечы.

— Я сур'ёзна, куды ты, туды — і я...

— А як з «геніяльным талентам актрысы»?

— Я гатова ахвяраваць дзеля цябе, — усміхнулася Вераніка, горнучыся да Вадзіма.

— Дарагія ахвяры. Але, як кажуць, сэнк'ю...

— Не, я не кіну драмстудыю. Я буду ў ёй займацца, а там... час пакажа.

Гаворка на гэтым, пэўна, не скончылася б, калі б не аўтобусны прыпынак, да якога падышлі Вераніка і Вадзім. Хутка яны селі ў аўтобус, які ішоў у бок іх мікрараёна.

3 размовы, якую вёў следчы

— Антаніна Фёдараўна, вы былі кіраўніком «Е» класа чатыры гады — у чацвёртым, пятым, шостым, сёмым... Так?

— Так...

— Я ведаю, што выкладчыца прыродазнаўства Марыя Андрэеўна Старасельцава і настаўніца пачатковых класаў Ірына Сцяпанаўна Буй у школе ўжо не працуюць. А мяне цікавіць вось гэты запіс у дзённіку Тані Касмылёвай: «Калі не мне —дык нікому... Хамячкі задушыла я. Дакладней, па маёй просьбе — Дзяніс з сёмага «Б»... Хай радуюцца Марыя Андрэеўна і стараста класа Вераніка Рагозіна...»

— Няўжо толькі цяпер выкрылася гэтая тайна? Касмылёва... Таня Касмылёва... Гэта, значыць, зрабіла яна... Папрасіла Дзяніса Капцова, я помню яго...

3

Тую гісторыю з хамячкамі Антаніна Фёдараўна запомніла добра, нібы гэта было ўчора, хоць прайшло больш як чатыры гады. Пра яе тады гаварыла ўся школа. Не жарты, прыйсці раніцой у клас, дзе яшчэ ўчора ў клетцы весела гулялі беленькія, што снег, маленькія істоты, з якіх не маглі нарадавацца вучні, і ўбачыць іх акрываўленымі, мёртвымі..

А пачыналася так. Ірына Сцяпанаўна Буй, настаўніца трэцяга класа, каб хоць як-небудзь арганізаваць, зацікавіць вучняў, вырашыла адкрыць куток жывой прыроды. Добрая ідэя, але крыху запозненая. Трэба было гэта зрабіць яшчэ ў першым класе.

Аднойчы Ірына Сцяпанаўна сустрэла сваю сяброўку па інстытуце Тамару Бутрым. Тая вяла таксама трэці клас, але ў іншым горадзе.

— Як твае жэўжыкі? — запытала былая аднакурсніца.

— Не магу болей, Тамара... Неўтаймоўныя!

— А ты ведаеш, і мае гэткія ж самыя былі. А вось як адкрылі ў класе куток жывой прыроды — быццам падмянілі іх. Зусім іншыя сталі. Куды падзеліся іх выбрыкі. Кожны дзень ахвотна кормяць хамячкоў. Паспрабуй і ты.

Назаўтра Ірына Сцяпанаўна аб'явіла ў класе аб стварэнні кутка жывой прыроды, загаварыла пра хамячкоў. Яе падтрымалі вучні: «Давайце, давайце завядзём хамячкоў!» На гэтым і пагадзіліся. Адміністрацыя школы выдзеліла грошы на іх пакупку. Хутка набылі маленькіх белых пушыстых звяркоў. Дзеці прынеслі з дому розныя хатнія расліны, вазоны. На сцены павесілі плакаты, зрабілі выпіскі з прац вядомых прыродазнаўцаў. Завялі сшытак па догляду хамячкоў. Клас зазелянеў, папрыгажэў, а каля клеткі з хамячкамі пастаянна таўкліся вучні. Перад урокамі і пасля, на перапынках, дзеці з любоўю даглядалі маленькіх істот, кармілі, дзівіліся, як тыя «фокуснічалі» ў клетцы. Колькі радасці і ўцехі было для вучняў! Сапраўды, хутка, як казала сяброўка, нібы падмянілі іх. Сталі лепш вучыцца, паводзіць сябе.

Пасля трэцяга класа Ірына Сцяпанаўна перадала сваіх вучняў у чацвёрты Антаніне Фёдараўне. Пры развітанні са сваімі выхаванцамі сказала:

— Жывы куток застанецца новаму першаму класу. Я буду іх вучыць у гэтым жа пакоі. А вы прыходзьце, калі ласка, дапамагаць даглядаць хамячкоў. Адным словам, будзьце нашымі шэфамі. А цяпер падыміце руку, хто зможа ўзяць хамячкоў на канікулы дамоў?

Узнялося некалькі рук. Але хутка выявілася, што толькі адна Вераніка Рагозіна застаецца ў горадзе, астатнія едуць на лета хто ў лагер, хто ў вёску да бабулі, хто на дачу.

Так і пралетавалі разам Вераніка і хамячкі, пасябравалі. А ў верасні зноў белыя звяркі вярнуліся ў класны куток жывой прыроды.

I вось тут пачалося...

Справа ў тым, што ў чацвёртым «Е» пачала выкладаць прыродазнаўства Марыя Андрэеўна Старасельцава, якая перажыла за сваё жыццё не адзін перыяд школьных рэформ і выпрацавала да іх спакойныя адносіны, свой імунітэт.

Чацвёртакласнікі кожны дзень збіраліся ля хамячкоў, многія пачалі горш вучыцца, спазняцца на ўрокі, калі празвініць званок, асабліва на ўрок прыродазнаўства, знаходзячы лёгкае тлумачэнне («Кармілі хамячкоў...»). Таму Марыя Андрэеўна загадала:

— Хамячкоў будуць даглядаць па чарзе тыя, хто паспяхова вучыцца, не мае двоек у сшытках і дзённіку. Адказнай прызначаецца стараста класа Вераніка Рагозіна. Вераніка, — звярнулася да Рагозінай Старасельцава, — завядзі сшытак і строга сачы за паспяховасцю аднакласнікаў...