— Усё ведаю... Набярыце нумар, паклічце Кацярыну Міхайлаўну, — яшчэ раз папрасіла.
— Зараз, даражэнькая, зараз... Ай, што робіцца на свеце, Божа мой, Божа, што робіцца... — яна, божкаючы, пачала набіраць нумар. — Ал-ё-ё, хто каля тэлефона? Ала Іванаўна? А Кацярына Міхайлаўна дзе? Выйшла на хвіліну? Убачыце, скажыце ёй, каб прыйшла на прахадную. Тут яе чакаюць... Адкуль? (Да Антаніны Фёдараўны.) Адкуль вы прыехалі?
— Здалёк, з іншага горада...
— Здалёк, Ала Іванаўна, з іншага горада, — паўтарыла «цёця Глаша». — З-за Тані Касмылёвай прыехала. Так што, пашукайце... пашукайце Кацярыну Міхайлаўну...
Вахцёрка паклала трубку, зноў забожкала:
— Гэта ж трэба загубіць дзяўчат, Божа мой, Божа, і сама, можа, яшчэ ці выжыве... Божа, калі ты ёсць на свеце, што ж ты робіш? Ці ж было такое даўней? Дзявочыя «спяцухі», жаночыя калоніі... Наркаманкі, прастытуткі... Божа, Божа...
Цётка Глаша, відаць, была вельмі набожнай жанчынай, бо часта звярталася да Бога.
Неўзабаве, пакуль Мірановіч гутарыла з вахцёркай, з'явілася Кацярына Міхайлаўна. Высокая, стройная, у цёплай вязанай кофце, вышытай у зялёныя лісцікі. Сумнавата ўсміхнулася, павіталася.
— Чаму вы не зайшлі ў вучылішча, а паклікалі сюды? — зірнула на Антаніну Фёдараўну, потым — на вахцёрку.
— Кацярына Міхайлаўна, я знарок не хачу сустракацца з вашай адміністрацыяй... Ліст я ваш атрымала, як і тэлеграму з Вербіцкай пракуратуры. Учора пасля абеду я там была. Гутарыла з пракурорам, следчым. Следчы даў мне пазнаёміцца з Танінымі лістамі і дзённікам. Увесь вечар чытала іх у гасцініцы. I мне дастаткова. Вось толькі хацела з вамі пагаварыць... Можна? — далікатна папрасіла настаўніца.
— Калі ласка...
— Можа, гэта мы зрабілі б па дарозе да Тані ў бальніцу? Я хацела б пабачыцца з ёю...
— Добра. Абавязкова сходзім... А толькі адпрашуся ў Зінаіды Львоўны. Скажу, на якую гадзіну трэба адлучыцца... — Кацярына Міхайлаўна павярнулася і хутка пайшла ў вучылішча.
А Мірановіч зноў засталася з вахцёркай цёткай Глашай, якая сядзела ля тэлефона і паўтарала свае:
— Колькі я пражыла на свеце, а такога не бачыла... Усё цяпер на чалавека шле Бог: і гэтую радзівацыю, і сатрасенні зямлі, і патоп... Мусіць, такі чалавек стаў, што Бог насылае яму розную кару. А цяпер ужо і малалеткі такое вытвараюць, што жах бярэ. Наркаманы, самагубцы... А яшчэ ці чулі вы, — яна падалася ўся наперад. — У адным калгасе (нявестка чытала мне ў газеце) вучні трэцяга класа, Божа мой, Божа, забілі малаткамі на ферме чатырнаццаць парасят... Які грэх на сваю душу ўзялі дзеткі! А ім жа трэба яшчэ расці, ім жа трэба жыць...
Пакуль цётка Глаша расказвала, склаўшы рукі, вярнулася Кацярына Міхайлаўна.
— Адпусціла Зінаіда Львоўна. Праўда, не забыла сказаць: «Каб на гадзіну і не больш. Сама ведаеш, як цяпер нам пасля здарэння ў вучылішчы...» Надзьмутая, злосная...
— Мы доўга не будзем. Пабачымся з Таняй і назад... — паабяцала Антаніна Фёдараўна.
Выйшлі на вуліцу і пакрочылі ў бок раённай бальніцы. Кацярына Міхайлаўна ведала кароткі шлях да яе, павяла праз двары, вулачкі. Па дарозе гаварылі пра адно: Таню. Мірановіч цікавілі падрабязнасці здарэння...
— Ніхто не думаў, што такое можа здарыцца... — пачала Кацярына Міхайлаўна. — Перад Новым годам мы ўсе, выхавальнікі, былі заняты падрыхтоўкай да свята. Было ўжо пазнавата. Хто з дзяўчынак упрыгожваў ёлку, хто рыхтаваў канцэрт, прыбіраў памяшканні. Пра Таню, Юлю, Святлану неяк забыліся, ці што... А яны гэтым часам схаваліся на кухні. I во што ўтварылі... Можа, не першы раз гэта рабілі. Трэніраваліся... Яны ж былі ўжо таксікаманкі-наркаманкі. Так прызнала медэкспертыза. Па ўсім відаць, Таня была завадатарам. Ва ўсякім разе, яна прымала дозу апошняй. Вось чаму засталася жывая, хоць яе забралі ў бальніцу беспрытомнай, — Кацярына Міхайлаўна хвалявалася і ніяк не магла пад ступіцца да галоўнага.
— Расказвайце, расказвайце, — падахвочвала яе Антаніна Фёдараўна.
— Што дзяўчынкі атруціліся газам, вы, мусіць, ведаеце?..
— Следчы казаў... Ды і ў Таніным дзённіку...
— Да кухоннай пліты ў вучылішчы прыродны газ паступае праз мяккі гумавы шланг. Газавікі не раз папярэджвалі, каб замянілі на металічную трубку. Але так яно і ішло... — Кацярына Міхайлаўна зрабіла паўзу. — Таня, як паказала следства, перакрыла вентыль, сарвала шланг. А ў гэты час з цэлафанавымі мяшкамі на галаве напагатове стаялі Юля і Святлана. Таня, мабыць, не разлічыла: падвёўшы шланг, дала вялікую дозу газу спачатку адной сяброўцы, потым — другой. Сабе ў мяшок яна ўпусціла газ у апошнюю чаргу і, відаць, у меншай дозе. Адна з нашых дзяўчынак — Каця Воранава, Таня называла яе Кацька-Дылда, — праходзіла каля кухні, пачула адтуль рэзкі пах газу і зайшла туды. Там яна і згледзела Юлю, Святлану, — Таню, якая яшчэ варушылася, Каця выцягнула на калідор. Юля і Святлана былі ўжо мёртвыя. Каця з крыкам кінулася па калідоры. Мы з дзяўчынкамі ўпрыгожвалі ёлку ў зале, пачулі крык, пабеглі насустрач. «Там... там... яны... мёртвыя...» — з жахлівым выразам твару паказала Каця ў бок кухні.