Выбрать главу
Павінна быць шчаслівай я: Ты поруч...
1976
* * *
...Трапечаш між людзьмі — Ліст у лістве густой. Расіначку садзьмі — І ліст ужо не той. І ўжо інакшы свет, Інакшы ў часу твар. Пакуль ты у лістве, І ты — яна, ліства.
У слотнае радні І ўлік свой, і правы. ...Чуць, як лістком адным Балюча куст жывы...
1976
ЛЯСНЫ МУРАШ
З чарнічніку галінкі ўпаў На стол кухонны, Імкліва бегчы рынуўся — Куды?! Разгублена замёр на міг на месцы, Памкнуўся ў бок адзін, Пасля ў другі І завадзіў вусамі ашалела: Што гэта сталася? Куды прапаў Густы, разнамаіты дух лясны, Дзе з мноства пахаў Найрадней і ўтульней Жывіцы пах, Пах мурашовых сцежак — Каб родны дом свой не згубіць, Вярнуцца Каб да заходу сонца да сваіх? — Такой пустое, Прэснае дарогі Мураш не помніў на сваім вяку...
Вялікі, рыжы і Бездапаможны, Ён мітусіўся на стале кухонным, Пакуль навобзем з канта не сарваўся, І знік У цёмнай шчыліне ў падлозе.
А сонца ўжо на захадзе было, І дзесьці ў мурашовай пірамідзе Завершвалі свой дзень гаспадары;
Спяшайцеся ў пару сваю дадому! Хто вас, На ноч Ці назаўжды спазнелых, Палічыць і прыпомніць сярод тысяч
Такіх Банальна рыжых Мурашоў?!
...Сярод цямноты Летняе начы Прынесены з чарніцамі мураш Са шчыліны ў падлозе сумна выпаўз І запытаў, І ўсё мяне дапытваў; — Ты не мураш? Ты чалавек? Ты мудры? Ты ўмееш і лічыць, І помніць здольны, Бо страт было ў цябе — Не мурашовых?.. Чаму ж дагэтуль ты не навучыўся І што ж цябе тады ўжо і навучыць Такім, як сам — Кажнюткім! — Даражыць, Скажы?..
І цяжка варушыў вусамі...
1976
* * *
Здаецца ж, і лес наш не цёмны, І час не глухі наш, не позні, — Канае самотнае рэха: Гукаем, Ці чуем адказ?
Блукаем. І зноў спадзяемся. Ігліцаю коле туга, Каб нам у ваколле ўзірацца Напружаней і пільней.
Часцей пераходзяць дарогу І зорка, і рыбіна, й звер, Каб мы адшукалі нарэшце Сябе — Чалавека.
1976
* * *
Адна... Яна яшчэ здалёк відна: На выгарбку, вятрам усім адкрытым, Стаіць сухая, чорная сасна, Як даўкі сімвал тлену і нябыту.
Ні дрэўца, ані кусціка — Вакол Крыжы ды цёмны камень надмагілля. Ды сухастоіна, нібы дракон З вычварна пакручастым мёртвым крыллем...
Так давялося на вяку сасне Быць сведкай толькі гора ды няшчасця, Што сіл няма ўжо ні зазелянець Хоць голькаю адной, Ні ўпасці.
1977
СКАРГА ДЗІКАЙ ЯБЛЫНІ
Я ў сад хачу! У той прасторны сад, Дзе вішанна, і яблычна, і грушна, — Мне тут, на ўзмежку вольным гэтым, Душна.
Мне млосна ад прасторы навакол, Між быльнягу учэпістага стыну: Там, Блізкай дзе няма душы, — Пустыня.
Я ў сад хачу! Я клопату хачу! Бязглузда ж усыпаць пладамі вецце, Каб іх стаптаў, Каб змарнаваў іх Вецер.
Я ў сад хачу!
1977
ЗАБЫЦЬ СЯБЕ
Забыць сябе... ...Паглянь, як спадарожнік — Малюсенькая зорачка рухомая Між плоймы ўяўна нерухомых зор, — Як пругка, Як упэўнена ён торыць Свой мэтаносны шлях! Адолена зямное прыцяжэнне! ...Забыць сябе. Забыць недасканаласць Уласную, І тленнасць, і мінанне, — Забыць сябе! Пераадолець! Вырвацца! Як спадарожнік На высозную арбіту, Каб зоры — поруч, Вечнасць — твар у твар! ...Зямное, Як ты ўелася ў зямнога І як таленавіта Умееш ты прыкідвацца Нябесным!.. Адолена? Кім? Дзе? Калі? Не мной. Пакуль не мной. Яшчэ не мной... Забыць сябе!..