Выбрать главу
* * *
Дэкаратыўная свяча На століку; а на марозе — Напята-белая бяроза... Адкрэсліць! Занава пачаць!
Што адцвіло — таму сатлець, І ўжо няма другога выйсця, Як толькі — пераможна смець Шукаць лістотай новай высяў.
І не баяцца перамен У лёсе, гэтак, бы ў прыродзе! Як выдых: Хай былое — тлен, І як удых: Няхай зародзіць!
1977

МЁДУ СЛЯЗІНАЧКА СВЕЦІЦЦА…

РУКІ МАЦІ
Як соладка спіцца У роднай хаце, Калі пасцель табе Слала маці.
Як хораша ранкам Прачынацца, Калі да сняданка Будзіць маці.
Як рупна сонца З паўдня прыпякае, Нада мной узнятае Матчынымі рукамі.
Ператомлена ўздрыгваюць Рукі маці: Як кара, шчасце Неба трымаць ім!
На крокі твае, Як на песню, Галаву ўзнімаю. Пакуль іх чую, Мне жыць не страшна, Мама.
1977
ДЗЕВЯТАЕ МАЯ
Доўга цень на долю падаў, Я свой ясны дзень шукала, — А яго закалыхала Ноч на белым голлі саду.
Ледзь шчакой крануся вецця — Абсыпаюць цветам промні. Як цябе, глыбока помню: Мірам гэта ўсё завецца...
1977
ГАТЭЛЬ «МІНСК», 374
Тры дні і ночы праляцелі, як тры пчолкі, Як рупныя тры пчолкі, Што з венчыка да венчыка, З травінкі да сярожынкі, Ад коціка ракітнага Да сонцасходнага падбелу, Ад звішнявелай, прахалоднае кісліцы (Салодкай, як кляновік) Да полымя ліловага пралескі — Тры пчолкі шчыравалі — Тры дні і ночы — І неслі ў цёмны вулей майго сэрца Пылок — Сухі, гаркавы, залачавы — Нектар Маіх нябёсаў і зямлі: Прыхільнасць і любоў сябрыны. Мёду слязіначка свеціцца: Тры дні і ночы праляцелі, як тры пчолкі...
1977
* * *
Вечар задуменна Сеў каля дзвярэй. Аказаўся вечар Раніцы мудрэй.
Згінула няпэўнасць, Знаю, што чакаць. Ад слязы бяссільнай Высахла шчака.
Хай вам светла будзе, Усім, каго люблю! Промнем вечаровым Смутак спапялю.
Свет такі адзіны, Дык чаго ж яшчэ? Чарадою птушкам Весці лёт лягчэй.
Шляху немінуча Сонцам набракаць. Прагай скрыжавання — Да рукі рука.
І не размінуцца... Травы ці ў расе? Задуменна вечар Пад дзвярыма сеў.
1975
НАДЗЕІ, ЯКУЮ ПРЫВЯЛІ ЗА РУКАЎ
Ты ўсё перамінаешся ў парозе? Шкада, не ўласнай воляю прыйшла... Ну што ж! Праходзь. З тваіх сясцёр цвіла Тут не адна, ды час іх памарозіў...
Ах, тыя, хто прывёў цябе сюды, — На свеце найдарожшыя мне людзі. Хай кожны крок іх крокам шчасця будзе Праз доўгія, пагодныя гады!
Прысядзь на хвілю. Я не затрымаю. Даруй, затрымваць — проста не хачу. За ўсё на свеце тут жыццём плачу. (Нібыта ў тым бальзакаўскім рамане, Шматок шчыгрыну менее ўваччу...)
Ты мне — чужая, хоць цябе сюды Паслалі найдарожшыя мне людзі — Хай кожны крок іх крокам шчасця будзе Праз доўгія, пагодныя гады!
Твая вясёлкавасць не ўскалыхне. Таму, хто яваю не ашуканы, Навошта мыліцы самападману? Пакінь мяне.
1975
* * *
Забойства Адбылося. Што магло Прадухіліць яго, Калі Бяссільны сам апоўдзень аказаўся, А людзі Так былі сабой заняты, Што нават не заўважылі Няшчасця: Відушчасць — Дар бязлітасны да тых, Хто ім валодае; Таму і рэдкі...