А той дзівак, знявераны, знябыты,
Спусцелы на нічыйнай паласе,
Свой мулкі скарб, апошні, непрапіты —
Сваё каханне —
да цябе нясе...
«Прапашчы чалавек...»
Як бы не ўсе мы
Па-свойму прападаем, хто з чаго...
Часцей зусім не тое жнем, што сеем,
Заместа жураўля — каб хоць шчыгол...
Аднак, і па-над самай прорвай змрочнай,
Калі няма ні волі ўжо, ні сіл,
Ратуюць нас каханых нашых вочы,
Каб да жыцця і сэнсу ўваскрасіць.
Любоў мо й судзіць, ды з пляча не рубіць.
Дык што ж,
уяўна праведныя,
мы
Не думаем, а хто ж руку нялюбым
Падасць
у іх усёрашальны міг?..
1978
ПЕРШЫ СНЕГ
Над даляглядам вечар устае,
У шыбы вецер апантана ляскае,
І снег, і снег, як спозненая ласка.
...I гэтак жа, як ласка, растае.
Яшчэ лісты самотныя гараць,
Яшчэ не ўся трава ў зіму ўмарожана.
Не гавары са мной неасцярожна,
Пяшчотай выпадковаю не рань.
На недавер мне сіл яшчэ стае,
Не веснавосць з вясёлкавымі краскамі, —
А снег, а снег, як спозненая ласка,
І гэтак жа, як ласка, растае...
ЖАРТ
У шчасця майго
Тваё аблічча,
Твой голас,
Твае вочы і ўсмешка.
Нават дзверы не стамляліся
Чакаць твайго стуку.
І ён раздаўся нарэшце:
«Гэта я, тваё шчасце. Адчыні!»
Але што гэта?..
Не тое аблічча,
І голас не той,
І не тыя вочы і ўсмешка.
Не паспела я
Абурыцца такім самазванствам,
Як пачула:
«Ах, якая ты смешная!
Жарту зноў не пазнала?
Гэта ж я,
Твая адзінота!»
1977
* * *
Лякаюцца: вярнулася зіма...
І ў доказ гэтай з'явы абуральнай
Паказваюць на снег, як на замах
На жаўруковы спеў світальны,
На кані крык і на бусліны крок
Па ўчора абагрэтай лугавіне, —
А сёння
покавак зялёных кроў
Ад маразоў раптовых стыне.
Вярнулася зіма? Так. Зацвіла
Натхнёнай, апантанаю завеяй!
Ды ў халады працяглыя,
з крыла
Буслінага страсаныя,
не веру!
Не марна прагнуў распусціцца бэз,
На ледаход так галасілі кані
Не марна:
каб прачнулася ў табе,
Што сонца
ўсё-такі цябе шукае!
1977
* * *
Жанчына вясну прыручала —
У глечык ваду набірала
І ставіла ў глечык галінку,
Счарнелую ад маразоў.
Жанчына вясну прыручала,
Святлейшы куток выбірала,
Каб зазелянела галінка,
Счарнелая ад маразоў.
І дзіўна было, і тужліва:
Як мала для покаўкі трэба,
Каб з сілай расплюшчыць павекі
І цветам глянуць на свет.
І дзіўна было, і тужліва:
Як мала для покаўкі трэба,
Так мала, як чалавеку,
Каб цветам акінуўся свет.
Жанчына вясну прыручыла,
Што ненадоўга — знала,
Што нерат сцюдзёны плесці
Завеям яшчэ не раз.
Жанчына вясну прыручала...
Нема галінка крычала
Белым суквеццем пра шчасце,
І крык той у сэрцы не гас.
1976
АЛХІМІЯ
Маўчаць твае словы...
На раскрыллі карычневай страказы
Насцярожаны час
Неўтаймавана трапеча
І абарочваецца
Транзістарным голасам касманаўта,
Які канстатуе,
(Маўчаць твае словы...)
Што наша планета ўся ў хмарах,
Мноства хмар —
І над сушай,
І над акіянамі.
(Маўчаць твае словы...)
Мне здаецца,
Я ведаю шлях,
Па якому вяртаецца сонца!
(Маўчаць твае словы...)
З хваляваннем бяру:
Промень пагляду,
Каліва ўсмешкі,
Даверлівасць рук,
Ненатольнасць пацалунка,
Злучаю ўсё гэта ў колбе сумнення,
(Маўчаць твае словы...)
Грэю, грэю дыханнем сваім,
Аж пакуль не ўпадзе
На раскрылле карычневай страказы
Чыстае, быццам слязіна,
«Люблю».