Выбрать главу
Хто ты мне? Як мне цябе назваць? Як гукаць? Па імені якому? Як цябе пытацца? Як казаць? Як твае шляхі абавязаць Непазбежнасцю — да майго дома?
Хто ты мне? Майму ты сэрцу — хто? Як назваць... Нашто шукаць імёны? І пытацца, І казаць — нашто? Так табой азораны мой дом, Промню незамглёны.
1976
* * *
«Палюбі мяне! Палюбі мяне...» — Прашаптаў і асек дыханне... Хістанулася ранне У расчыненым насцеж акне.
Скаланулася да глыбінь На пагоду свежа і золка... «Палюбі мяне, палюбі!..» — Трапятнулі зраселыя зёлкі.
Голас хутка мацнеў і рос, І ўжо там, дзе яснелі далі, — «Палюбі!..» — Светлякі бяроз Неба звон загайдалі!
Ты, як промень, прыціхлы быў, А над нашым асмяглым летам — Страсны голас планеты: «Далюбі!.. Палюбі!.. »
1976
* * *
Як мне прывыкнуць да самой сябе, Цяперашняй, невызначальна новай? Адкуль, З якой неспасцігальнай сховы, І рухі гэтыя мае, І словы?
У рос пытаюся — Яны маўчаць. У зор пытаюся — Яны маўчаць.
А прыйдзеш ты, Запознены, здарожаны, Шапне крывінка кожная: «Харошы мой!..»
Пратрубіць безагляднасць раскавана!
Як мне прывыкнуць да сябе — Каханай?
У рос пытаюся — Яны маўчаць. У зор пытаюся — Яны маўчаць.
А ты ўсміхаешся шчасліва...
1976
* * *
Той краёчак далягляду І дагэтуль прад вачыма: Дзве ляцелі аблачыны Па краёчку далягляду!
Паасобку, Ды суладна, Так напеўна, Так парыўна, Побач, поруч, Неадрыўна ад краёчка далягляду!
Незліянае адзінства, Блізкасці, і меж улада, І нятоеная радасць — Па краёчку далягляду!
Разам, — І падмен не трэба! Роднасць, — І даволі платы! На краёчку далягляду — У самым сэрцы свайго неба!
1977
* * *
Я рада, што так адбылося (Як чыста ўзрунела трава!..). Я ўдзячна нялёгкаму лёсу: Я рада, што мне сумаваць, Што мне захлынацца тугою, Нязбытнай ні ўдзень, ні ўначы (Якое паветра тугое!..), Гадзіны і вёрсты лічыць І ведаць, што, позна ці рана, Кранеш маю пасму з брыва І ціха прамовіш: «Я рады, Я рады, што мне сумаваць...»
1977
* * *
Кажы мне ласкавыя словы, Дары пяшчоту мне сваю, І прызабудуся вяснова, На ўскрайку шчасця пастаю...
Хай хоць на момант ашукаю І немагчымасць, і бяду, Так хораша і нечакана Вакол мезенца абвяду!
І сіл прыбудзе мне нанова, Прад непапраўнасцю ўстаю, — Кажы мне ласкавыя словы, Дары пяшчоту мне сваю.
Не ўсё збываецца, і, мусіць, Пара змірыцца з гэтым нам. Але пакуль душа не хлусіць, Што песня ты ў мяне — адна,
Мая апора і аслона У безнадзеі на краю — Кажы мне ласкавыя словы, Дары пяшчоту мне сваю.
1977
РОДНАСЦЬ
Падумаць толькі, што нас падзяляла... Ты ж быў у маім лёсе! Ды цяпер Такое адчуванне, што не знала Ніколі я сапраўднага цябе.
Падумаць толькі... Спела столькі часу Прыхільнага сяброўства цеплыня, Каб раптам натуральна так пачаўся Адлік інакшы новым нашым дням.
Усё, жыло падспудна што, употай, Цяпер лунае, за вітком віток. Няпэўны сум свядомай стаў маркотай, І радасць адшукала свой выток.