Выбрать главу

Франц Кафка

Прысуд

Апавяданні і мініяцюры
Прысуд

Ахвярую Ф.

Гэта было перад палуднем, найпрыгажэйшай веснавой парою. Георг Бэндэман, малады камерсант, сядзеў у сваім уласным пакоі на другім паверсе аднаго з тых нізкіх, лёгка збудаваных дамоў, што цягнуліся доўгім шэрагам уздоўжкі ракі, адрозніваючыся паміж сабою практычна толькі вышынёю і колерам. Ён якраз скончыў пісаць ліст да аднаго з сяброў маладосці, што цяпер знаходзіўся за мяжою, павольна, як бы гуляючы, склаў яго і пасля гэтага, абапіраючыся локцямі аб пісьмовы стол, стаў глядзець цераз акно на раку, на мост і ўзгоркі на другім беразе, акрытыя слабай зелянінаю.

Ён думаў пра тое, як гэты сябар, незадаволены сваёй кар'ераю дома, ужо колькі гадоў таму літаральна ўцёк у Расію. Цяпер ён займаўся прадпрымальніцтвам у Пецярбурзе, вёў фірму, якая напачатку мела шматабяцальныя вынікі, але ўжо досыць доўгі час, здавалася, у яе былі цяжкасці, як сябар скардзіўся ў час сваіх прыездаў, якія рабіліся ўсё радзейшымі і радзейшымі. Гэтак вось ён без усялякай карысці клаў свае сілы на працу на чужыне, яго барада, зробленая паводле чужой моды, дрэнна закрывала добра вядомы яму з маленства твар, жоўты колер якога, відаць, сведчыў пра развіццё нейкай хваробы. У яго не было, як ён сам казаў, ніякіх сапраўдных кантактаў з тамтэйшаю калоніяй землякоў, а таксама амаль ніякіх цывільных кантактаў з мясцовымі сем'ямі – і гэтак вось ён рыхтаваўся канчаткова застацца старым кавалерам.

Што ж тут можна было пісаць чалавеку, які відавочна замкнуўся ў сабе, якога мажліва было шкадаваць, але якому не было магчымасці дапамагчы. Можа, варта было раіць яму вярнуцца дадому, перанесці сюды сваё існаванне, узнавіць усе старыя сяброўскія повязі – гэтаму не было ніякай перашкоды – і ў астатнім даверыць сябе дапамозе сяброў? Але ж гэта не сведчыла ні пра што іншае, акрамя як, калі б яму адначасова – чым асцярожней, тым больш абразліва – сказалі, што ўсе ягоныя ранейшыя спробы не ўдаліся, што ён, урэшце, павінен перастаць іх рабіць, што трэба вярнуцца назаўсёды – няхай бы там усе з яго і здзіўляліся, вытрашчыўшы вочы; што толькі яго сябры ў нечым разбіраліся, а ён ёсць старое дзіця, якое проста павінна слухаць сяброў, што засталіся дома і мелі поспех. А ці была хоць нейкая пэўнасць, што ўсе гэтыя пакуты, якія былі б яму прычыненыя, прывялі да жаданай мэты? Можа, увогуле не ўдасца вярнуць яго дадому – сам жа казаў, што ўжо не разумее, што да чаго на Бацькаўшчыне, – тады ён нягледзячы ні на што застанецца на сваёй чужыне, зацяўшыся ад атрыманых парад і зрабіўшыся яшчэ чужэйшым сваім сябрам. Калі б ён напраўду паслухаўся тых парад і раптам бы пацярпеў тут няўдачу, вядома ж, без чыёй-небудзь віны, а праз збег акалічнасцей, – калі б ён пачаў сябе кепска адчуваць паміж сяброў, гэтак і без іх, калі б ён адчуў сорам і ў яго цяпер сапраўды не было б ні радзімы, ні сяброў – ці не было б нашмат лепш для яго, каб ён застаўся на чужыне – там, дзе ён быў цяпер? Хіба мажліва было ў гэткіх варунках думаць пра тое, што яму ў сапраўднасці тут пашэнціць болей?

Вось таму, калі ўвогуле яшчэ было жаданне падтрымліваць з ім перапіску, няможна было пераказваць яму ніякіх істотных паведамленняў, як бы гэта спакойна ні рабілася нават у дачыненні да самага аддаленага знаёмага. Сябар вось ужо больш як тры гады не быў на радзіме і спрабаваў гэта тлумачыць нестабільнасцю палітычнай сітуацыі ў Расіі, якая, маўляў, не дапусціла б нават кароткатэрміновай адсутнасці дробнага камерсанта – у той час як сотні тысяч расійцаў спакойна ездзілі сабе па свеце. На працягу гэтых трох гадоў, аднак, менавіта для Георга шмат што памянялася. Пра смерць Георгавай маці якія два гады таму – а з таго часу Георг меў са сваім старым бацькам агульную гаспадарку – сябар яшчэ даведаўся і ў лісце выказаў сваё спачуванне з такой сухасцю, якая магла тлумачыцца толькі тым, што на чужыне ўвогуле немагчыма сабе ўявіць жалобу з такой нагоды. Але Георг з тае пары – падобна як у дачыненні да шмат якіх іншых рэчаў – таксама ўзяўся з большым імпэтам за сваю справу. Магчыма, што, калі жыла маці, бацька перашкаджаў яму развіваць па-сапраўднаму сваю ініцыятыву, прызнаючы ў прадпрымальніцтве толькі свой пункт погляду; а, магчыма, бацька пасля матчынай смерці, хоць і працаваў па-ранейшаму ў фірме, зрабіўся больш памяркоўны: магчыма – гэта нават было болей праўдападобна, – нашмат істотнейшую ролю адыгралі шчаслівыя выпадковасці; але, ва ўсялякім разе, прадпрыемства зусім нечакана за гэтыя два гады моцна развілося; яны мусілі падвоіць персанал; абарот павялічыўся ў пяць разоў і, несумненна, у будучыні чакаўся далейшы поступ.