Выбрать главу

Але сябар не меў ніякага ўяўлення пра гэтую перамену. Даўней, апошні раз, здаецца, у тым самым спачувальным лісце, ён хацеў намовіць Георга пераехаць у Расію і распісваў тыя перспектывы, што існавалі менавіта для Георгавай справы ў Пецярбурзе. Лічбы ягоныя былі мізэрныя, у параўнанні з тым узроўнем аб'ёмаў, якія за гэты час дасягнула Георгава прадпрыемства. У Георга, аднак, не было ніякай ахвоты пісаць сябру пра свае поспехі ў прадпрымальніцтве, а калі б ён зрабіў гэта цяпер, магло б узнікнуць дзіўнае ўражанне.

Гэтак Георг абмяжоўваўся толькі тым, што пісаў сябру пра другарадныя падзеі – так, як яны бязладна грувасцяцца адна на адну ў памяці, калі чалавек сабе задумаецца спакойнай нядзеляю. Ён жадаў адно таго, каб пакінуць нязменным і некранутым тое ўяўленне, якое склалася ў сябра за доўгі час пра родны горад і з якім той ужо зусім пагадзіўся. Так, здаралася, што Георг тры разы ў досыць адлеглых адзін ад аднаго ў часе лістах паведамляў пра заручыны ўсё роўна якога чалавека з адной, усё роўна якой, дзяўчынаю – аж і сапраўды сябар, насуперак Георгавым намерам, пачаў цікавіцца гэтай дзіўнай справаю.

Георг, аднак, куды болей ахвотна пісаў яму пра гэткія справы, чым захацеў бы прызнацца, што месяц таму сам заручыўся з нейкай паннаю Фрыдай Брандэнфэльд, дзяўчынай з заможнай сям'і. Ён часцяком размаўляў са сваёю нявестай пра таго сябра і пра тыя асаблівыя стасункі, якія ён з ім падтрымліваў праз перапіску. “Значыць, ён не прыедзе на нашае вяселле, – казала яна, – але ж я маю права пазнаёміцца з усімі тваімі сябрамі”. – “Я не хачу парушаць ягонага спакою, – адказваў Георг, – зразумей мяне добра: ён бы, відаць, прыехаў; прынамсі, я так думаю; але адчуваў бы сябе несвабодным і пакрыўджаным; мажліва, зайздросціў бы мне і, напэўна, быў незадаволены і няздольны знішчыць у сабе гэтае незадавальненне; і ён бы зноў, самотны, вяртаўся да сябе дамоў. Самотны – ці разумееш ты, што гэта такое?” – “Добра, але ці не можа ён нейкім іншым чынам даведацца пра наша з табой вяселле?” – “Гэтаму запабегчы я, вядома, не магу, але пры ягоным ладзе жыцця гэта малаверагодна”. – “Калі ў цябе гэткія сябры, Георг, дык табе ўвогуле не варта было жаніцца”. – “Згодзен, гэта наша супольная віна, але нават цяпер я не хацеў бы, каб было іначай”. А калі пасля, узбуджаная ягонымі пацалункамі, яна яшчэ здолела вымавіць: “Гэта, уласна, усё ж мяне зневажае”, – ён напраўду вырашыў, што няма ніякае рызыкі ў тым, каб пра ўсё напісаць сябру. “Гэткі я ёсць, і гэткім ён павінен мяне прымаць, – сказаў ён сам сабе, – я ж не магу выкраіць з сябе іншага чалавека, які быў бы, можа, больш прыдатны да гэтае дружбы, чым я”.

I сапраўды, у доўгім лісце, напісаным перад абедам у тую нядзелю, ён паведаміў свайму сябру пра заручыны, што адбыліся, у наступных словах: “Самую лепшую навіну я прытрымаў да канца. Я заручыўся з паннай Фрыдай Брандэнфэльд, дзяўчынай з заможнай сям'і, якая пасялілася тут ужо пасля твайго ад'езду і якую ты з гэтае прычыны не можаш ведаць. Яшчэ знойдзецца нагода напісаць табе пра маю нарачоную, а сёння табе будзе дастаткова ведаць, што я па-сапраўднаму шчаслівы і што ў нашых узаемаадносінах змянілася толькі тое, што замест звыклага для цябе сябра ты будзеш цяпер мець сябра шчаслівага. Апроч таго, у маёй нявесце, якая просіць перадаць табе сардэчныя вітанні і неўзабаве напіша табе сама, ты знойдзеш шчырую сяброўку – што таксама немалаважна для старога кавалера. Я ведаю, шмат якія рэчы не дазваляюць табе зрабіць нам візіт, але, мажліва, якраз маё вяселле было б добраю нагодай адзін раз адкінуць усе перашкоды ўбок? Як бы тое ні было, дзейнічай так, як палічыш патрэбным”.

З гэтым лістом у руцэ Георг доўга сядзеў, павярнуўшыся тварам да акна, за сваім пісьмовым сталом. Знаёмаму, што, праходзячы завулкам, якраз прывітаў яго праз акно, ён адказаў ледзьве заўважнай адсутнай усмешкаю.

Урэшце ён засунуў ліст у кішэню і праз калідорчык перайшоў са свайго пакоя ў бацькаў, куды ён не заходзіў вось ужо колькі месяцаў. Зрэшты, у гэтым і не было ніякай патрэбы, бо ён пастаянна кантактаваў з бацькам у фірме; яны абедалі адначасова ў рэстаране, вечары кожны праводзіў згодна са сваім жаданнем, але яны звычайна якую хвілю сядзелі разам у гасцёўні, кожны са сваёй газетаю, – хіба што Георг, як гэта здаралася найчасцей, бываў з сябрамі ці гасцяваў у сваёй нявесты.

Георг здзівіўся, якая цямрэча была ў бацькавым пакоі нават у той сонечны перадпаўдзённы час. Гэткі цень утвараўся ад высознага мура, які ўздымаўся па другі бок вузкага двара. Бацька сядзеў каля акна ў куце, што быў аздоблены рознымі памятнымі рэчамі па нябожчыцы-маці, і чытаў газету, трымаючы яе крыху збоку перад вачыма; праз гэта ён хацеў кампенсаваць нейкі дэфект зроку. На стале былі рэшткі снедання, з якога, здаецца, было з'едзена ўвогуле няшмат.