У гэтай хвілі на мосце быў якраз несупынны рух.
Нарэшце, каля дзесятай увечары, разам з нейкім даўней павярхоўна знаёмым мне чалавекам, які ні з таго ні з сяго гэтым разам зноў далучыўся да мяне і цэлыя дзве гадзіны цягаў мяне туды-сюды па вуліцах, я падышоў да дома тых гаспадароў, да якіх быў запрошаны на сяброўскую бяседу.
– Так! – сказаў я і пляснуў далонямі, паказваючы, што абавязкова мушу з ім развітацца. Перад тым я ўжо некалькі разоў рабіў дзеля тае самае мэты менш рашучыя спробы. Я ўжо быў зусім стомлены.
– Ці вы адразу пойдзеце наверх? – спытаўся ён. Пры гэтым я пачуў з ягонага рота гукі, падобныя да ляскату зубоў.
– Адразу ж пайду.
Я ж быў запрошаны і загадзя яму пра гэта сказаў. Мяне ж запрашалі ў кватэру, дзе б я ўжо з задавальненнем сабе сядзеў – а не выстойваць тут пад брамаю і паглядаць паўзверх вушэй свайго суразмоўцы. Да таго ж маўчаць, быццам бы мы вырашылі затрымацца ў гэтым месцы на доўгі час. I цяпер у гэтым маўчанні ўдзельнічалі дамы, што стаялі наўкола, ды цемра, што распасціралася над імі ажно да самых зорак. I крокі нябачных прахожых, што ішлі дарогамі, напрамкі якіх не было ахвоты адгадваць; вецер, што ўвесь час прыціскаўся да супрацьлеглага боку вуліцы; грамафон, які граў праз зачыненае акно нейкага пакоя – усё гэта таксама адгукалася з гэтага маўчання, нібыта яно раз і назаўсёды было іх уласнасцю.
I мой кампаньён, усміхнуўшыся мне, таксама ад майго і ад свайго імя пагадзіўся з усім гэтым і падняў угару, паралельна муру, сваю правую руку і, заплюшчыўшы вочы, абапёр аб яе свой твар.
Але я не даглядзеў тае ўсмешкі да канца, бо ад сораму раптоўна адвярнуўся. Толькі з той усмешкі я пазнаў, што гэта быў не хто іншы, а ўсяго махляр. А я ж ужо колькі месяцаў жыў у гэтым горадзе і думаў, што ведаю навылёт усіх махляроў: як яны ўначы выходзяць нам напярэймы з бакавых вуліц, працягваючы да нас рукі, нібы тыя шынкары; як яны крадком абыходзяць слуп з аб'явамі, каля якога мы запыніліся, і быццам бы гуляюць з намі ў хованкі і хоць бы адным вокам з-за акругленасці слупа сочаць за намі; як яны на вулічных скрыжаваннях, калі нам робіцца боязна, нечакана ўзнікаюць перад намі, балансуючы на ўскрайку тратуара! Я так выдатна іх разумеў: яны ж былі ў невялікіх шынках маімі першымі гарадскімі знаёмымі, і я ім быў удзячны за першае ўражанне ад тае непадатлівасці, без якой я не мог сабе ўявіць гэтага свету і якую памалу стаў ужо заўважаць у сабе самім. Як яны выходзілі нам насустрач, нават калі мы даўно ад іх паўцякалі, калі ім ужо зусім не было каго лавіць! Як яны, не сядаючы і не падаючы, толькі кідалі на нас позіркі, якія нават здалёк заўсёды пераконвалі! А іх прыёмы былі ўвесь час адны і тыя ж: яны паўставалі перад намі, як мага шырэй расставіўшы ногі і рукі, спрабавалі звесці нас з абранай дарогі, рыхтавалі нам узамен прытулак у сваіх грудзях; і калі ўрэшце ў нас унутры пачыналі віраваць усе пачуцці, яны ўспрымалі іх як абдоймы, у якія кідаліся наперад галавою.
I гэтыя даўно вядомыя фокусы я распазнаў, толькі так доўга пабыўшы побач з гэтым чалавекам. Я да крыві здзёр сабе пальцы, каб пазбыцца сваёй ганьбы.
Але мой суразмоўца па-ранейшаму стаяў, абапіраючыся на руку, ды ўсё яшчэ лічыў сябе махляром, і ягоная шчака, не затуленая рукою, зарумянілася ад задаволенасці сваім лёсам.
– Я цябе пазнаў! – сказаў я і ціхенька паляпаў яго па плячы. Потым борзда ўзбег наверх, і бязмежна адданыя гаспадарам служкі ў пярэднім пакоі цудоўнай неспадзяванкаю ўсцешылі мяне. Я разглядаў іх усіх па чарзе, калі яны здымалі з мяне паліто і змахвалі пыл з ботаў. Потым, свабодна ўздыхнуўшы і выпрастаўшыся, я зайшоў у салон.
Трэба бачыць, якую сілу пераконвання мае паветра пасля навальніцы! Перада мною з'яўляюцца ўсе мае заслугі і папросту кладуць мяне на лапаткі, хоць я, што праўда, і не надта гэтаму супраціўляюся.
Я сабе шыбую, і тэмп маёй хады – гэта адначасна тэмп гэтага боку вуліцы, усёй гэтай вуліцы, гэтай часткі горада. Я справядліва нясу адказнасць за кожны стук у дзверы, за ляпанні па сталах, за ўсе тосты, за закаханыя парачкі: у ложках, сярод каркасаў новых будоўляў, ля сцен дамоў, на лежаках у публічных дамах.
Я ацэньваю сваё мінулае і, параўноўваючы яго з будучыняй, раблю выснову, што і тое, і другое ў мяне выдатнае, што я не магу ні таму, ні другому аддаць перавагу і гáню Наканаванне, якое мне гэтак спрыяе.
I толькі калі я заходжу ў свой пакой, я крыху задумваюся, хоць, падымаючыся па сходах, я і не заўважыў нічога вартага роздуму. I не надта дапамагае мне тое, што я разнасцежваю акно і што з нейкага саду яшчэ даносіцца музыка.