Выбрать главу
Адхіленне заляцання

Калі я сустракаю прыгожую дзяўчыну і прашу яе: “Зрабі мне такую ласку – хадзі са мною”, а яна моўчкі праходзіць міма, дык гэтым яна дае мне зразумець:

“Ты не князь з вядомым імем і не плячысты амерыканец з індзейскаю постаццю са спакойным роўным паглядам, скураю, выгладжанай паветрам мурожных пляцовак і рэк, што іх амываюць; ты не выпраўляўся ў падарожжы да вялікіх мораў, якіх не ведаю, дзе трэба шукаць. А таму, прабач, але чаму я, прыгожая дзяўчына, павінна з Табою ісці?”

“Ты забываешся, што не едзеш у лімузіне, раз-пораз калываючыся на вулічных калдобінах; я не бачу ўціснутых у свае гарнітуры паноў з Тваёй світы, што ішлі б паўколам за Табою, шэпчучы словы захаплення; Твае грудзі добра падтрымліваюцца станікам, але Твае стройныя ногі і сцёгны шукаюць сабе адшкадавання за тую стрыманасць; на Табе тафтовая сукенка з плісіраванымі складкамі, паводле моды, якая радавала нас леташняй восенню, – і Ты ўсё-такі ўсміхаешся, маючы на сабе гэтыя небяспечныя для жыцця строі”.

“Напраўду, мы абое маем рацыю, і каб сабе гэтага цалкам не ўсвядоміць, няхай кожны з нас пойдзе сабе дадому паасобку”.

Мост

Я быў здранцвелы і халодны; быў мостам. Я вісеў над прорваю. З гэтага боку трымалі ўкручаныя пальцы ног, з другога трымалі рукі; я моцна ўгрызся ў крохкую гліну. Крысы майго сурдута развяваліся па баках. Глыбока ўнізе шумеў ледзяны ручай, поўны стронгаў. Ніводзін турыст не заблукаў на гэтую недаступную вышыню, мост не быў яшчэ пазначаны на карце. Вось гэтак я вісеў і чакаў, мусіў чакаць. Адзін раз пабудаваны мост, калі не абрынецца, не перастае быць мостам.

Аднойчы пад вечар – ці то быў першы, ці тысячны, не ведаю – мае думкі бязладна кружлялі. Летнім надвячоркам, калі шум ручая рабіўся ўсё змрачнейшы, я ўчуў мужчынскія крокі! Да мяне, да мяне. Выцягніся, мосце; будзь гатовая, бэлька без парэнчаў, утрымай таго, каго табе даверылі. Выпраў незаўважна няўпэўненасць яго хады; калі ж ён захістаецца, дай яму пазнаць сябе і, як горны бог, скінь яго на зямлю.

Ён прыйшоў, абстукаў мяне жалезным наканечнікам свайго кійка, потым узняў крысы майго сурдута і расправіў іх на мне. Канец кійка ён усунуў у мае кусцістыя валасы і надоўга пакінуў яго там, дзіка азіраючыся наўкола. Але пасля – мне якраз здавалася, што ён ужо за гарамі ды за лясамі – ён скочыў абедзвюма нагамі акурат на сярэдзіну майго цела. Я здрыгануўся ад нечаканага болю, нічога не разумеючы. Хто гэта быў? Дзіця? Сон? Разбойнік? Самазабойца? Спакуснік? Вынішчальнік? Я павярнуўся, каб яго ўбачыць. Мост перакульваецца! Не паспеўшы яшчэ павярнуцца, я ўжо абрынуўся і быў насаджаны на вострыя каменьчыкі, што так спакойна ўзіраліся ў мяне з шалёна-бурлівай вады.

Праўда пра Санча Пансу

Санча Панса, ніколі тым, зрэшты, не выхваляючыся, увечары і днём даваў д'яблу, якога ён пазней назваў Дон Кіхотам, мноства рыцарскіх і разбойніцкіх раманаў і, дзякуючы гэтаму, з цягам часу здолеў адвесці ад сябе ўвагу так, што потым той д'ябал нястрымна рабіў самыя вар'яцкія ўчынкі, але яны нікому не шкодзілі з-за адсутнасці аб'екта гэтага вар'яцтва, якім меўся быць менавіта Санча Панса. I вольны чалавек Санча Панса спакойна-абыякава, а можа, з пэўным пачуццём адказнасці, таварышаваў Дон Кіхоту ў ягоных вандроўках і да канца сваіх дзён меў праз тое сабе добрую і карысную забаву.

Маўчанне сірэн

Доказ таго, што малыя, дый нават дзіцячыя сродкі могуць дапамагаць уратаванню:

Каб засцерагчыся ад сірэн, Адысей напхаў сабе ў вушы воску і загадаў прыкуць сябе да мачты. Штось падобнае маглі б, вядома, здаўна рабіць усе вандроўнікі, апроч тых, якіх сірэны спакушалі ўжо здалёк, але ва ўсім свеце было вядома, што гэта ніяк не дапамагала. Спеў сірэн пранікаў ва ўсё, а палкасць спакушаных знішчыла б не толькі ланцугі ды мачты. Але Адысей пра гэта не думаў, хоць, мажліва, даўно пра гэта чуў. Ён цалкам даверыўся прыгаршчы воску ды гурбе ланцугоў і, наіўна цешачыся са сваіх хітрыкаў, плыў насустрач сірэнам.

Аднак у сірэн ёсць жахлівейшая за спеў зброя, а менавіта маўчанне. Хоць такога ніколі не было, але можна ўявіць, што некаму ўдалося б уратавацца ад іхняга спеву, але ад маўчання – ніколі. Нішто зямное не можа супраціўляцца пачуццю магутнейшай за ўсё іншае пыхі, якая ўзнікае ў таго, хто перамог сірэн сваімі сіламі.

I сапраўды, усеўладныя пявунні не спявалі, калі прыбыў Адысей, – ці з тае прычыны, што яны меркавалі справіцца з гэтым супернікам адно пры дапамозе свайго маўчання, ці таму, што яны забыліся на ўсякія спевы, убачыўшы бясконца шчаслівы твар Адысея, які думаў толькі пра ланцугі ды воск.